Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Баўгарыю і Румынію не пусьцілі ў Шэнген


Францыя і Нямеччына заблякавалі ўваходжаньне Баўгарыі і Румыніі ў Шэнгенскую зону. Плянавалася, што Сафія і Бухарэст далучацца да зоны бяспашпартнага рэжыму Эўразьвязу налета.

Міністры замежных спраў Францыі і Нямеччыны ў супольным лісьце да Эўракамісіі заявілі, што такі крок быў бы "заўчасным". Міністры патлумачылі свой зварот тым, што названыя новыя чальцы Эўразьвязу не дасягнулі дастатковага прагрэсу ў справе змаганьня з карупцыяй і арганізаванай злачыннасьцю.

Прэзыдэнт Румыніі Траян Басэску сказаў, што Румынія выканала ўсе неабходныя тэхнічныя крытэры, а Парыж і Бэрлін праяўляюць у дачыненьні да яго краіны прадузятасьць.

МЗС Баўгарыі паабяцала зрабіць усё магчымае для таго, каб зьліквідаваць сумневы адносна мэтазгоднасьці далучэньня Сафіі да Шэнгену.

Румынія і Баўгарыя далучыліся да ЭЗ ў 2007 годзе. У Шэнгенскую зону ўваходзяць 22 з 27 чальцоў Эўразьвязу, а таксама Ісьляндыя, Швайцарыя і Нарвэгія.
XS
SM
MD
LG