Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка: «Спадар Някляеў — у сьледчым ізалятары»


На наступны дзень пасьля выбараў Лукашэнка па традыцыі правёў першую прэсавую канфэрэнцыю. Дзьве з паловай гадзіны ён адказваў на пытаньні. Натуральна, гаворка вялася ня столькі пра выбары і будучыню краіны, колькі пра крывавыя падзеі на плошчы Незалежнасьці.

Гэта мерапрыемства больш нагадвала ня прэсавую канфэрэнцыю, а чарговы выступ перад вялікай аўдыторыяй. Прычым, каб запоўніць вялікую канцэртную залю Палаца рэспублікі, людзей звозілі аўтобусамі з усёй Менскай вобласьці і сталіцы. Каб трапіць у будынак, давялося адстаяць вялікую чаргу, прайсьці праз мэталашукальнік. Асобна рэгістравалі Менскую вобласьць, студэнтаў — БДУ, пэдагагічнага, аграрнага ўнівэрсытэтаў. Студэнтаў пад пагрозамі непрыемнасьцяў у вучобе заганялі на першыя шэрагі, каб стварыць масавасьць.

Ну, а некаторыя адказы нагадвалі доўгі маналёг. Разоў пяць Лукашэнка вяртаўся да аднаго са сваіх учорашніх супэрнікаў Уладзімера Някляева:

«Адзін з альтэрнатыўшчыкаў ужо прайшоўся па казематах турмы, і я яго выцягнуў у 2002 альбо 2001 годзе з гэтай турмы. Мала таго, што незаконна зарэгістравалі — недзе гібеў 5 гадоў па замежжах, але мы зарэгістравалі і яго. І вось вынік: да 70 гадоў дажыў і раптам захацеў стаць палітыкам…»

Што да зьбіцьця Някляева, Аляксандар Лукашэнка распавядаў пра гэта надзвычай эмацыйна, выкарыстоўваючы недыпляматычную лексыку: «не мужык», «далі пад вока», «адстойнік», «думаў, памёр — аказалася, жывы»:

«Міліцыя зьбіла Някляева, ай-яй-яй, ай-яй-яй! Я знаходжу міністра аховы здароўя Жарко ўначы, кажу: «Васіль Іванавіч, я цябе пераканаўча прашу, пракантралюй, акажыце дапамогу. Ты ж разумееш, што смуроду столькі, што далей няма куды». Ён мне кажа: «Ды супакойцеся Вы, там драпіна на патыліцы і сіняк пад вокам… Някляеў ірвецца на плошчу, бо там безь яго ўжо дзеляць уладу. Падзеі на плошчы скончыліся. Сабралі кансыліюм, яго накіроўваюць на амбуляторнае лячэньне. Тэлефануе мне міністар і кажа: «Ды мы яго са шпіталя вытурыць ня можам. Пад дзьвюма коўдрамі схаваўся. Знайшоў там адстойнічак, дзе вырашыў ціхенька адляжацца».

Ну, а калі карэспандэнт Эўрарадыё Зьміцер Лукашук, які прысутнічаў на месцы падзей, наўпрост спрабаваў пярэчыць, Лукашэнка пачаў па-беларуску, а потым перайшоў на трасянку. Публіка хіхікала і радасна пляскала ў далоні:
Хочаце пагаварыць зь ім? Міласьці просім. Калі ласка — у сьледчы ізалятар.


Лукашук: «Я сачыў за падзеямі»

Лукашэнка: «За якімі вы сачылі падзеямі? Чаму вы не прыйшлі ў Цэнтравыбаркам і тут не сачылі за падзеямі?» (рогат у залі)

Лукашук: «Скажаце, калі ласка, міністар вам даклаў, дзе на сёньняшні дзень знаходзіцца Някляеў?»

Лукашэнка: «Канечне, а як жа. Хочаце пагаварыць зь ім? Міласьці просім. Калі ласка — у сьледчы ізалятар. (бурныя аплядысмэнты) Вы думаеце, мы яго скралі і кудысьці зьвезьлі? Не!»

Ня менш зьняважліва казаў новаабраны прэзыдэнт і пра іншых экс-кандыдатаў — Саньнікава і ягоную, як выказаўся Лукашэнка, «мамку», Рымашэўскага, Кастусёва. І паабяцаў апублікаваць у «Советской Белоруссии» сэнсацыйныя дакумэнты спачатку на прыкладзе Бябеніна, а потым і пра былых кандыдатаў і іх нязьдзейсьненыя пляны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG