Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Назіральнікі СНД кіраваліся беларускімі стандартамі


Місія назіральнікаў ад СНД не знайшла фактаў, якія б ставілі пад сумнеў легітымнасьць прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі. Такое заключэньне зрабіў сёньня кіраўнік місіі, выканаўчы сакратар СНД Сяргей Лебедзеў.

За выбарчай кампаніяй назіралі 336 прадстаўнікоў усіх дзяржаў Садружнасьці, за выключэньнем Малдовы і Беларусі. Яны зыходзілі ў сваіх ацэнках выключна зь беларускага выбарчага заканадаўства — падкрэсьліў Сяргей Лебедзеў:

"Падчас назіраньня мы кіраваліся, вядома ж, выбарчым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь. А таксама нарматыўнымі дакумэнтамі Цэнтральнай камісіі. Гэта непахіснае правіла нашага назіраньня. Мы зыходзім з заканадаўства краіны, у якой мы ажыцьцяўляем назіраньне".

Назіральнікі заўважылі толькі асобныя хібы, якія, на іх думку, не маглі паўплываць на вынікі галасаваньня. Так, спадар Лебедзеў заявіў:

"Мы адзначаем, што ў параўнаньні зь мінулымі выбарчымі кампаніямі было больш уключана прадстаўнікоў апазыцыйных партыяў. Але іх мала. І мы гэта канстатуем".

Аднак далей са спасылкай на неназваных старшыняў выбарчых камісіяў місія СНД адзначае, што апазыцыя сама адмаўлялася накіроўваць сваіх людзей у камісіі. Прадстаўніца партыі БНФ Галіна Сямдзянава называе такія сьцьверджаньні падтасоўкай фактаў і абвяргае іх на прыкладзе Менску:

"Было пададзена 78 скаргаў, што нашых сябраў не ўключылі ў камісіі. А гэта 413 чалавек, бо не ўключалі, што называецца, пачкамі. Што тычыцца тэрытарыяльных камісіяў, дык тут улады зрабілі хітра. Некалькі год таму зьмянілі заканадаўства аб палітычных партыях. І партыі ня маюць права рэгістравацца ў жылых кватэрах, а толькі на офісах. І такім чынам пазбавілі рэгістрацыі шмат якія структуры. А вылучаць ад партыі могуць толькі зарэгістраваныя структуры. Таму і атрымалася, што, на іх погляд, мала людзей было вылучана.

Але ж мы значную частку нашых актывістаў вылучылі і праз збор подпісаў выбарцаў. Аднак улады ведалі, што яны партыйцы, і не ўключылі ў склад камісіяў. Таму гэта падтасоўка фактаў, гэта ня ёсьць праўда".

Сяргей Лебедзеў заявіў, што ў афіцыйным заключэньні місія ня будзе выказваць сваё стаўленьне да падзеяў, якія адбыліся пасьля таго, як скончылася галасаваньне на ўчастках: "Мы выказалі сваё нэгатыўнае стаўленьне да такіх формаў пратэсту ў вуснай форме, але ня будзем уносіць гэта ў выніковую справаздачу місіі" — сказаў яе кіраўнік.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG