Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Берасьцейшчына: парушэньні і затрыманьні


Мікола Статкевіч
Мікола Статкевіч
Зь Берасьця многія актывісты і жадаючыя патрапіць на Плошчу ў Менску прыехалі ў сталіцу загадзя. Ведаючы, што непасрэдна перад плянаванай акцыяй пратэсту 19 сьнежня, для выезду з рэгіёнаў у Менск могуць зьявіцца перашкоды, шэраг актывістаў – збольшага зь Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі – выехалі ў сталіцу яшчэ ў сярэдзіне тыдня, спыніўшыся там у знаёмых.

Тых, хто выяжджаюць у Менск сёньня – затрымліваюць у горадзе і ў электрычках.

Ад вайскоўца ваеннай часткі берасьцейскай вобласьці паступіла інфармацыя, што да Менску сьцягваюцца ўсе вайсковыя падразьдзяленьні. У частках пакідаюцца толькі дзяжурныя.


A 13-й гадзіне на выхадзе з пад'езду свайго дома па бульвары Касманаўтаў быў затрыманы Віктар Чайкоўскі, давераная асоба кандыдата ў прэзыдэнты Мікалая Статкевіча.

Цяпер ён дастаўлены ў Ленінскі РАУС Брэста. Прычыны затрыманьня яму не паведамляюць.

Тым часам зь цягніку Берасьце-Менск высадзілі сябра БСДПГ Валянціна Лазарэнкава. Актывіст быў зьняты на станцыі Бяроза-горад і дастаўлены ў Бярозаўскі РАУС. Разам з Валянцінам Лазарэнкавым зь цягніка высадзілі Аляксея Коўтуна. Міліцыянты не пасьпелі высадзіць сябраў партыі ў Берасьці, да Бярозы яны ехалі ў асобным купэ. Пакуль міліцыянты абвінавачваньняў затрыманым не выставілі.

Юры Бахцераў, жыхар Пінску адзначае, што каманды, якія робяць экзыт-полы на выбарчых участках, апытваюць выбарча толькі пажылых людзей, якія патэнцыйна зьяўляюцца прыхільнікамі Аляксандра Лукашэнкі. Спадар Юры адзначае, што на пытаньне, чаму толькі пенсіянеры ўдзельнічаюць ў апытаньні, пачуў ад іх адказ, што зьвяртаюцца выбарачна да кожнага дзесятага. Як заўважыў Юры Бахцераў, выбарка тычыцца толькі пажылых людзей.

Баранавічы: лічбы назіральнікаў розьняцца ад афіцыйных
Праваабаронцы з Баранавічаў накіроўваюць скаргу ў ЦВК. Паводле праваабаронцы Сяргея Гоўшы, падставай для напісаньня скаргі стала істотная розьніца ў лічбах назіральнікаў і афіцыйных дадзеных. На выбарчым ўчастку № 28 паводле праваабаронцаў прагаласавала датэрмінова 522 чалавекі, паводле камісіі на ўчастак прыйшлі 928 чалавек. Прычым асноўнае разыходжаньне выяўляецца ў апошні дзень датэрміновага галасаваньня. Паводле Сяргея Гоўшы на ўчасткі прыйшло 186 выбаршчыкаў, камісія ж паведамляе, што на ўчастак прыйшло 569 чалавек.

На ўчастку зьнялі партрэт Лукашэнкі
Сябра каманды Яраслава Раманчука на выбарчым участку ў гімназіі №5 Берасьця зьняў партрэт Лукашэнкі. Паводле рашэньня берасьцейскага гарвыканкаму на выбарчых ўчастках могуць разьмяшчацца інфармацыйныя матэрыялы кандыдатаў. Старшыня камісіі ў гімназіі адмовілася разьмясьціць інфармацыю пра Яраслава Раманчука. Тады сябры каманды запатрабавалі зьняць партрэт дзйнага кіраўніка краіны, што і было зроблена.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG