Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Някляеў і Саньнікаў: Гвалт 19-га сьнежня можа быць толькі з боку ўлады


Андрэй Саньнікаў і Ўладзімер Някляеў
Андрэй Саньнікаў і Ўладзімер Някляеў
За дзень да асноўнага дня галасаваньня на выбарах прэзыдэнта Беларусі два апазыцыйныя кандыдаты Ўладзімер Някляеў і Андрэй Саньнікаў разам заявілі, што вольных выбараў у краіне няма і заклікалі суграмадзян 19 сьнежня ісьці на Кастрычніцкую плошчу Менска пратэставаць.



Прэс-канферэнцыя Някляева і Саньнікава
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:41 0:00
Наўпроставы лінк


Кандыдаты Андрэй Саньнікаў і Ўладзімер Някляеў супольнай прэсавай канфэрэнцыяй прадэманстравалі, што яны зьяўляюцца не супернікамі, а саюзьнікамі ў агульнай барацьбе. Спадар Някляеў заявіў, што лічыць цяперашнюю кампанію не выбарамі, а менавіта барацьбой з дыктарскім рэжымам.

"Усё, што было да гэтага часу, што ўлада спрабавала падаць як дэмакратызацыю выбарчага працэсу не мае ніякіх адносін да заўтрашняга дня, нацэленага на тое, каб пакінуць ва ўладзе шляхам фальсыфікацый і махінацый, маны і круцельства таго чалавека, які з 20 ліпеня 1999 года зьяўляецца нелегітымным і не мае права займаць пасаду прэзыдэнта".

Спадар Някляеў катэгарычна заявіў, што выбары ў Беларусі не зьяўляюцца свабоднымі і не могуць быць прызнанымі хаця б толькі таму, што апазыцыйныя кандыдаты ў апошні пэрыяд кампаніі адлучаныя ад СМІ, што яны не маюць сваіх прадстаўнікоў у выбарчых камісіях, што ўлада ідзе на прымусовае датэрміновае галасаваньне. Адзіным мэханізмам супрацьстаяньня гэтаму Някляеў назваў выхад на Плошчу 19 сьнежня:
Заўтра будзе народны сход ...

"Заўтра будзе народны сход, і не трэба ўладзе палохаць народ быццам апазыцыя рыхтуецца да нейкіх правакацыяў. Не. Патрабаваньне не прызнаваць гэтыя выбары, лічыць іх фальсыфікацыямі, гэта першае патрабаваньне, якое мы заўтра зьбіраемся вылучыць, а другое – новыя выбары без Лукашэнкі, – гэта цалкам мірныя патрабаваньні, гарантаваныя нам Канстытуцыяй і яны не патрабуюць ніякіх сілавых дзеяньняў у адказ".

Андрэй Саньнікаў заявіў, што ён не чакае, што ўдасца спыніць мэханізм фальсыфікацыяў і таксама заклікаў суграмадзян да мірнага пратэсту, адкінуўшы абвінавачваньні ўладаў у падрыхтоўцы нейкіх сілавых акцыяў. Адказваючы на пытаньне журналісткі дзяржаўнага тэлеканала Саньнікаў заявіў:

"У апазыцыі адзіны прынцып – негвалтоўны супраціў. Мы гэтым моцныя і ніколі не адмаўляліся і не адмовімся ад гэтага прынцыпу. А беларускія ўлады, вашыя працадаўцы, стала прымяняюць гвалт у адносін да мірных дэманстрацый, дэмакратычных сіл. Гэты рэжым забіў лідэраў апазыцыі Ганчара, Захаранку, Карпенку, таму аб гвалце можна гаварыць толькі з боку дыктатуры Лукашэнкі".

Два кандыдаты заявілі, што яны маюць супольны плян дзеяньняў на Плошчы зь іншымі апазыцыйнымі удзельнікамі выбараў, але не выкрылі гэтага пляну. Андрэй Саньнікаў:
Народ будзе вырашаць на Плошчы...

"Мы зьбіраемся на Плошчы і будзем перш за ўсё чакаць вынікаў назіраньня, паведамленьняў з участкаў, вынікаў галасаваньня і будзем вырашаць, што рабіць далей, на Плошчы. Народ будзе вырашаць на Плошчы".

Уладзімер Някляеў гэтак адказаў на пытаньне, колькі будзе доўжыцца акцыя на Кастрычніцкай плошчы:

"Акцыя па зьвяржэньні дыктатуры – рэч такая: да таго часу пакуль ня будзе выгнаны, зьмецены дыктатарскі рэжым".

Паводле словаў Някляева, зараз да Менску падцягваюцца ўзброеныя падразьдзяленьні, бронетэхніка, і калі гэтай тэхнікай улады ачэпяць плошчу, то дэманстранты ня пойдуць на бронетэхніку, але будуць лічыць гэта сілавым процідзеяньнем волі народу, які хоча пратэставаць.

Уладзімер Някляеў заявіў, што ён зьвяртаўся ў МУС з прапановай забясьпечыць бясьпеку мітынгу пратэсту:

"Ніхто не захацеў пачуць. Больш таго, ведаючы наперад, што туды прыйдуць людзі, паслалі людзям пад ногі лёд. Гэта клопат пра бясьпеку?"

Уладзімер Някляеў і Андрэй Саньнікаў заявілі, што чакаюць ад міжнароднай супольнасьці сумленнай ацэнкі беларускіх выбараў, непрызнаньня іх ні зь якімі агаворкамі і дапамогі беларускаму народу ў імкненьні пазбавіцца ад дыктатуры.






Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG