Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пакуль кандыдаты езьдзяць, выбарцы галасуюць


Яраслаў Раманчук сустракаецца з выбарцамі ў Пінску, у Рыгора Кастусёва працягваюцца сустрэчы ў Магілёўскай вобласьці, а Андрэй Саньнікаў, Уладзімер Някляеў і Віталь Рымашэўскі ўбачацца з выбарцамі на менскай плошчы Свабоды, дзе будзе адзначацца Дзень беларускай салідарнасьці.

Шмат хто з кандыдатаў у прэзыдэнты працягвае калясіць па Беларусі, ладзіць нават па некалькі сустрэчаў з выбарцамі на дзень. Віктар Цярэшчанка сёньня знаходзіцца ў Гомелі, адкуль паедзе ў Берасьце з прыпынкам у Мазыры. Яраслаў Раманчук — у Пінску, там кандыдата чакаюць выбарцы ў гарадзкім палацы культуры. Да згаданай сустрэчы спадар Раманчук заплянаваў аддаць даніну памяці ахвярам нядаўняй трагедыі на аб'яднаньні "Пінскдрэў", паведаміў кіраўнік штабу кандыдата Леў Марголін.

"Плянавалася наведаць могілкі і ўскласьці кветкі да мэмарыяльнай дошкі на заводзе. Але ці адбудзецца гэта, стане вядома пазьней".

Перадвыбарчымі сустрэчамі таксама занятыя Зьміцер Вус і Алесь Міхалевіч. Лідэр ініцыятывы "За мадэрнізацыю" сёньня ўжо сустракаўся з актывістамі дзяржаўных прафсаюзаў, сярод якіх быў і старшыня Фэдэрацыі прафсаюзаў Леанід Козік.

"Я гаварыў пра кантрактную сыстэму, што яе трэба адмяніць. Яны таксама заверылі, што яны былі за адмену кантрактнай сыстэмы і раней, і што галоўны іх вораг — гэта ўрад, і што ўрад даўно трэба разагнаць".

Увечары Міхалевіч ужо будзе ў Полацку і Наваполацку. А кандыдат на прэзыдэнта ад БНФ Рыгор Кастусёў сёньня езьдзіць па поўдні Магілёўскай вобласьці: Клічаў, Кіраўск, Бабруйск. Па тэлефоне Рыгор Кастусёў распавёў "Свабодзе" пра тое, як ідзе ў Магілёве датэрміновае галасаваньне.

"Літаральна 20-30 хвілін таму мне пазваніў актывіст нашай партыі, які працуе выкладчыкам электра-тэхнічнага каледжу ў Магілёве. Распавёў, як з каледжу ганялі навучэнцаў на датэрміновае галасаваньне. І нават супрацоўнікі каледжу адсочвалі, як галасавалі навучэнцы".

Паводле Цэнтравыбаркаму, за два дні датэрміновага галасаваньня прагаласавала 7,2 % выбарцаў — гэта амаль на 1% болей за аналягічны пэрыяд мінулых выбараў. 15 сьнежня Аляксандар Лукашэнка сказаў, што "няма неабходнасьці падштурхоўваць людзей да датэрміновага галасаваньня". Ці спрацавалі словы кіраўніка краіны, якія чыноўнікамі, у тым ліку ў сыстэме адукацыі, успрымаюцца як загад?

Званю сябру выбарчай камісіі ў Першамайскім раёне Менску — выбарчы участак знаходзіцца ў Беларускім дзяржаўным аграрным тэхнічным унівэрсытэце. За два дні там датэрмінова прагаласавала болей за 700 выбарцаў — гэта траціна ад усёй колькасьці выбарцаў, прыпісаных да ўчастка. Як ідуць справы на трэці дзень галасаваньня?

"Ведаеце, тэмпы ў нас упалі, бо заўвагу зрабіла выбарчая раённая камісія. І таму мы стараемся не адпускаць з заняткаў і гэтак далей. Бо наконт гэтага ўзьняўся такі шум!"

Сакратара Цэнтравыбаркаму Мікалая Лазавіка я спытаў, ці паўплывала на тэмпы датэрміновага галасаваньня заява Аляксандра Лукашэнкі?

"Не магу вам сказаць. Калі атрымаем інфармацыю за сёньняшні дзень, тады ўбачым. Але ня думаю, што рэзка паўплывае. Не таму, што там нейкі прымус".

Кандыдаты на прэзыдэнта Ўладзімер Някляеў, Андрэй Саньнікаў і Віталь Рымашэўскі сумесна праводзяць 16 сьнежня сустрэчу з выбарцамі на пляцы Волі. Сустрэча прымеркаваная да Дня беларускай салідарнасьці, які актывісты дэмакратычнага руху ўжо не першы год праводзяць штомесяц.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG