Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэйтынг Лукашэнкі ў Расеі абваліўся напалову


Аляксандар Лукашэнка
Аляксандар Лукашэнка
Якую пазыцыю адносна прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі зойме Расея? Афіцыйная беларуская прапаганда сьцьвярджае, што нядаўнія перамовы ў Маскве Дзьмітрыя Мядзьведзева і Аляксандра Лукашэнкі згладзілі ўсе ранейшыя супярэчнасьці, таму падтрымка Крамля дзейнаму кіраўніку Беларусі забясьпечаная. Ці насамрэч расейская палітычная эліта гатовая чарговы раз падтрымаць Лукашэнку, які прэтэндуе на пажыцьцёвае прэзыдэнцтва?

Расейская газэта "Известия" аналізуе вынікі апытаньня, праведзенага Ўсерасейскім цэнтрам вывучэньня грамадзкай думкі. Сьцьвярджаецца, што 37% расейцаў лічаць самым надзейным партнэрам Расеі ў СНД Казахстан. Гэта на 14% больш, чым паказьнік даверу да найбліжэйшага некалі саюзьніка — Беларусі. Выданьне адзначае: за апошні год падзеньне рэйтынгу даверу да Беларусі склала 20%, што можна патлумачыць відавочным пахаладаньнем адносінаў паміж Крамлём і афіцыйным Менскам. Рэзка ўпаў рэйтынг даверу грамадзянаў Расеі і да Аляксандра Лукашэнкі — з 33% да 16%. Цяпер Лукашэнка саступае ня толькі прэзыдэнту Казахстану Нурсултану Назарбаеву (32%), але і свайму ўкраінскаму калегу Віктару Януковічу (17%).

Аднак публіцыст Аляксандар Мінкін кажа, што, нягледзячы на гэтыя лічбы, Крэмль наўрад ці будзе патураць палітычным зьменам у Беларусі. Паводле ягоных слоў, расейскае кіраўніцтва занадта заклапочанае ўнутранымі праблемамі, каб займацца яшчэ і справамі суседняй дзяржавы. Што да інфармацыйных войнаў ды асабістага канфлікту Мядзьведзева і Лукашэнкі, то спадар Мінкін называе гэта "пустым гукам", бо ўсё развальваецца ад неабходнасьці ўлічваць камэрцыйныя інтарэсы:

Аляксандар Мінкін
"Ня ведаю, што там у вас будзе ў выніку, але, як мне падаецца, у беларусаў настолькі ўсё спакойна, што, гледзячы на тое, што творыцца ў нас, варта ўсё пакінуць па-ранейшаму. Дый беларускі бок сам гэтаму спрыяе. Я ня ведаю, наколькі вялікія шанцы ў апазыцыі, паколькі яе вельмі шмат і яна ў выніку падзеліць свае галасы на ўсіх. А Лукашэнка ў выніку застанецца на кані. У вас жа няма адзінага апазыцыйнага кандыдата? Вось і ўсё, бо гэта проста шчасьце для Лукашэнкі, што ў вас так шмат кандыдатаў-апазыцыянэраў. А чым больш апазыцыянэраў, тым атрымліваецца лепш для Лукашэнкі. Так, Цэнтравыбаркам іх зарэгістраваў, але ж яны маглі нейкім чынам аб'яднацца. Трэба ж паводзіць сябе ў такі момант адказна!".

Карэспандэнт: "Апазыцыя разьлічвала, што на тле вострых міждзяржаўных супярэчнасьцяў будзе падтрымка з боку Крамля менавіта апанэнтам улады?"

"Ведаеце, нікога не цікавіць, як пасварыўся Дзьмітрый Анатолевіч з Аляксандрам Рыгоравічам. Проста ўсім да аднаго месца. Для ўладаў заўсёды важныя толькі грошы, толькі карысьлівыя інтарэсы: мытня, бартэр, мяжа. А ўсё астатняе — лухта".

Прэзыдэнт акцыянэрнага таварыства "Известия" Ўладзімер Мамантаў пры гэтым не выключае рэанімацыі саюзных пэрспэктываў, але ня думае, што пра гэта можна размаўляць зь цяперашнімі беларускімі ўладамі:
Эўропа аб'ядноўваецца, дык чаму не аб'ядноўвацца постсавецкай прасторы? ...

"Гэтая гісторыя мае права на перагляд, таму што ў гэтым ёсьць гістарычная сапраўднасьць, у гэтым ёсьць праўда моманту, урэшце рэшт. Эўропа аб'ядноўваецца, дык чаму не аб'ядноўвацца постсавецкай прасторы? Дарэчы, Эўропе складаней было аб'ядноўвацца з такім грузам наступстваў войнаў, варожасьці: Стогадовая вайна, Трыццацігадовая вайна, Першая ўсясьветная вайна, Другая ўсясьветная, і сюды канфігурацыя сілаў была розная. Аднак Эўразьвяз створаны. А нам чаго ваяваць? Мы, праўда, лаяліся шмат, шмат памылак нарабілі. Але тым ня меней, як той казаў, крот гісторыі рые".

Праваабаронца Сяргей Кавалёў таксама ня мае вялікага аптымізму што да магчымасьці хуткай зьмены беларускага рэжыму. Паводле ягоных слоў, Лукашэнка хоць і балюча агрызаецца, але адразу сьцішваецца, як толькі справа даходзіць да вытаргоўваньня цэнаў на энэргарэсурсы. Іншымі словамі, трымаць Лукашэнку на кароткім павадку ня так і складана, а любая новая асоба ва ўладзе — рызыка:

Сяргей Кавалёў
"Крамлю патрэбныя партнэры, так бы мовіць, не сапраўдныя, а партнэры, якія падзяляюць пазыцыю Крамля. Расейскім кіраўнікам трэба, каб і надалей вяршэнствавала мадэль "старэйшага брата". Вось сутнасьць Расеі. Астатнія, унутраныя СНД-шныя лідэры пры поўнай пакорлівасьці ў самых важных стратэгічных пытаньнях атрымліваюць індульгенцыю гуляць у сябе ў рэгіёнах, якімі яны кіруюць, у нейкім сэнсе як заўгодна. Таму ўся гэтая валтузьня — з шэрагу непрадказальных, з тых хадоў, якія не аналізуюцца прыстойнымі людзьмі. Пра такое закулісьсе добра мог бы расказаць нехта знутры палітычнай кухні, але ж яны папросту ня будуць з вамі размаўляць".

Як расцэньвае палітычныя шанцы Аляксандра Лукашэнкі на прэзыдэнцкіх выбарах дэпутат Дзяржаўнай думы Аляксей Астроўскі — ініцыятар нашумелай заявы пра недапушчальнасьць антырасейскай рыторыкі з боку беларускага кіраўніцтва?
Беларускія спэцслужбы працуюць надзвычай добра: яны мэтанакіравана дробяць апазыцыю ...

"Ведаеце, я іх расцэньваю досыць высока, паколькі мне незразумела, каго ўвогуле можа фінансаваць Масква, гаворачы вуснамі Лукашэнкі. "Дэмакратыя" разьвітая ў краіне настолькі добра, што апазыцыі, той, якая магла б скласьці сапраўдную канкурэнцыю дзейнаму кіраўніку дзяржавы, у Беларусі фактычна няма. Беларускія спэцслужбы працуюць надзвычай добра, трэба аддаць ім належнае: яны мэтанакіравана дробяць апазыцыю, не даючы ўжо ня першы выбарны цыкль вылучыць адзінага кандыдата".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG