Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мэдыкі — пра Плошчу


Цяперашнія заклікі апазыцыйных кандыдатаў да насельніцтва выходзіць на Плошчу ў дзень галасаваньня 19 сьнежня выклікалі нямала абурэньня з боку апанэнтаў. Сярод аргумэнтаў супраць Плошчы гучаць і довады, зьвязаныя зь небясьпекай для здароўя: згадваюць траўматызм, халоднае зімовае надвор’е, верагоднасьць пераахалоджваньня, магчымасьць падхапіць вострую рэсьпіраторную вірусную інфэкцыю.

У сувязі з гэтым "Свабода" зьвярнулася па камэнтар да тых беларускіх лекараў-клініцыстаў, якія карыстаюцца высокім даверам і аўтарытэтам сярод калегаў і пацыентаў.

Паводле прафэсійных абавязкаў, усе нашыя суразмоўцы штодня кантактуюць зь вялікай колькасьцю людзей як у Менску, так і па-за яго межамі, а таму ім добра знаёмыя адпаведныя настроі і ў прафэсійным асяродзьдзі, і ў грамадзтве.
Людзі ня пойдуць, яны стаміліся і ня хочуць сябе непрыемнасьцяў.

Інтэрвію нашаму радыё мэдыкі, аднак, пагадзіліся даць на ананімных умовах, аргумэнтуючы гэта кантрактнай сыстэмай і наступствамі з боку адміністрацыі, якія іх могуць чакаць у выпадку крытычнасьці выказваньняў.

50-гадовы клініцыст-кардыёляг Юры за 25 гадоў сваёй працоўнай дзейнасьці прызвычаіўся слухаць сваіх пацыентаў, прычым ня толькі праз стэтаскоп. Ён мяркуе, што апошнім часам градус незадаволенасьці насельніцтва сытуацыяй у краіне стаў ніжэйшым. Сёньня людзі, якіх яму даводзіцца назіраць, збольшага стомленыя палітыкай або палітычна абыякавыя. Яны ня надта настроеныя ўвогуле хадзіць на выбары, ня кажучы ўжо пра акцыі. Сам Юры зьдзіўлены тым, што апазыцыя загадзя запрашае людзей на Плошчу, менавіта ў той час, калі на ёй традыцыйна заліты галоўны адкрыты каток гораду. Усё гэта, мяркуе Юры, можа мець наступствамі траўмы. Аднак справа ня толькі ў лёдзе і ў зіме.

Юры: “Ня пойдуць ужо ў выніку іншых прычын. Многія расчараваныя апазыцыяй. Многія маюць кантрактную працу, а таму ня хочуць сабе непрыемнасьцяў. Сярод тых, каго я ведаю, ніхто ня пойдзе”.

Хірург Аляксандар, равесьнік Юрыя, мяркуе, што тыя, каму ёсьць, што сказаць, мусяць зрабіць гэта ў дзень выбараў, але на ўчастках: аддаўшы свой голас за таго ці іншага кандыдата. Яго ж пазыцыя як доктара — наступная.
Усе гуляюць уздоўж вуліц, у парках, катаюцца на лыжах, на каньках — і што? Яны замярзаюць?.


Аляксандар: “Як доктар я скажу, што падобныя акцыі ня надта простая сытуацыя для пажылых людзей. Бо ўсё гэта зьвязана зь нейкай агрэсіяй, стрэсам. Калі ж людзі маладыя, з модай на аголеныя часткі цела, то таксама гэта нездарова. Няма, з майго гледзішча, аніводнага пацьверджаньня і абгрунтаваньня гэтаму выйсьцю на Плошчу. Калі ў цябе ёсьць, што сказаць, — ідзі ў той дзень на выбары, кідай свой бюлетэнь, і гэта будзе твая Плошча”.

Пульманоляг Сяргей, які таксама мае немалы прафэсійны досьвед, перакананы, што знаёмыя ўсім довады, датычныя небясьпекі для здароўя: маразы, грып, траўматызм, адсутнасьць біятуалетаў і гэтак далей — гэта прапагандысцкі трук на карысьць дзейнага прэзыдэнта.

Сяргей: “А пры чым тут нейкае мэдычнае абгрунтаваньне? Людзі катаюцца на лыжах, на каньках? І што, яны замярзаюць? А калі проста гуляюць уздоўж вуліц ці ў парках, што яны нічога не адмарожваюць? Біятуалеты? Тут нічога ня ведаю, аднак побач ёсьць кавярні, месцы забаваў? Цэлыя парады, мерапрыемствы арганізуюць, калі зьбіраецца натоўп. Тады таксама праблема з гэтым павінна ўзьнікаць. Калі розныя афіцыйныя цырымоніі, усялякае 65-годзе і г.д. Хіба тады падобных праблем не бывае?”

Дзіцячы хірург Віктар, які стажыраваўся ў ЗША, лічыць, што на Плошчу ісьці неабходна. Пазытыўнае разьвіцьцё краіны, у тым ліку ў галіне аховы здароўя, ён зьвязвае выключна з палітычнымі пераменамі. Што тычыцца выказаных на адрас моладзі засьцярогаў адносна пераахалоджваньня, то Віктар лічыць іх залішнімі.
Ісьці трэба. І нічога не адмарозіцца. Не задавальняюць гэтыя 16 гадоў адзінаўладзьдзя.


Віктар: “Не, ну які мароз, калі там дубінамі будуць лупіць? Трэба апранацца так, каб было лёгка бегчы. Былі часы, калі мы выходзілі, і кожны з нас выводзіў з сабой іншых людзей. Я, напрыклад, выводзіў і пяць, і сем чалавек. Мы, напрыклад, хадзілі, калі былі бойкі ля Нямігі, калі перагарадзілі ўсё. Ісьці трэба. І нічога не адмарозіцца. Не задавальняюць гэтыя 16 гадоў адзінаўладзьдзя. Усе хочуць пераменаў”.

Суразмоўцы "Свабоды" падкрэсьлілі, што выказалі выключна свае прыватныя меркаваньні адносна ўдзелу ў акцыі на Кастрычніцкай плошчы 19 сьнежня. Як людзі, якія аднойчы далі клятву Гіпакрата, у межах сваёй прафэсійнай дзейнасьці яны будуць заставацца па-за палітыкай і несьці аднолькавую маральную адказнасьць за кожнага пацыента незалежна ад яго палітычных, рэлігійных і іншых перакананьняў
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG