Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Статкевіч у Гомелі: “Калі мы вернем усё на свае месцы, ня трэба будзе плошчаў”


14 сьнежня ўвечары кандыдаты ў прэзыдэнты Мікалай Статкевіч і Дзьмітрый Вус сустрэліся ў вучэбна-мэтадычным цэнтры прафсаюзаў з выбарцамі Гомеля. Заля на 250 месцаў не змагла зьмясьціць усіх жадаючых.

Яшчэ каля сотні чалавек стаялі ў праходах альбо сядзелі на прыступках сцэны. Кандыдаты на паўгадзіны спазьніліся на сустрэчу. Паўзу запоўніла беларускімі песьнямі пад гітару гомельская сьпявачка Вольга Цярэшчанка. А потым адбылася гарачая дыскусія.

Мікалай Статкевіч, а тым больш Дзьмітрый Вус, не гарачыліся. Гарачылася невялікая купка розных чыноўнікаў ды БРСМаўскіх дзяўчат, якія стала ходзяць на сустрэчы альтэрнатыўных кандыдатаў на прэзыдэнта ды задаюць розныя нібыта “нязручныя” пытаньні.

Адно зь іх: “Вы зьбіраецеся пытаньні дзяржавы вырашаць з дапамогай Плошчы?”

На што Статкевіч адказаў:

“Я думаю, што пытаньні дзяржавы трэба вырашаць з дапамогай закону. З дапамогай законна абраных органаў улады. Але напачатку трэба вярнуцца ў канстытуцыйнае рэчышча. З дапамогай Плошчы мы павінны вярнуць сабе права, якое ў Канстытуцыі напісана: мы, народ – асноўная ўлада ў краіне. Калі мы вернем усё на свае месцы, ня трэба будзе плошчаў”.

Мікалай Статкевіч і Дзьмітрый Вус перакананы, што эканамічным рэформам павінна папярэднічаць палітычная рэформа. Ужо сёньня зразумела, што выбараў у Беларусі няма. Рыхтуюцца фальшаваньні. Выбарчыя камісіі – зноў дзеля аднаго кандыдата: 99,7 адсотка чальцоў выбарчых камісій – ягоныя прадстаўнікі. Стутэнтаў, людзей у пагонах зноўку гоняць на датэрміновае галасаваньне.

“Нам не даюць выбіраць, прычым не дае той чалавек, якога у 94-м годзе выбралі. У яго галасы лічылі. У яго было тэлебачаньне без абмежаваньняў. І папярэдняга галасаваньня ў яго не было. Атрымліваецца, што чалавек ад нас атрымаў уладу, а потым адмовіўся праводзіць сумленныя выбары”, - сказаў Статкевіч.

Зь месца чуліся выкрыкі “Расказвай праграму!” Аднак Мікалай Статкевіч, і Дзьмітры Вус распавялі, што яны ня маюць на мэце на такіх сустрэчах займацца агучваньнем праграм. У краіне трэба вярнуць людзям права выбіраць, трэба з дапамогай выбараў зрабіць паўнавартаснымі ўсе галіны ўлады. Тады і праграмы можна будзе ажыцьцяўляць, і інвестыцыі ў краіну прыйдуць. Калі дэкрэтамі і ўказамі мяняюцца ўмовы працы інвэстараў, адбываецца тое, што здарылася з прыходам у краіну аўтакампаніі “Форд”, расейскай “Балтыкі”.

Выбарцы задалі дзясяткі пытаньняў кандыдатам – пра стаўленьне да беларускай і расейскай моваў, да гвалту, пра тое, скуль браць грошы на рэформы, на годныя заробкі і пэнсіі.

Гамяльчук й ягоная жонка, якія купілі жытло ў абласным цэнтры, апавялі, што ў іх адабралі частку жыльлёвай плошчы. Мужчына асабліва рэзка выказаўся на адрас дзейнага прэзыдэнта і ягоных прысутных абаронцаў у залі. Ён перакананы, што людзі ў краіне сталі бяспраўнымі. Уладу забралі чыноўнікі. Да іх не дастукацца. Хадзі – не хадзі, пішы – не пішы:

“У 1994 годзе я галасаваў за Лукашэнку. А ён ад мяне цяпер хаваецца! Падман! А што за судзьдзі ў яго?! А што ў гарвыканкаме дзеецца? А яны, крыкуны, тут сядзець !

Гэтым удзельнікам сустрэчы адказаў Статкевіч:

“Шаноўная жанчына й мужчына. Мы з вамі пра гэта яшчэ пагаворым асобна. А цяпер кажуць, што час сышоў, трэба пакідаць памяшканьне. Дзякуй вам, што прыйшлі. Дзякуй вам, што ў вас ёсьць годнасьць, мужнасьць і сумленнасьць. Мы зьменім гэтую краіну й зробім яе годнай!”

15 сьнежня Мікалай Статкевіч і Дзьмітрый Вус выступяць у Жлобіне.

У залі яблыку няма дзе ўпасьці

Людзі стаялі ў праходах

Сьпявае Вольга Цярэшчанка

Вольгу Цярэшчанку на сцэне зьмяніў Мікалай Статкевіч

Прамаўляе Мікалай Статкевіч

Выступае Дзьмітры Вус

Аўтограф на памяць
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG