Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбары як індыкатар адкрытасьці да палітычных рэформаў


13 сьнежня ў Брусэлі адбылася сустрэча міністраў замежных справаў 27 краін Эўразьвязу зь іх калегамі з шасьці постсавецкіх краінаў, якія ўдзельнічаюць у ініцыятыве ЭЗ "Усходняе партнэрства".

У нарадзе таксама ўзялі ўдзел эўракамісар Штэфан Фюле, прадстаўнікі Эўракамісіі, віцэ-прэзыдэнт Эўрапейскага банку рэканструкцыі і разьвіцьця, прадстаўнік Эўрапейскага інвэстыцыйнага банку.

Пасяджэньне праходзіла пад старшыняваньнем кіраўнічкі зьнешняй палітыкі ЭЗ, віцэ-прэзыдэнта Эўракамісіі Кэтрын Эштан.

5 краін-партнэраў, у тым ліку Беларусь, былі прадстаўленыя кіраўнікамі МЗС, Азэрбайджан – намесьнікам міністра замежных справаў.

Адной з тэмаў абмеркаваньне стала спрашчэньне візавага рэжыму для краін-партнэраў. Ангела Філотэ, прэсавы сакратар эўракамісара Штэфана Фюле заявіла ў інтэрвію нашаму радыё:

Ангела Філотэ
Філотэ
: У адносінах да ўсіх краін Усходняга партнэрства наша доўгатэрміновая мэта палягае ў тым, каб іх грамадзяне маглі падарожнічаць па Эўразьвязе на працягу 3 месяцаў без візаў. Гэта працяглы працэс. Напрыклад, з Армэніяй, мы толькі цяпер падрыхтавалі пачатак перамоваў наконт пагадненьня аб спрашчэньні візавага рэжыму, а з Беларусьсю мы на некалькі крокаў адстаем ад сытуацыі з Армэніяй... Тым ня менш, у нас ёсьць намер зрабіць тое ж самае, нават з Беларусьсю, таму што простыя грамадзяне будзе першымі, хто атрымае выгаду ад гэтага

На пытаньне, наколькі працяглым будзе гэты працэс, Ангэла Філотэ адказала:

Філотэ: Цяжка сказаць. Гэта залежыць ад краін-партнэраў, а таксама ад краін-сябраў ЭЗ, якія павінны зацьвердзіць працэс. Тым ня менш, мы кажам аб важнасьці рэформаў, якія краіны-партнэры павінны зрабіць. Як правіла, гаворка ідзе пра гады... Яны павінны забясьпечыць іх межы, яны павінны ўвесьці пэўны тып пашпартоў і г.д. Мы таксама павінны быць упэўненыя, што грамадзяне гэтых краін будуць разумець розьніцу паміж падарожжам без візаў і атрыманьнем працы. Гэтыя візавыя праграмы ня маюць на мэце адкрыцьцё рынку працы ЭЗ для краін-партнэраў

На пытаньне аб стаўленьні Эўразьвязу да прэзыдэнцкіх выбараў, якія адбудуцца ў Беларусі ў наступную нядзелю прэсавы сакратар эўракамісара адказала:

Філотэ: ЭЗ не мае двухбаковай дамовы аб партнэрстве і супрацоўніцтве з Беларусьсю. Каб мець двухбаковую дамову, бакі павінны падзяліць агульныя каштоўнасьці. Гаворка ідзе аб дэмакратычных рэформах, аб абароне правоў чалавека, аб усім, чаго няма ў Беларусі. Вось чаму так важна для нас, што гэтыя выбары могуць прадстаўляць магчымасьць для дзейнай улады паказаць, што яна адкрытая для палітычных рэформаў. Мы хочам, каб выбары былі свабоднымі і дэмакратычнымі, каб апазыцыя мела магчымасьць весьці паўнацэнную выбарчую кампанію і быць раўнапраўным партнэрам улады.

Паводле афіцыйнай справаздачы аб нарадзе міністры падкрэсьлілі, што партнэрства грунтуецца на прынцыпах міжнароднага
права і фундамэнтальных каштоўнасьцях, уключаючы дэмакратыю, вяршэнства закону і павагу да правоў чалавека і асноўных свабодаў.

Міністры таксама падкрэсьлілі стратэгічную важнасьць Усходняга партнэрства як спосабу паглыбленьня і ўмацаваньня адносін паміж ЭЗ і краінамі-партнэрамі, паскарэньня палітычнай асацыяцыі і далейшай эканамічнай інтэграцыі і падтрымкі палітычных і сацыяльна-эканамічных рэформаў дзяржаваў-партнэраў.

Міністры віталі ўзмацненьне двухбаковых адносін з шэрагам партнэраў, аб чым сьведчыць прагрэс у перамовах пра Пагадненьне аб асацыяцыі і крокі ў кірунку большай мабільнасьці людзей.

Міністры з задавальненьнем адзначылі паляпшэньне каардынацыі працы міжнародных фінансавых установаў і іншых донараў у спробе дасягнуць больш пасьлядоўнага і комплекснага падыходу да краін Партнэрства.

Міністры выказаліся ў падтрымку больш актыўнага ўдзелу грамадзянскай супольнасьці ў тэхнічнай працы шматбаковых перамоваў "Усходняга партнэрства", за актыўную ролю Форуму грамадзянскай супольнасьці "Усходняга партнэрства". На сустрэчы выступіў прадстаўнік Форуму грамадзянскай супольнасьці Ўсходняга партнэрства", які азнаёміў міністраў з высновамі і рэкамэндацыямі нарады, якую Форум правёў у Бэрліне 18 -19 лістапада 2010.

Міністры правялі першапачатковае абмеркаваньне магчымых абласьцей, у якіх супрацоўніцтва ў межах Усходняга партнэрства можа быць пашыранае. Адным з накірункаў пазначана спрашчэньне візавага рэжыму для студэнтаў, навукоўцаў і бізнэсоўцаў.

У траўні 2011 году ў Будапэшце адбудзецца сустрэча на вышэйшым узроўні краін Эўразьвязу і краін-партнэраў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG