Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Культура здаровага харчаваньня ў грамадзтве і сярод палітыкаў


Паводле навукоўцаў-дыетолягаў, няправільнае харчаваньне — асноўная прычына вельмі сур'ёзных захворваньняў, якія атрымалі назву "сьмяротны квартэт": гіпэртанія, атэрасклероз, праблемы падстраўнікавай залозы, уключна з дыябэтам 2-га тыпу, і залішняя вага.

Згодна зь Белстатам, у сярэднім беларусы выдаткоўваюць на харчаваньне прыкладна 41% ад месячнага бюджэту сям'і. Доля выдаткаў на харчаваньне, у сваю чаргу, — адзін з галоўных паказчыкаў узроўню і якасьці жыцьця. Чым вышэйшы ўзровень жыцьця насельніцтва, тым ніжэйшая гэтая доля. Для параўнаньня: сярэднестатыстычны амэрыканец штомесяц траціць на ежу, уключна з наведваньнем рэстаранаў і заказам гатовай ежы на дом, прыкладна 13% свайго прыбытку. Галоўнае ж, з гледзішча адмыслоўцаў, — прадукты, якія дамінуюць у нашым спажывецкім кошыку і, адпаведна, на нашым стале.

Адрозна ад сучасных беларусаў, старажытныя схіляліся да вэгетарыянства


Калі зьвярнуцца да гісторыі беларускай нацыянальнай кухні, то традыцыйна яна арыентавалася на вэгетарыянства. Яе асновай былі гародніна, садавіна, зеляніна, ягады, грыбы... Сёньня для большасьці беларусаў прыярытэт мае "хуткая ежа": прадукты зь перапрацаванага мяса (каўбасы, сасіскі), макаронныя ды кандытарскія вырабы.
На жаль, сказаць, што сёньня на стале ў сярэдняга беларуса здаровая, збалянсаваная ежа, нельга.

"На жаль, сказаць, што сёньня на стале ў сярэдняга беларуса здаровая, збалянсаваная ежа, нельга. Згодна з апошнім маніторынгам харчаваньня, у рацыёне жыхароў краіны пераважаюць насычаныя жывёльныя тлушчы і лёгкія вугляводы, прычым доля кандытарскіх вырабаў можа часам дасягаць 47%", заявіў нядаўна журналістам старшыня сталай камісіі Палаты прадстаўнікоў па ахове здароўя, фізычнай культуры, справах сям’і і моладзі Алег Вялічка.

Адмыслоўцы вылучаюць у культуры здаровага харчаваньня шэраг складнікаў. Сярод іх — спажываньне разнастайных прадуктаў, пры тым, што зь ежай павінна паступаць гэтулькі ж энэргіі, колькі арганізм выдаткоўвае. Таксама — абмежаваньне алькаголю, цукру, солі і прадуктаў, багатых на тлушчы і вугляводы.

У ЗША і іншых заходніх краінах рэкамэндацыі адносна штодзённага спажываньня бялкоў, тлушчаў і вугляводаў можна знайсьці на сайтах міністэрстваў сельскай гаспадаркі. Тым часам у Беларусі на дзяржаўным узроўні такой інфармацыі аддаецца нашмат менш увагі. Насельніцтва ж увогуле на падліку калёрыяў не зацыкліваецца. Яшчэ адно правіла, вельмі істотнае для культуры здаровага харчаваньня: "Чалавек павінен сам умець гатаваць здаровую ежу ці вучыцца гэтаму".

Пакуль жа, згодна з актуальнымі статыстычнымі дадзенымі, толькі 10% беларускага насельніцтва ўсьведамляюць, што харчаваньне сур'ёзна ўплывае на здароўе, і адпаведным чынам выхоўваюць сваіх дзяцей.

Ці прытрымліваюцца беларускія палітыкі правілаў здаровага харчаваньня?

Лукашэнка: "Мае кухары гатуюць так, як я іх гэтаму навучыў".

Цяперашні прэзыдэнт і кандыдат на наступнае прэзыдэнцтва Аляксандар Лукашэнка ў розных інтэрвію ня раз адзначаў, што ўмее гатаваць сам. Хоць цяпер для яго, зразумела, гэта робяць кухары...

Лукашэнка: "Што тычыцца маіх прыхільнасьцяў у харчаваньні, то гэта абсалютна простая ежа. Я так і не прызвычаіўся да нейкіх далікатэсных страў, кшталту баклажанаў, бананаў і гэтак далей. Я люблю беларускую ежу. І лепш за ўсё — малочны суп. Усе сьмяюцца, што мужык малочны суп любіць. Каб я надта ўжо любіў дранікі… Ну, вядома, з задавальненьнем ем. Мае кухары гатуюць іх так, як я іх гэтаму навучыў. Як я люблю — падсмажаныя, залацістыя. У нас ня ўмеюць так. Калі мне гатуюць, я кажу: ня ўмееце, хоць я гэтаму і вучыў. Шмат п’ю вады — так лекары раяць. Дыеты прытрымліваюся. Ня ем печыва, цукерак, хоць і я ласы на салодкае".
Кастусёў: "Я сябе не абмяжоўваю, асабліва люблю сьвежыя дранікі і мачанку, а таксама капусту ў любым выглядзе".

Зямляк Лукашэнкі і ягоны супернік па прэзыдэнцкай гонцы Рыгор Кастусёў паведаміў "Свабодзе", што не прытрымліваецца нейкіх дыетаў. У ягонай сям’і, насуперак рэкамэндацыям лекараў, прынята вячэраць позна, добра і смачна.

Кастусёў: "А я сябе не абмяжоўваю. Асабліва люблю сьвежыя дранікі. Менавіта са скавародкі. Капусты магу зьесьці шмат у любым выглядзе. Вельмі люблю мачанку, зробленую ў печы. Калісьці яе добра гатавала мая маці, а потым гэтаму навучылася мая жонка. Гэта падсмажанае сала, туды заліваецца сьмятана, б’юцца яйкі, але не магазінныя, а менавіта вясковыя. І пад гэтую мачанку — бліны".
Някляеў: "Для мяне — ня гідка, і я ем".

Кандыдат на прэзыдэнта Ўладзімер Някляеў, гэтаксама як і Аляксандар Лукашэнка, не прызвычаіўся да нейкіх далікатэсаў. Ён увогуле не надае значэньня ежы. Падчас выбарчай кампаніі ўвогуле даводзіцца есьці, толькі калі ўдаецца.

Някляеў: "Разумееце, я наагул не гурман. Можа, гэта і мой недахоп. Я не адчуваю задавальненьня, седзячы за сталом і спажываючы там нейкія стравы заморскія, што называецца, вышэйшага рэстараннага гатунку. Для мяне — ня гідка, і я ем. На жаль, я не пасьпяваю есьці, гэтак мовіць, рэжымна: гэта каб сьняданак, абед вячэра. Калі выпадае, тады і ем. Гэта нядобра, але не выпадае. Бывае, цэлы дзень пракруцісься, нічога ня кінуўшы ў страўнік. Ну, прыяжджаеш позна да хаты, узгадваеш, што ня еў — і ясі".

Што да кандыдата на прэзыдэнта Міколы Статкевіча, то ён, паводле ягоных слоў, прыйшоў да здаровага і збалянсаванага харчаваньня, адбываючы пакараньне на "хіміі". З таго часу ў ягоным рацыёне пераважае гародніна.
Статкевіч: "Да здаровага харчаваньня я прыйшоў інтуітыўна на "хіміі".


Статкевіч: "Імкнуся спажываць садавіны і гародніны як мага болей. Мяса трэба таксама, але яно павінна быць разам з садавіной і гароднінай. Проста прыйшлося самому ў саўгасе на хіміі харчавацца, і я інтуітыўна прыйшоў да навуковай сыстэмы харчаваньня. Як высьветлілася, я падбіраў прадукты паводле старадаўняй кітайскай традыцыі ян і інь. Гэта збалянсаванае харчаваньне".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG