Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнку ў Маскве дадуць новы козыр?


Сёньня ў Маскве адбудзецца сэсія Савету калектыўнай бясьпекі Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бясьпецы (АДКБ). Беларусь прыме старшынёўства ў гэтай арганізацыі.

Амаль год таму Аляксандар Лукашэнка адмовіўся ад удзелу ў сэсіі Савету калектыўнай бясьпекі АДКБ і не прыехаў у Маскву. Прычынай стала беларуска-расейская "малочная вайна". Тады ж Беларусь павінна была пераняць ад Армэніі старшынёўства ў гэтай арганізацыі, але гэтага не адбылося. І Расея вымушаная была ўзяць тэхнічнае старшынёўства ў АДКБ на сябе.

Пазьней Лукашэнка заявіў, што тут "няма ніякага выбрыку" або нейкіх непрыстойных паводзінаў. Маўляў, гэта нармальная пазыцыя, і ўсе разумеюць, што безь Беларусі АДКБ ня быць — таму афіцыйны Менск прыме тое ці іншае рашэньне, калі яму гэта будзе выгадна. У самой арганізацыі ўжо стараюцца не прыгадваць гэтыя непрыемныя старонкі і ўпэўненыя, што на гэты раз сюрпрызаў ня будзе.

Прэсавы сакратар АДКБ Уладзімер Зайнедзінаў сказаў:

Ніколі старшынёўства той ці іншай краіны ў АДКБ не было фармальнасьцю
"Ніякіх сумневаў няма, што старшынёўства пераходзіць. Гэта было заяўлена на нефармальным саміце АДКБ у Ерэване, на нефармальнай сустрэчы 21 жніўня. Ніколі старшынёўства той ці іншай краіны ў АДКБ не было фармальнасьцю. У кожнай краіны ёсьць свае прыярытэты, якія яна прапануе, і яны рэалізуюцца падчас старшынёўства. Тое ж самае будзе зь Беларусьсю".

Аглядальнік у вайсковых пытаньнях Аляксандар Алесін адзначае, што АДКБ працуе толькі пры кансэнсусе, і функцыя старшынёўства тэхнічная. Але гэта вельмі выгадны козыр для Лукашэкі ў зьвязку з прэзыдэнцкімі выбарамі ў Беларусі.

Яго цяпер як старшыню арганізацыі ігнараваць немагчыма.
"Адно добра для першай асобы, што яго цяпер як старшыню арганізацыі ігнараваць немагчыма. Інакш яе дзейнасьць паралізуецца. Таму пытаньне аб прызнаньні легітымнасьці выбарчай кампаніі набывае новую плоскасьць. Расеі ня выгадна: калі яна не прызнае легітымнасьць выбараў, то яна не прызнае легітымнасьць старшыні АДКБ, таму ён не прымае ўдзел у працы — і праца цалкам паралізуецца".

Паводле спадара Алесіна, калі раней афіцыйны Менск адцягваў прыняцьце старшынёўства ў АДКБ, то цяпер, наадварот, выступае зь ініцыятывамі і паскарае гэты працэс, каб гэты козыр задзейнічаць у дачыненьнях з Расеяй.

Таксама раней Аляксандар Лукашэнка меў асаблівую пазыцыю па сытуацыі ў Кіргізстане, перадаваў у АДКБ лісты ад зрынутага прэзыдэнта Бакіева, якому даў прыстанак у Менску, не прызнаўшы новае кіраўніцтва гэтай краіны. Ці стане цяпер кіргізская тэма псаваць яго дачыненьні з Расеяй?

Намесьнік дырэктара Інстытуту краін СНД Уладзімір Жарыхін адзначыў:

"У Лукашэнкі, можа, і была асаблівая пазыцыя па Кіргізстане, але, мяркуючы па ўсім, яна скончылася. Мы ня бачым спадара Бакіева ў інфармацыйнай прасторы. Таму адна справа — пагарачыўшыся, рабіць не дастаткова вывераныя крокі, якія раней рабіў Лукашэнка. Гэтую вельмі складаную праблему на пасадзе старшыні АДКБ яму давядзецца вырашаць з рэальнымі цяперашнімі лідэрамі гэтай краіны".

Паводле спадара Жарыхіна, Лукашэнка сваім удзелам у саміце АДКБ дэ-факта прызнае прэзыдэнта Кіргізстану Розу Атумбаеву, якая таксама зьбіраецца ўзяць удзел у саміце.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG