Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ня будзе Расея рабіць нейкія падарункі Менску перад выбарамі»


Кірыл Коктыш
Кірыл Коктыш

У падмаскоўным Нова-Агарове завяршыліся перамовы прэм’ер-міністраў Беларусі і Расіі Сяргея Сідорскага і Ўладзіміра Пуціна. Плянавалася, што пасьля перамоў Пуцін і Сідорскі выйдуць да прэсы, аднак, як заявіў прэс-сакратар кіраўніка расійскага ўраду Дзьмітры Пяскоў, ніякіх заяваў ня будзе. Паводле слоў прэс-сакратара, бакі пакуль не патрапілі дамовіцца па ўсіх спрэчных пытаньнях. Ці можна спадзявацца, што Масква пойдзе на вырашэньне энэргетычных пытаньняў зь Менскам да дня прэзыдэнцкіх выбараў? Як пройдзе сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Дзьмітрыя Мядзьведзева ў Маскве? На гэтыя пытаньні адказвае дацэнт Маскоўскага дзяржаўнага інстытуту міжнародных дачыненьняў Кірыл Коктыш.


Цыганкоў: Наколькі рэальна чакаць таго, што да прэзыдэнцкіх выбараў бакам удасца дамовіцца па энэргетычных пытаньнях?

Коктыш: Верагоднасьць гэтага ня вельмі вялікая. Масква якраз напрыканцы наступнага году мусіць запусьціць і БТС-2 і «Паўночную плынь» — трубаправоды, якія пусьціць нафту і газ у абыход Беларусі.

І мне здаецца, што да таго часу, як гэта будзе запушчана, нічога адбывацца ня будзе. Масква будзе чакаць, пакуль не ўтрасецца нейкі новы балянс сілаў, колькі яна можа на сябе ўзяць. Новыя парамэтры яшчэ ня выпрацаваныя, Беларусь яшчэ не прызвычаілася, што яна стала больш «лёгкай», ні Расея не ўсьвядоміла, што стала больш важкай.

Цыганкоў: Але ж нейкая цана на газ на новы год павінна быць усталяваная?

Коктыш: Асобна дамаўляцца якраз няма ніякай неабходнасьці.
Асобна дамаўляцца няма ніякай неабходнасьці.
Бо Беларусь, паводле дамоваў 2006 году, павінна выйсьці на польскія цэны са зьніжкай з умовай больш кароткага пляча дастаўкі. Юрыдычна формулы для цэнаў на газ якраз існуюць. Іншая рэч, што гэтыя цэны не задавальняюць Беларусь. Але юрыдычна гэтае пытаньне на сёньня цалкам урэгулявана дамовамі 2006 году.

Цыганкоў: Аляксандар Лукашэнка накіраваўся ў Маскву, дзе 9 сьнежня возьме ўдзел у пасяджэньні Эўразійскай эканамічнай супольнасьці, а таксама ў пасяджэньні ў рамках вышэйшага органу Мытнага саюзу. Гэта будзе першая сустрэча Лукашэнкі і прэзыдэнта Расеі Дзьмітрыя Мядзьведзева пасьля знакамітага відэазвароту Мядзьведзева. Ці можаце спрагназаваць, у якой форме пройдзе гэтая сустрэча?

Коктыш: Мне здаецца, гэта будзе афіцыйны фармат, якія будзе мець няшмат магчымасьцяў для нефармальнага ўрэгуляваньня пытаньняў. Адносіны доўга псаваліся, і яны ня могуць палепшыцца ў адзін момант.

Ня будзе Расея рабіць нейкія падарункі Менску перад выбарамі. Мне здаецца, мы назіраем пачатак новай эпохі ў адносінах. Якая яна будзе, ня ведае ані Масква, ані Менск. Але, здаецца, гэта будзе даволі складаная эпоха.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG