Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апазыцыя праігнаруе «лядовы пэрыяд» Менгарвыканкаму


Кастрычніцкая плошча на зіму ператвараецца ў каток
Кастрычніцкая плошча на зіму ператвараецца ў каток
Гэтай зімой у Менску будуць залітыя 118 каткоў і больш за тры дзясяткі хакейных каробак. Асноўныя месцы масавага катаньня — пляцоўка ля Палацу спорту, якая працуе ўжо ад мінулага месяца, і на Кастрычніцкай плошчы, дзе лёд пачнуць заліваць 9 сьнежня. Між тым бальшыня кандыдатаў у прэзыдэнты заклікаюць людзей на Кастрычніцкую плошчу 19 сьнежня, каб разам дачакацца вынікаў выбараў.

Прадстаўнік упраўленьня фізычнай культуры і спорту Менгарвыканкаму Сяргей Юхнавец паведаміў: ад канца тыдня тэмпэратура паветра зноў панізіцца, што стварае спрыяльныя ўмовы для заліўкі каткоў. Па яго словах, лёд ужо можна апрабаваць на пляцоўках каля Палацу спорту, у парку 900-годзьдзя Менску, на стадыёне «Лякаматыў».

Акрамя таго, распачатыя падрыхтоўчыя працы на Кастрычніцкай плошчы: усталяваныя пункты пракату, завозяцца канькі, рыхтуецца асьвятляльнае абсталяваньне. Чыноўнік сказаў, што ў чацьвер 9 сьнежня пляцоўку пачнуць заліваць. І калі ўсё пойдзе паводле пляну, у бліжэйшую суботу менчукі могуць пачаць практыкавацца там у катаньні.

Між тым у апазыцыі наконт Кастрычніцкай плошчы — пляны іншыя. Многія кандыдаты ў прэзыдэнты ў сваіх перадвыбарчых выступах заклікалі грамадзянаў сабрацца менавіта на Кастрычніцкай а 20-й гадзіне 19 сьнежня, каб сьвяткаваць перамогу. Альбо, у залежнасьці ад папярэдніх вынікаў галасаваньня, патрабаваць справядлівых выбараў. Ці ўнёс Менгарвыканкам карэктывы ў абвешчаныя намеры дэмакратычных сілаў?

Павал Севярынец, кіраўнік выбарчага штабу кандыдата Віталя Рымашэўскага, на гэта адказвае: улады могуць «замарозіць» хоць усю сталіцу, аднак ад першапачатковых намераў дэмакратычныя сілы адмаўляцца не зьбіраюцца:
Яны могуць хоць усю плошчу заліць лёдам, але людзі ўсё роўна будуць зьбірацца на Кастрычніцкай.

«Гэта абсалютна ніяк не зьмяняе нашы пляны. Яны могуць хоць усю плошчу заліць лёдам, але людзі ўсё роўна будуць зьбірацца на Кастрычніцкай. У тых месяцах, дзе хоць неяк можна будзе станавіцца, там будзе поўна людзей. Каток, як кажуць, — не перашкода. Мне вось тут падказваюць, што на каньках усе прыйдзем… А так зразумела, што ўлады паспрабуюць арганізаваць елку, потым будуць спасылацца, што там заплянаваныя нейкія дзіцячыя сьвяты і г.д. Яшчэ раз кажу: усё гэта — не перашкода».

Спадар Севярынец не выключае, што «лядовае шаленства», якое паступова набывае маштабы эпідэміі, якраз і выкліканае актыўнасьцю апазыцыі. І каб «заслупаваць» за сабой цэнтральную плошчу гораду, тут пачалі ладзіць масавыя гуляньні.

Зрэшты, падчас прамовы на Ўсебеларускім народным сходзе Аляксандар Лукашэнка даў зразумець, што не зьбіраецца аддаваць апанэнтам ні асобна ўзятую плошчу, ні краіну цалкам:

«Я хачу сказаць толькі адно: сябры мае, на плошчу вы выйдзеце, на вуліцу, яшчэ кудысьці — краіну вы не атрымаеце. Мы вам яе не дадзім падзерці. Таму што яна нам дорага каштавала».

Рашэньнем Менгарвыканкаму ад 19 лістапада, на цэнтральных плошчах — Незалежнасьці, Кастрычніцкай, Перамогі і Якуба Коласа — забароненая агітацыя за кандыдатаў у прэзыдэнты, а таксама правядзеньне несанкцыянаваных акцый.

Мікола Статкевіч ў адказ на пытаньне пра каток на Кастрычніцкай плошчы: «Праспэкт вялікі, месца хопіць».

Праваабаронца Алег Гулак дапускае, што з улікам палітычных акалічнасьцяў гэтым разам каток можа раскінуцца практычна на ўсю плошчу:

«У 2006 годзе, дарэчы, каток таксама існаваў, і гэта не замінала людзям выйсьці на плошчу. Але не выключаю, што ў гэтым годзе каток будзе куды большы, чым у мінулым, паглядзім. Фармальна гэта звычайныя дзеяньні, таму што Кастрычніцкая плошча ўнесеная ў сьпіс тых месцаў, дзе забароненыя ўсялякія палітычныя мерапрыемствы».

Карэспандэнт: «То бок, у трактаваньні масавага мерапрыемства забаўляльнага характару і палітычнай акцыі — розьніца прынцыповая…»

«У нашым выпадку ўсё досыць проста: хто мае права трактаваць як заўгодна, той так і трактуе».

Арганізатары адпачынку на сьвежым паветры вызначылі графік працы сталічных каткоў: ад самай раніцы да 22:00 у працоўныя дні і да 21:00 у выходныя. Акцыя ў нядзелю 19 сьнежня прызначаная на 20:00, калі праца катка будзе ў поўным разгары.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG