Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Часопіс "Спадчына" аднаўляе рэгулярны выхад


Пасьля амаль гадавога перапынку аднаўляе рэгулярны выхад адно з самых папулярных беларускіх гістарычных пэрыядычных выданьняў — часопіс "Спадчына". Пра гэта паведаміў галоўны рэдактар часопіса Аляксей Хадыка.

Адна зь нямногіх вольных трыбунаў для гуманітарыяў — часопіс "Спадчына" — летась апынулася пад пагрозаю зьнікненьня. Фінансавыя праблемы не дазволілі выдаваць часопіс рэгулярна: у 2009-м "Спадчына" выйшла да чытачоў толькі адзін раз, да канца 2010-га рэдакцыя абяцае выдаць таксама адзіны сёлетні нумар. З наступнага ж году ранейшая пэрыядычнасьць часопіса адновіцца, — кажа галоўны рэдактар Аляксей Хадыка:
будзе яна перарэгістравана як часопіс напалову недзяржаўны ...

"Я меў сустрэчу, абмяркоўваючы гэтую праблему, зь міністрам культуры Паўлам Латушкам. Ён прапанаваў скласьці да яго адпаведны ліст пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. І тады будзе разгледжана пытаньне пра тое, што "Спадчына" будзе перарэгістравана, але будзе яна перарэгістравана як часопіс напалову недзяржаўны, гэта значыць — па-ранейшаму заснавальнікам будзе цэнтар "Супольнасьць", і напалову заяўлены якой-небудзь структурай Міністэрства культуры".

Галоўны рэдактар упэўнены, што такі варыянт дасьць часопісу некалькі станоўчых момантаў:
падпіску можна будзе зрабіць толькі ў другой палове наступнага году ...

"Мы адразу тады лёгка вяртаемся ў падпіску. Праўда, падпіску можна будзе зрабіць толькі ў другой палове наступнага году, але значна раней мы зможам распаўсюджваць часопіс праз шапікі. І трэцяе — будзем тады арандаваць офіс у нармальным месцы не за дзесяць эўра квадратны мэтар, а, скажам, за пяць — як ільготная арганізацыя".

Спадар Хадыка зазначыў пры гэтым, што непасрэднай фінансавай дапамогі ад дзяржавы "Спадчына" не атрымае і таму захавае незалежнасьць рэдакцыйнае палітыкі. У наступным годзе ў абноўленым выглядзе часопіс будзе выходзіць раз на квартал.
Часопіс будзе выглядаць прыкладна як "Newsweek" ...

"Мы хочам перайсьці, па-першае, у каляровы фармат. Часопіс будзе выглядаць прыкладна як "Newsweek". Ён будзе на тоненькай паперы, восемдзесят адсоткаў старонак — бела-карычнева-чорныя, а дваццаць адсоткаў — каляровыя. Гэта будзе ўжо нармальны эўрапейскі часопіс нармальнага эўрапейскага фармату".

Першы абноўлены нумар выйдзе ў сакавіку. Ягоная тэма — "Алхімія, гісторыя і навука ў беларускай культуры". Наступныя два будуць прысьвечаныя адпаведна 415-м угодкам Берасьцейскай уніі і памяці гісторыка Паўла Лойкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG