Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Перамовы аб транзыце нафты праз Клайпеду зайшлі ў тупік


Беларусь і Літва так і не падпісалі пагадненьне аб транзыце вэнэсуэльскай нафты.

Пра гэта заявіў у інтэрвію літоўскай газэце "Рэспубліка" генэральны дырэктар нафтавага тэрміналу Klaipedos nafta Рокас Масюліс, паведамляе БелаПАН.

Паводле ягоных слоў, бакі не жадаюць паступацца сваім пазыцыямі:

"Перамовы зайшлі ў тупік. Ніводзін з бакоў ня хоча зьмяняць свае патрабаваньні. Наша ключавое патрабаваньне — доўгатэрміновыя гарантыі бесьперабойных паставак. Нашы пазыцыі наконт цэнаў таксама розныя".

Масюліс адзначыў, што без дамовы аб доўгатэрміновых бесьперабойных пастаўках абслугоўваць беларусаў было б занадта складана тэхнічна, бо "падрыхтоўка да гэтага займае амаль месяц, і яшчэ адзін месяц патрэбны, каб вярнуцца да ранейшага рэжыму". Кошт такіх прац, адзначыў ён, складае каля 500 тысяч літаў (145 тысяч эўра).

"Без гарантый бесьперабойных паставак мы рызыкуем страціць даходы. Калі тэрмінал працуе на поўную моц, ня вельмі добра скакаць ад аднаго кліента да іншага, асабліва калі вы зарабляеце столькі ж або менш", — адзначыў ён.

Масюліс сказаў, што перамовам беларусаў з Клайпедзкім нафтавым тэрміналам таксама перашкаджаюць іхнія ж перамовы аб транзыце нафтапрадуктаў з латвійскімі партамі.

"Я б вельмі хацеў падпісаць пагадненьне ўжо ў гэтым годзе. Тым ня менш я не магу гарантаваць гэтага", — адзначыў Масюліс.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG