Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кастусёў выклікаў на паядынак Зьмея Гарыныча, а Саньнікаў сказаў, што хопіць спаць


1 сьнежня на першым канале беларускага тэлебачаньня адбыўся другі выступ кандыдатаў у прэзыдэнты Андрэя Саньнікава і Рыгора Кастусёва. Іх выступы аналізуе наш аглядальнік Уладзімер Глод.

Я б сказаў так – Рыгор Кастусёў выклікаў на паядынак Зьмея Гарыныча, а Саньнікаў заклікаў, што хопіць спаць. Чаму зьмея Гарыныча? Падчас свайго выступу Рыгор Кастусёў сказаў, што ён выклікае на тэледэбаты трох прарасейскіх кандыдатаў. Гэта Аляксандар Лукашэнка, Андрэй Саньнікаў і Ўладзімер Някляеў. Іх трое як тры галавы ў Зьмея Гарыныча. Атрымліваецца, што прадстаўнік ад партыі БНФ гатовы адзін змагацца адразу супраць трох. Мне падаецца. што гэты выклік – запрашэньне на такі паядынак, яно не выпадковае. Бо свой выступ Рыгор Кастусёў пачаў менавіта з адносінаў Беларусі і Расеі. І ён сканцэнтраваў сваю ўвагу на тым, што як бы Расея не маскіравалася, як бы яна кагосьці зараз ні падтрымлівала ў Беларусі, але ўсё ж імпэрская палітыка Расеі нікуды ня можа дзецца. Што б сёньня ні казалі тыя людзі, якія падтрымліваюць пэўных кандыдатаў на прэзыдэнцтва ў Беларусі, але Расея мае свае імпэрскія інтарэсы. А вось партыя БНФ ніколі ня можа зьмірыцца з магчымасьцю згубіць нэўтралітэт і дзяржаўны сувэрэнітэт Беларусі. І гэта было самай галоўнай тэзай сёньняшняга выступу Рыгора Кастусёва.

Кастусёў сказаў тое, што не казаў ніхто зь іншых – ён раскрытыкаваў ідэалёгію маста, што Беларусь ёсьць мост паміж Захадам і Ўсходам. Пра гэта гаварылі праўладныя кандыдаты, пра гэта казалі многія апазыцыйныя кандыдаты, што гэты мост трэба скарыстаць. А Кастусёў сказаў, што не патрэбны нам ніякі мост, а патрэбна самастойная беларуская сувэрэнная дзяржава. І гэта зрабіць магчыма. У гэтым, як мне падаецца, самае галоўнае і самае адметнае ў выступу Рыгора Кастусёва.

Што да Андрэя Саньнікава, то ён заклікаў ня спаць. Саньнікаў патлумачыў, што гэты заклік зьявіўся з рэальнага жыцьця, бо калі ён выступіў у першы раз, ён атрымаў ліст, дзе чалавек напісаў, што хацелася б заснуць і прачнуцца 20 сьнежня ў свабоднай вольнай Беларусі. І Андрэй Саньнікаў сказаў, што прачнуцца немагчыма ў вольнай Беларусі, калі за гэта ня будзеш змагацца. Саньнікаў яшчэ слушна зрабіў акцэнт на тым, што людзі паверылі ў перамогу над дыктатурай. І Саньнікаў працягнуў тую лінію, пра якую казалі і Рымашэўскі і Статкевіч, і іншыя дэмакратычныя кандыдаты. Што сёньня ўсе апытаньні паказваюць – немагчыма перамагчы на прэзыдэнцкіх выбарах у Беларусі ў першым туры. Абавязкова будзе другі тур. Прагучала ўпэўненасьць з боку Саньнікава, што ён абавязкова пераможа Лукашэнку ў другім туры.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG