Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справа Шульмана: звычайнае махлярства ці помста канкурэнтаў?


Савецкі суд Менску прызнаў махляром вядомага музычнага прадусара Генадзя Шульмана і пакараў яго 6 гадамі зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці.

Прызнаўшы Шульмана вінаватым у махлярстве, суд адначасова апраўдаў яго паводле двух абвінавачаньняў: у хуліганстве і прычыненьні маёмасных стратаў без прыкметаў крадзяжу. Суд абавязаў Генадзя Шульмана сплаціць пяці пацярпелым болей за 485 мільёнаў рублёў, альбо 150 тысяч даляраў.

Працэс над Генадзем Шульманам пачаўся яшчэ ў лютым, але на некалькі месяцаў быў спынены. За час перапынку з адзінаццаці пацярпелых у справе засталіся пяць, а памер фінансавых прэтэнзій да Шульмана зьменшыўся на чвэрць, то бок, амаль на 50 тысяч даляраў. Ёсьць зьвесткі, што гэтыя грошы Шульман змог пацярпелым вярнуць.

Музычны журналіст Зьміцер Падбярэскі, які спэцыялізуецца на музычнай тэматыцы, асабіста ведае Генадзя Шульмана і характарызуе прадусара як чалавека прыстойнага. Падбярэскі не выключае, што той стаў ахвярай рызыкоўнай сытуацыі ў айчынным шоў-бізнэсе:

Зьміцер Падбярэскі
«Людзі пазычаюць грошы пад нейкі праект, і, калі гэты праект атрымліваецца, людзі зарабляюць неблагія грошы. У нашым дадзеным выпадку праектам ёсьць канцэрт нейкай зоркі. Але ёсьць рызыка, што можа атрымацца і наадварот. Асабліва калі мець справы з расейскімі эстраднымі зоркамі, якія патрабуюць авансам 50% ад будучых прыбыткаў. Але можа так стацца, што прыбытку не атрымаецца, і тады гэтыя людзі грошы страцяць».

Яшчэ ў 1990-х гадах Генадзь Шульман заснаваў фірму «Класс-клуб ДК», якая першай атрымала ліцэнзію на арганізацыю канцэртаў замежных зорак эстрады. Фірма Шульмана працавала з такімі вядомымі калектывамі і выканаўцамі, як «DeepPurple», «Scorpions», «Nazareth», Робэрт Плант, Патрыцыя Каас, Крыс дэ Бург. Ёсьць зьвесткі, што зь сярэдзіны 2000-х гадоў у Шульмана сталі ўзьнікаць фінансавыя праблемы. Некаторыя ягоныя знаёмыя тлумачаць гэта ў тым ліку і ўзьніклай вялікай канкурэнцыяй. Паводле Зьмітра Падбярэскага, Генадзь Шульман спрабаваў дамовіцца з канкурэнтамі аб пэўных правілах вядзеньня бізнэсу, але і тут ня меў посьпеху:

«Ён выступіў з ініцыятывай сабраць у адзін цэх усіх, што плянуе на доўгі тэрмін канцэрты зорак, і дамовіцца, каб гастролі зорак не супадалі па часе, каб у выніку ўсім хапала гледачоў. І вось ён мне казаў, што сутыкнуўся з тым, што ніхто не захацеў дамаўляцца, загадзя плянаваць гэтыя канцэрты».

Сябры Генадзя Шульмана кажуць і пра тое, што зь ім маглі паквітацца як з канкурэнтам вялікіх дзяржаўных канцэртных заляў, якія зараз таксама маюць права займацца арганізацыяй канцэртаў зорак. Так гэта ці не, пэўна ніхто ня скажа. У пракуратуры настойваюць, што справа Генадзя Шульмана — звычайная справа аб махлярстве чалавека, які напазычаў шмат грошай і ня змог вярнуць даўгі.

Прысуд яшчэ не ўступіў у сілу. Генадзь Шульман можа абскардзіць прысуд Савецкага суду Менску цягам 10 дзён.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG