Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Газавыя “падарункі” ад Аляксея Мілера


У 2011 годзе расейскі газ будзе пастаўляцца ў Беларусь па цане, замацаванай у формуле кантракта, а не на ўзроўні гэтага года, як настойваў беларускі бок. Такую заяву зрабіў старшыня праўленьня "Газпрому" Аляксей Мілер падчас перамоў зь першым віцэ-прэм'ерам Беларусі Уладзімерам Сямашкам 30 лістапада ў Маскве.

Як паведамляе сайт "Газпрому", бакі падсумавалі папярэднія вынікі супрацоўніцтва ў 2010 годзе. У прыватнасьці, гаворка ішла аб пастаўках і транзыце газу, а таксама аб дзейнасьці сумеснай газатранспартнай кампаніі "Белтрансгаз". "На сустрэчы былі разгледжаны пляны працы на 2011 год. Адзначана, што цана пастаўкі будзе вызначацца па формуле ў поўнай адпаведнасьці з дзейным кантрактам", — гаворыцца ў паведамленьні.

Кантракт паміж "Газпромам" і "Белтрансгазам" быў заключаны на пэрыяд з 2007 па 2011 гады ўключна. Згодна з дакумэнтам, у 2008—2010 гадах для Беларусі дзейнічалі і дзейнічаюць паніжальныя каэфіцыенты да цаны на газ, а з 2011 года краіна павінна плаціць за газ па цане, якая забясьпечвае роўную даходнасьць з пастаўкамі ў Эўропу.

Аднак у паведамленьні на сайце “Газпрому” не пазначана, ці пагадзіўся з такой інтэрпрэтацыяй беларускі бок. Варта адзначыць, што беларускае дзяржаўнае агенцтва Белта падала інфармацыю аб сустрэчы кіраўніка “Газпрома” і першага віцэ-прэм’ера Беларусі пад загалоўкам “Семашка і Мілер абмеркавалі пытаньне паставак і транзыту расейскага газу”.

28 лістапада ў інтэрвію каналу "РТР-Беларусь" прэм'ер-міністар Беларусі Сяргей Сідорскі заявіў: "Мы адстойвалі пазыцыю, каб у 2011 годзе для Беларусі былі максымальна захаваны цэны 2010 года". На апошніх сустрэчах са старшынём урада Расіі Уладзімерам Пуціным беларускі бок адстойваў гэту пазыцыю, дадаў прэм'ер.

"Мы зыходзім з таго, што сёньня і на спотавым рынку, і ў ЭЗ цэны на газ для той жа Нямеччыны на 15—20% ніжэй, чым мы сёньня маем па кантракце, — сказаў Сідорскі. — "Газпром" дазволіў у кантракце з Германіяй закупляць частку газу не ў "Газпрома", а на спотавым рынку. А закупка газу на спотавым рынку, не ў "Газпрома", па ніжэйшых цэнах, — гэта рэальнасьць. Такім чынам, цана газу на 15—20% таньней", — сказаў прэм'ер-міністар.

Цяпер Беларусь купляе газ прыкладна па 193 долары. Пра тое, што кошт газу для Беларусі на 2011 год складзе 210—220 долараў за тысячу кубамэтраў, раней заяўляў першы віцэ-прэм'ер Уладзімір Сямашка. У некаторых СМІ таксама зьяўляліся паведамленьні, што ў 2011 годзе расійскі газ для Беларусі будзе каштаваць 250 долараў за тысячу кубамэтраў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG