Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кандыдаты ў дарозе


Кандыдат у прэзыдэнты Рыгор Кастусёў пачаў новы тыдзень выбарчай кампаніі з наведваньня Віцебску, Уладзімер Някляеў сёньня ў Стакгольме, Андрэй Саньнікаў праводзіць сустрэчу з выбарцамі ў Менску. Пра тое, чым займаліся ў панядзелак, 29 лістапада, гэтыя ды іншыя прэтэндэнты на найвышэйшую дзяржаўную пасаду, даведаўся наш карэспандэнт.

Мой званок засьпеў кандыдата ў прэзыдэнты ад партыі БНФ Рыгора Кастусёва ў Віцебску:

Рыгор Кастусёў
"Зараз са сваімі сябрамі знаходжуся на пікеце ў Віцебску. І разам з усімі раздаю ўлёткі пра сябе як пра кандыдата. Людзі рэагуюць добра. Бяруць улётку, глядзяць на здымак, пасьля на мяне. І рэакцыя цікавая. Некаторыя кажуць: а мы вас пазнаём, бачылі ваш выступ па тэлебачаньні.

Я яшчэ трохі пабуду тут, людзі нашы застануцца працаваць, а я яшчэ паеду ў Гарадок. А ўвечары сёньня сустрэча ў Доме культуры ў Наваполацку".

Кандыдат у прэзыдэнты Ўладзімер Някляеў сёньня за межамі Беларусі — у Стакгольме. Прэсавы сакратар кандыдата Юлія Рымашэўская тлумачыць "Свабодзе":

Уладзімер Някляеў
"У Някляева прызначаны шэраг важных сустрэч у Міністэрстве замежных спраў, у міжнародным камітэце парлямэнту, у канцылярыі прэм'ер-міністра, у двух міжнародных фондах, якія займаюцца менавіта Беларусьсю. А ўжо на заўтра ў нас сплянаваная паездка ў Полацак і Наваполацак".

Кандыдат у прэзыдэнты ад АГП Яраслаў Раманчук кажа, што сёньня меў бяссонную ноч:

Яраслаў Раманчук
"Сёньня ў 6:10 выступаў у наўпроставым эфіры дзяржаўнага радыё. Трэба было яшчэ і падрыхтавацца. Так што ночы ў мяне фактычна не было, бо толькі а першай гадзіне ночы вярнуўся з Гародні. Быў таксама на паседжаньні нашага штабу. А вось зараз зьбіраемся на Маладэчна — там спатканьні з прадпрымальнікамі і выбарцамі".

Прадстаўнік незарэгістраванай партыі БХД Віталь Рымашэўскі сёньня ўвечары выступае па дзяржаўным тэлебачаньні як кандыдат у прэзыдэнты:

Віталь Рымашэўскі
"І, па шчырасьці, якраз да яго зараз і рыхтуюся. А пасьля будзе адна сустрэча з нашымі актывістамі. Мы абмяркоўваем стратэгію, плянуем кашу кампанію надалей. І яшчэ ў сёньняшніх плянах наведваньне пікетаў у Менску, там, дзе яны ёсьць".

Па хвілінах расьпісаны сёньняшні дзень у кандыдата ў прэзыдэнты Віктара Цярэшчанкі:

Віктар Цярэшчанка
"У 1:47 ночы лёг спаць. У 4:08 устаў. На пачатку шостай паехаў на дзяржаўнае радыё. У 6:40 выступіў у наўпроставым эфіры. У 8 гадзін сустрэча з выбарцамі ў школе, абмяркоўвалі праблемы адукацыі. Затым нарада ў штабе. Пасьля сустрэча з вэтэранамі, гаварылі пра аблігацыі, пра ашчадныя ўклады. Наперадзе сёньня яшчэ шэсьць сустрэч. Калі казаць шчыра, я ўжо валюся ад стомы".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG