Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рымашэўскі: “Спачуваю людзям, якія зьвяртаюцца ў нашы лякарні”


У беларускім заканадаўстве няма правілаў, якія б прадугледжвалі публікацыю мэдычных бюлетэняў пра стан здароўя беларускага прэзыдэнта або прадстаўленьне кандыдатамі на прэзыдэнта мэдычных даведак у ЦВК. Ня дзейнічаюць падобныя законы і ў іншых постсавецкіх краінах. Хаця заклікі адносна іх увядзеньня ўсё часьцей можна пачуць ад саміх заканадаўцаў. Апошнім часам з адпаведнымі ініцыятывамі выступалі дэпутаты Эстоніі, Украіны, Кіргізстану…

Напярэдадні выбараў 19 сьнежня "Свабода" пацікавілася, як гэтыя людзі падтрымліваюць здаровы лад жыцьця, ці маюць яны нейкія мэдычныя праблемы, якія крокі неабходна рабіць дзеля паляпшэньня здароўя нацыі.


Віталь Рымашэўскі: узрост 35 гадоў, рост 176 см, вага ў межах 80 кг (даўно не вымяраў, аднак адчувае, што цяпер менш), ціск ня ведае.

Як лічыць кандыдат на прэзыдэнты Віталь Рымашэўскі, нармальны і адказны палітык павінен час ад часу наведваць звычайныя паліклінікі, нават і ня маючы праблем са здароўем.

Рымашэўскі: “Я ня памятаю, калі апошнім разам хварэў. Некалькі месяцаў таму вымушаны быў у выніку невялікай траўмы зьвярнуцца ў траўмапункт у нашу звычайную паліклініку ў мікрараёне Сухарава. Гэта быў сапраўдны жах. Людзі стаялі ў чаргу гадзінамі, у іх былі вельмі цяжкія траўмы, а ім не было куды сесьці. Стаўленьне да людзей, як да быдла. Я ня вытрымаў і напісаў скаргу. Плюнуў, сышоў з гэтай паліклінікі. Спачуваю гэтым людзям, хворым, якія вымушаныя зьвяртацца ў нашы лякарні”.

“Свабода”: “Ці не пагадзіцеся вы з тым, што праблема аховы здароўя ў Беларусі залежыць як ад сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця грамадзтва, так і ад яго мэнтальнасьці, любові людзей да саміх сабе?”

Рымашэўскі: “Я з гэтым згодны і ведаю, што беларусы традыцыйна ахвяруюць якасьцю свайго жыцьця дзеля сваёй сям’і… Скажам так, вельмі многія ня цэняць свайго здароўя і нават ня цэняць свайго жыцьця. Асабліва людзі больш сталага веку, якія маюць дарослых дзяцей. Яны атрымліваюць
“Вельмі многія беларусы ня цэняць свайго здароўя і нават свайго жыцьця”
жабрацкую пэнсію, але будуць дапамагаць гэтым дзецям ледзь не да іх пэнсіі і таму будуць працягваць працаваць на цяжкай працы і такім чынам гробіць сваё здароўе. Гэтыя людзі не атрымліваюць якасных мэдычных паслуг, эканомяць на прадуктах харчаваньня. Дададзім да гэтага чарнобыльскія праблемы. Тут, зразумела, і адсутнасьць культуры харчаваньня, і адсутнасьць абароны ад радыяцыі, ад розных шкодных рэчываў, якія нам цяпер бесьперашкодна скормліваюць”.

“Свабода”: “Ці не падаецца вам, што ў самім грамадзтве ёсьць пэўныя забабоны ў гэтым пытаньні, кепскае і нават грэблівае стаўленьне да чалавека, які хворы. Людзі саромеюцца гаварыць пра свае хваробы, паколькі існуе пэўная, хай схаваная, але дыскрымінацыя...”

Рымашэўскі: “Мне складана гаварыць пра гэта. Пэўна, ёсьць такая дыскрымінацыя. Проста апошнім часам вакол мяне знаходзяцца збольшага вернікі. І тут стаўленьне абсалютна іншае. Але ж я згадваю свой больш малады пэрыяд жыцьця — пры Саветах, перабудове. Сапраўды, было такое грэблівае стаўленьне да людзей, якія маюць пэўныя фізычныя абмежаваньні альбо кепскі стан здароўя. І ведаеце, мне здаецца, што такая мэнтальнасьць ёсьць складнікам нацысцкага мэнталітэту, расісцкага. Наша фізычнае здароўе, яно, безумоўна, важнае, але вельмі сумна, калі такое грэбаваньне ёсьць... Аднак я спадзяюся, што ў беларускага народу ў гэтым пляне ёсьць вельмі добрая якасьць: гэта людзі талерантныя і спачувальныя, людзі, якія могуць спачуваць чужому болю. І гэта можа быць падставай для зьменаў настрояў у грамадзтве”.

“Свабода”: “Што можа стаць падставай для зьменаў настрояў у стаўленьні беларуса да яго здароўя? Якія крокі вы б пачалі рабіць у мэтах паляпшэньня здароўя нацыі ў выпадку вашага абраньня прэзыдэнтам?”

Рымашэўскі: “Пачынаць трэба зь сям’і, са школы. Трэба з самага раньняга дзяцінства даваць дзецям узор у стаўленьні да фізычнай культуры. Трэба, каб са школы дзеці займаліся ў гуртках бясплатна. Трэба праводзіць больш
“Лядовыя палацы ў Беларусі — гэта помнікі цынічнаму і хамскаму стаўленьню беларускіх уладаў да людзей”.
спаборніцтваў сярод двароў, мікрараёнаў. Што да шматлікіх лядовых палацаў, якія цяпер будуюцца, то гэта ўсё, я б сказаў, помнікі цынізму, помнікі таму цынічнаму і хамскаму стаўленьню беларускіх уладаў да людзей. Бо палепшыць здароўе нацыі можа якраз не прафэсійны спорт, а фізычная культура.

Калі гаварыць пра менскі раён Сухарава, дзе жыве мае сям’я, то тут няма басэйнаў, куды маглі б хадзіць дзеці, моладзь, дарослыя людзі. Няма ўвогуле памяшканьняў для заняткаў масавым спортам. Няма гэтага — не будуецца зусім. А ў Сухарава пражываюць болей за 100 тысяч жыхароў, гэта насельніцтва невялікага гораду.

Менавіта шлях да разьвіцьця фізычнай культуры можа рэальна дапамагчы паляпшэньню здароўя нацыі.

І, безумоўна, дзяржава павінна забясьпечыць той высокі ўзровень мэдычнага страхаваньня, які б дазваляў кожнаму лячыцца вельмі якасна. Гэта сутнасьць прапаноў беларускай хрысьціянскай дэмакратыі, якую я выклаў днямі ў тэлеэфіры. У нас павінна быць уведзенае абавязковае мэдычнае страхаваньне для жыхароў Беларусі за кошт дзяржавы”.

“Свабода”: “У практыцы розных краін існавалі выпадкі, калі прэзыдэнтамі станавіліся ня надта здаровыя людзі, напрыклад, Рузвэльт, які карыстаўся інвалідным вазком. Вядомыя таксама прыклады, калі хваробы першых асобаў трымаліся ў таямніцы. Размова ідзе ў тым ліку і пра савецкіх кіраўнікоў. На ваш погляд, зь якімі хваробамі можна ісьці ў прэзыдэнты, а зь якімі — не?”.

Рымашэўскі: “Я ведаю, зь якімі нельга. З псыхічнымі. Таму наш наступны прэзыдэнт павінен быць псыхічна здаровым.

Таму людзі павінны абіраць прэзыдэнта, парлямэнт павінен мець
“Хворы духам кіраўнік давядзе краіну да катастрофы”.
магчымасьць зрабіць імпічмэнт, калі прэзыдэнт паводзіць сябе неадэкватна. Дадам, што таксама існуе і духоўнае здароўе. Калі хворы духам кіраўнік ідзе на повадзе інстынктаў і жарсьцяў: славалюбства, пыхі, срэбралюбства, то ён давядзе краіну да катастрофы”.

“Свабода”: “Як вы самі падтрымліваеце сваё здароўе?”

Рымашэўскі: “Маё здароўе? Калі быць шчырым, то пра сваё здароўе я мала клапачуся. Цяпер проста не хапае часу на заняткі фізычнай культурай. Я стараюся быць у басэйне, хаця б раз на тыдзень”.

“Свабода”: “Якому менскаму басэйну вы аддаеце перавагу?”

Рымашэўскі: “Хаджу ў розныя, называць ня буду, бо не хацелася б, пасьля таго, як агучу, сустракаць у гэтых басэйнах шмат непажаданых асобаў, асабліва з прадстаўнікоў спэцслужбаў. Але басэйн — гэта тое, што даступна і добра. Люблю плаваць, хоць і навучыўся гэтаму дастаткова позна. Таксама люблю прабежкі, таксама турнік, які ёсьць у нашым офісе. Каб займацца палітыкай ва ўмовах Беларусі, трэба мець здароўе. Бо гэта і выйсьце на плошчу, і шматлікія сустрэчы з людзьмі. Усё гэта вялікая псыхалягічная ды фізычная напруга”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG