Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Даляр у Беларусі будзе таньнець? Ня веру!"


Як вы ставіцеся да абяцаньня старшыні Нацбанку Пракаповіча, што даляр у Беларусі будзе таньнець? З такім пытаньнем наш карэспандэнт зьвяртаўся да гарадзенцаў.

Хлопец: "На гэтае пытаньне нельга адказаць адназначна, паколькі мы ня ведаем, як будуць зьмяняцца палітычныя абставіны ў сьвеце. А тое, што нам паабяцаў Пракаповіч — гэтаму нельга давяраць і ня можа быць ніякага даверу".

Спадар: "Ведаеце, фінансавая сыстэма так дзейнічае ў сьвеце, што ў любы час можа быць рост і падзеньне курсу валюты. А тое, што сказаў чыноўнік, — напэўна, ён са столі ўзяў такія довады. Бо ўсё залежыць не ад Пракаповіча, а ад усясьветнай эканомікі".

Спадарыня: "Тое, што даляр ня будзе расьці да Новага году — ня ведаю. Але да 19 сьнежня — дакладна расьці ня будзе".

Спадар:
"Я ня веру ў гэта, і ўсё тут. Трэба на эканоміку глядзець. Які можа быць давер? Вы паглядзіце, колькі шмат у нас стратных прадпрыемстваў".

Дзяўчына: "Зараз цяжка сказаць нешта канкрэтнае, але пасьля выбараў, Новага году, мне здаецца, усё зьменіцца кардынальна. Ну, а пакуль, можа, курс даляра і застанецца такі, як ёсьць, бо колькі тут да Новага году ўжо засталося?.."

Спадар: "З вопыту мінулых гадоў — то пад Новы год заўсёды нешта зьмяняецца. А што будзе з далярам — думаю, тут усё будзе залежаць не ад Новага году, а ад выбараў, ад таго, хто стане прэзыдэнтам".

Спадар: "Ну, раз ён афіцыйная асоба, старшыня Нацбанку, то я веру яму. Бо веру той палітыцы, якую праводзіць прэзыдэнт".

Спадар: "Непрадказальна гэта, але валюта расла і будзе расьці".

Ягоная жонка: "Сумняваемся мы, бо ўсё можа стацца. У нас тут нельга ні ўва што верыць. Карацей, мы, народ, наагул на раздарожжы…"

Спадар: "Так, правільна кажа…"

Спадарыня: "А я думаю, што даляр будзе толькі падымацца, а беларускі рубель яшчэ болей упадзе. Ня веру я ў гэтыя байкі, бо як так можа быць: даляр рос, рос… а тут табе раз — і ўпадзе…"
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG