Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падпіска на пэрыёдыку ў школах: па разнарадцы, пад прымусам


Мы працягваем тэму школьных пабораў. Не сакрэт, што і школьнікаў, і настаўнікаў прымушаюць падпісвацца на пэўныя пэрыядычныя выданьні. Наколькі гэта правамоцна?

Днямі бацькі першаклясьнікаў 23-й менскай гімназіі прыйшлі на бацькоўскі сход, дзе ім настаўніца паведаміла, што трэба выпісаць тры выданьні: часопісы «Вясёлка», «Качели» і газэту «Юный спасатель». Распавядае маці першаклясьніка спадарыня Крысьціна:

«Насамрэч нам сказалі, што ёсьць такі парадак — выпісваць гэтыя тры выданьні. Таму вырашайце, якім чынам мы на гэта арганізуем збор сродкаў».

У бацькоў, натуральна, паўстала пытаньне: а чаму менавіта гэтыя выданьні? Маці першаклясьніка спадарыня Крысьціна працягвае:

«Адносна „Вясёлкі“ асабліва ніхто не абураўся, таму што гэта адзіны беларускамоўны часопіс. І нават „Юный спасатель“ ня выклікаў пытаньняў, таму што ў клясе шмат хлопцаў, і тэма для іх цікавая. Але часопіс „Качели“ — рускамоўны, ён для дзяцей абсалютна нецікавы. Але высьветлілася, што менавіта гэтыя пытаньні зьяўляюцца абавязковымі для выпісваньня. Таму вырашылі проста бацькоўскім сходам гэта пытаньне высьветліць да канца. Вырашылі напісаць ліст ва ўсе магчымыя інстанцыі».

У залежнасьці ад школы і ўзросту дзяцей пералік выданьняў можа мяняцца, але тое, што настаўнікаў прымушаюць забясьпечыць падпіску — гэта факт, які яны самі пацьвярджаюць:

«Афіцыйна забаронена нават капейку браць з бацькоў. Дык за чые грошы я выпішу 5 экзэмпляраў „Юного спасателя“, 5 — „Переходного возраста“? Абавязаныя выпісваць газэты, нікому не патрэбныя».

Маці першаклясьніка 23-й гімназіі спадарыня Крысьціна разумее, што калі бацькі не пагодзяцца падпісацца, гэта вымушаная будзе зрабіць настаўніца, каб ня мець непрыемнасьцяў:

«Многія бацькі сутыкаліся з гэтым у іншых школах. Як правіла, гэта заканчвалася тым, што настаўніцы ціхенька самі, са сваіх грошай гэта ўсё выпісвалі, каб ня выклікаць нейкую хвалю пратэсту з боку бацькоў. Выданьні гэтыя ніколі да дзяцей не даходзілі, адразу адпраўляліся ў макулятуру.
Выданьні гэтыя ніколі да дзяцей не даходзілі, адразу адпраўляліся ў макулятуру.
Былі выпадкі, калі бацькі проста прыносілі квітанцыі на выданьні, якія яны выпісваюць для сябе».

Бацькі вучняў 23-й гімназіі напісалі запыт на імя міністра адукацыі Аляксандра Радзькова, у Камітэт па адукацыі Менгарвыканкаму, рэдактарам часопісаў і газэтаў. У запыце пяць пытаньняў, кшталту:

• Ці абавязаныя бацькі афармляць падпіску на якія-небудзь пэрыядычныя выданьні?
• На падставе якіх прававых актаў?
• Хто і якім чынам зацьвярджае пералік выданьняў?
• Ці маюць бацькі права адмовіцца ад прапанаванай падпіскі?
• У выпадку адмовы бацькоў, якія санкцыі прадугледжваюцца ў адносінах да клясных кіраўнікоў?

Маці школьніка спадарыня Вольга кажа:

«Ну, прынамсі, такім чынам мы ўратуем нашу настаўніцу ад ціску. У яе будзе пісьмовы адказ, што бацькі яе клясы зрабілі пісьмовы запыт. Задача-максымум — хацелася б, каб зрабілі высновы, што трэба рабіць якасныя часопісы, якія дзеці самі будуць з ахвотай чытаць, а не якія я буду з усялякімі танцамі з бубнам прапаноўваць. Ну, давай я табе пачытаю, а ты паслухаеш».

Начальнік Упраўленьня школьнай адукацыі Мінадукацыі Юры Гладкоў, што да прымусовай падпіскі, запэўніў Радыё Свабода:

«Мы ніколі такіх прамых даручэньняў не даем, бо разумеем, што нас потым высьмеюць».

Карэспандэнтка: «Але настаўнікі стогнуць, што іх прымушаюць, і яны вымушаны выпісваць за свае грошы…»

«Мінадукацыі не прымушае настаўнікаў. Ніколі Мінадукацыі нікога не прымушала».

Юры Гладкоў параіў удакладніць яшчэ ва Ўпраўленьні сацыяльнай і выхаваўчай работы Мінадукацыі. Начальнік Упраўленьня Юры Емельяненка, што да канкрэтных выданьняў, выказаўся так:

«Што тычыцца „Качелей“ і „Вясёлкі“, ніколі ніякіх лістоў у падтрымку, тым больш, каб абавязвалі выпісваць гэтыя выданьні, мы не адпраўлялі».

Карэспандэнтка: «Але і настаўнікі, і бацькі скардзяцца, што прымушаюць выпісваць пэўныя выданьні. На якім узроўні тады гэты „прымус“ ідзе, калі Міністэрства адукацыі да гэтага ніякага дачыненьня ня мае?»

«Калі ня маем дачыненьня мы — а я пра гэта цалкам кампэтэнтна магу вас запэўніць, — то, натуральна, гэта робіцца на ўзроўні нейкай галіны выканаўчай улады. На якой, я вам дакладна сказаць не магу».

Так, прыходзіць разнарадка. Можа, Міністэрства адукацыі і клянецца ў адваротным, але ж райаддзел па адукацыі, напэўна, таксама не з паветра бярэ.
Галоўны інспэктар аднаго з раённых аддзелаў адукацыі спадарыня Ірына прызнаецца:

«Так, прыходзіць разнарадка. Можа, Міністэрства адукацыі і клянецца ў адваротным, але ж райаддзел па адукацыі, напэўна, таксама не з паветра бярэ. Як толькі пачынаецца падпісная кампанія, на школы прыходзіць з райаддзелу адукацыі разнарадка ведамаснай і індывідуальнай падпіскі. Там пазначана, якую колькасьць выпісвае аддзел (а аддзел, вядома, за кошт дзяржбюджэту выпісвае па мінімуме: адну „Советскую Белоруссию“, яшчэ якую-небудзь „Асвету“), а астатняе — індывідуальная падпіска».

Прычым, пэўную колькасьць выданьняў абавязаныя выпісаць самі настаўнікі, пэўную колькасьць разьмяркоўваюць на клясы, кажа чыноўніца аднаго з райаддзелаў адукацыі:

«Образование Минщины» — у нас «абавязалаўка». Норма — адзін часопіс на 10 настаўнікаў. Мы яго звычайна выпісваем на мэтадычныя аб’яднаньні. Кожнае скідвалася на «Образование Минщины», якое ў нас самае скандальнае. «Настаўніцкую газэту» яшчэ худа-бедна народ выпісваў хаця б на адзін месяц. На клясу — «Переходный возраст», «Знамя юности», ну, гэтых яшчэ хаця б па 5, па 4. Ну, а гэты «мэга-гіт» «Юный спасатель» прымушалі наагул па 15 экзэмпляраў, але мы звычайна «зьбівалі» да 12».

Дарэчы, пакуль бацькам 23-й гімназіі на іх запыт адказаў толькі прэсавы сакратар Міністэрства па надзвычайных сытуацыях Віталь Навіцкі, які паабяцаў разабрацца, бо МНС не давала школам рэкамэндацыяў падпісвацца на «Юный спасатель», і даць дакладныя тлумачэньні пазьней.

Галоўны рэдактар часопіса «Качели» Эмілія Луканская пра прымусовую падпіску нічога ня ведае і нават пакрыўдзілася:

«Што значыць „прымушаюць“? Шмат гадоў змагаліся за такі часопіс, а цяпер кажуць: „прымушаюць“. Нумар каштуе 3 тысячы ў месяц, і мы не павысілі цэны. Нам нават крыўдна чуць, што прымушаюць падпісвацца. Калі прымушаюць — дык ня трэба».

Справа, вядома, ня ў трох тысячах рублёў. На думку маці першаклясьніка Вольгі, у такім узросьце дзецям яшчэ не цікава чытаць, да прыкладу, тыя ж «Качели», якія разьлічаныя на больш старэйшых. Да таго ж, на яе думку, беларускія дзіцячыя часопісы не вытрымліваюць канкурэнцыі, калі іх параўнаць зь іншымі:

«Маё беларускамоўнае дзіця, якое найперш арыентуецца на малюнкі і на нейкія цікавыя коміксы, калі прыйдзе на той самы кірмаш часопісаў, я мяркую, схопіць спачатку якіх-небудзь „Сьмяшарыкаў“, „Тачкі“ ці „Спайдэрмэнаў“, таму што гэта зусім іншы ўзровень паліграфіі і зусім іншая падача матэрыялаў».

Бацькі ня супраць таго, каб выпісваць ці купляць дзеткам у шапіках «Белсаюздруку» газэты і часопісы. Яны толькі за тое, каб гэтыя выданьні былі цікавыя. І тады ня будзе прымусу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG