Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Андрэй Расінскі — пра пяць турыстычных кнігаадрасоў Менску


Андрэй Расінскі
Андрэй Расінскі

Кожная літаратура мае свае месцы, зь якімі зьвязаныя паданьні й легенды, міты й казкі. Лясы й балоты, старажытныя палацы, безымянныя пракаветныя курганы і дзіўныя назвы забытых паселішчаў спараджаюць рамантычныя гісторыі і дэтэктыўныя сюжэты. Гарады таксама маюць свае «чароўныя» месцы. Андрэй Расінскі — пра пяць адрасоў Менску, якія могуць стаць маршрутам захапляльнай пешаходнай вандроўкі па літаратурных мясьцінах сталіцы.


Першы менскі адрас, канешне, Няміга.

«На Нямізе галовы сьцелюць снапамі,
Харалужнымі малоцяць цапамі,
жыцьцё кладуць на таку зьлюцела,
веюць душу ад цела.
Нямігі крывавыя берагі…»

«Слова пра паход Ігаравы»
— магчыма, сярэднявечны твор, магчыма — геніяльная падробка. Але я хацеў бы зьвярнуць увагу на іншую гісторыю.

Валянцін Акудовіч — і ягоная кніга «Мяне няма. Роздумы на руінах чалавека». кніга «Мяне няма. Роздумы на руінах чалавека». Гэта парадаксальны роздум, у тым ліку, і над «Нямігі крывавымі берагамі». Акудовіч гэтыя берагі пераасэнсоўвае.

Гэта парадаксальны роздум, у тым ліку, і над «Нямігі крывавымі берагамі». Акудовіч гэтыя берагі пераасэнсоўвае.

Трэба сказаць, з «чароўнымі» адрасамі адбываецца тое ж, што й з кітайскімі гіерогліфамі: сэнсы й гісторыі перагукаюцца. Адно й тое ж месца можа чытацца цалкам па-рознаму.

Ня вынятак іншы адрас — Плошча Свабоды, на месцы новазбудаванага гатэля «Эўропа». Зьвязаны ён з Вінцэнтам Дунінам-Марцінкевічам. А, дакладней, зь ягоным творам «Сялянка». Вядома пазьнейшая назва «Ідылія». Музыку да гэтай опэры напісаў Станіслаў Манюшка, адну з галоўных роляў — Навума Прыгаворкі — сыграў сам Дунін-Марцінкевіч.

І сыграў — у Менскім тэатры, які й знаходзіўся на Плошчы Свабоды. Гэты будыначак перажыў войны — і быў зьнішчаны зусім нядаўна — у 1984 годзе. Што выклікала — нечувана для савецкага часу — пратэсты моладзі, якая потым стаяла ля вытокаў БНФ. Але гэта ўжо найноўшая гісторыя.

Трэці адрас — вуліца Максіма Багдановіча, насупраць Опэрнага тэатру.

Я маю на ўвазе ня помнік Максіму Багдановічу, хаця ягонае ўсталяваньне й перанос самі па сабе цікавыя. Цяпер помнік глядзіць на дом, дакладней — на месца, дзе стаяў дом, у якім нарадзіўся аўтар «Вянка».

Але цяпер я хацеў бы засяродзіцца не на пекнай кнізе, а на самой вуліцы. За савецкім часам яна насіла імя Максіма Горкага. У гэтай гульні з назвамі ёсьць свая радавая інтрыга. Будучы беларускі паэт Максім Багдановіч і пралетарскі пісьменьнік Максім Горкі былі сваякамі. Бацька Максіма — Адам Ягоравіч, пабраўся другім шлюбам зь сястрою жонкі Максіма Горкага.

Абставіны гэтага шлюбу — і таго, што адбылося потым — суцэльны лацінаамэрыканскі сэрыял, тактоўна апісаны Сямёнам Букчыным у другім нумары біяграфічнага альманаху «Асоба і час».

Але пяройдзем да чацьвёртага адрасу — каля кінатэатра «Піянэр». Перанасычаны літаратурнымі алюзіямі адрас. З аднаго боку — на тым доме цяпер мэмарыяльная шыльда — пэўны час жыў Уладзімір Караткевіч.

З другога боку — газон ля адміністрацыі прэзыдэнта. Там стаяў зьнесены Дом пісьменьніка, колішняя сядзіба Віктара Янчэўскага. Менавіта там «не сабраў касьцей гаўляйтэр», як піша Францішак Вядзьмак-Лысагорскі (ён жа Ніл Гілевіч) — у «Сказе пра Лысую гару». Пра раскіданьне гаўляйтаравых костачак выдала кнігу ўспамінаў Алена Мазанік. Кніжка «Помста», было два выданьні. (Уявіце сабе, адміністрацыя прэзыдэнта насьледуе тэрыторыю — дзе ўсенародна-Гітлера-абранага кіраўніка падрываюць мінай ва ўласным ложку!)

Але найцікавейшы літаратурны твор пра гэты топас — у кнізе Францішка Хлуса і Марціна Юра «Здані і пачвары Беларусі». Легенда «Гаўляйтар і Пакаёўка». Зрэшты, у «Зданях» маюцца й іншыя менскія адрасы: Камсамольскае возера з цыцастай русалкай, будынак Беларускае тэлевізіі, мэтро (фантомы й блуднікі дадаюцца).

Аднак суцэльнай адраснай кнігай зьяўляецца «Дамавікамэрон» Адама Глобуса. Гвалтаўніку падабаецца «Цэнтральны» ўнівэрсам і такі ж кінатэатар. Мярзотнік з абрэзанымі пазногцямі, якія ён марыць засыпаць у студэнцкі харч, швэндаецца па Траецкім прадмесьці. Юрлівы рыбнік наталяе жарсьці ў краме «Акіян». А што адбываецца ў Парку Чалюскінцаў ды ля лебядзінага стаўка ў Батанічным садзе — лепей, увогуле, памаўчаць!

І паўсюль — дамавікі, цікаўнікі, сутарэньнікі, грэшнікі, залётнікі й русалкі. І ў кожнай істоты — свой менскі адрас.

Не шукайце небясьпечных літаратурных адрасоў — вас знойдуць і так! Гуляйце па мясьцінах клясыкаў — гэта менш небясьпечна і больш цікава!
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG