Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менскае “Эўрабачаньне”: гульні дарослых у дзіцячы конкурс


20 лістапада ў Менску адбудзецца падзея, якой у дзяржаўных мэдыях надаецца нашмат больш увагі, чым нават прэзыдэнцкім выбарам. Упершыню Беларусь прымае дзіцячы конкурс «Эўрабачаньне», але ажыятаж вакол імпрэзы зусім недзіцячы. Сёньня ў комплексе «Менск-Арэна» пройдзе адна з двух адкрытых рэпэтыцый, на якія можна трапіць па квітку, а заўтра ўвечары ў фінале імпрэзы на памост выйдуць маладыя артысты з 14 эўрапейскіх краінаў. Канцэртную пляцоўку наведаў і Аляксандар Лукашэнка.

На асноўны конкурс гледачам трапіць ужо немагчыма, а вось убачыць амаль тое ж шоў, толькі без выстаўленьня ацэнак глядацкага журы, можна сёньня ўвечары і заўтра ў першай палове дня. Квіткі на абедзьве рэпэтыцыі яшчэ не раскупленыя, кошт — да 90 тысяч рублёў у залежнасьці ад аддаленасьці ад сцэны. Для параўнаньня, на фінал білеты істотна даражэйшыя — да 150 тысяч рублёў.

Перадконкурсны эўратыдзень стартаваў яшчэ 15 лістапада, калі ў Менск пачалі зьяжджацца канкурсанты з 14 краінаў — Армэніі, Беларусі, Бэльгіі, Грузіі, Латвіі, Літвы, Македоніі, Мальты, Малдовы, Нідэрляндаў, Расеі, Сэрбіі, Украіны, Швэцыі. Прымаюць падлеткаў па-даросламу: чатырохзоркавым гатэлем «Менск», абсталяванымі грымёркамі «Менск-Арэны», шырокай культурнай праграмай і шматлікімі экскурсіямі.

Зразумела, што ажыятаж вакол дзіцячага конкурсу падаграваюць дарослыя людзі. Цягам году ледзь не штодня на Беларускім тэлебачаньні зьяўляліся падрабязныя справаздачы пра падрыхтоўку да імпрэзы. Важнасьць музычнага форуму сёньня адзначыў і Аляксандар Лукашэнка, які наведаў «Менск-Арэну»: падняўся на сцэну, пагаварыў з удзельнікамі конкурсу, пацікавіўся, як адбываецца рэпэтыцыя. І зрабіў выснову: гэта ня проста шараговы конкурс — гэтай падзеяй жыве ўся краіна.

Ці апраўданая такая звышувага да мерапрыемства, якое вядзе сваю біяграфію толькі ад 2003 году і моцна саступае ў маштабе старэйшаму клону? Прынамсі ў дарослым «Эўрабачаньні» ўдзел бяруць прадстаўнікі больш чым 40 краінаў. Сваё меркаваньне выказвае музычны крытык Вітаўт Мартыненка:

«Я не гляджу на гэта з той пазыцыі, што носяцца, як зь пісанай торбай. Гэта нармальна: у нейкія вякі ў Беларусі адбываецца такі маштабны конкурс, а фактычна — упершыню.
Беларускі дух там не прысутнічае і не адчуваўся ніколі.
Праўда, размовы пра тое, што ў нас нібыта круцей, чым ва ўсёй Эўропе, вядома, сьмешнавата выглядаюць. Але ў прынцыпе праблема ў іншым: гэты фэстываль ніколі ня быў урачыстасьцю беларускага духу. Беларускі дух там не прысутнічае і не адчуваўся ніколі. Аднойчы хтосьці выканаў беларускую песеньку, але ж яе ніхто так і не засьпяваў, народ не падхапіў. Вось украінцы прыехалі — справа іншая. Нутром адчуваеш, што прыехалі менавіта ўкраінцы. Бо людзі думаюць пра сваю дзяржаву».

Візытоўкай імпрэзы будзе пераможца мінулагодняга дарослага «Эўрабачаньня» Аляксандар Рыбак, які ўжо прыехаў у Менск, каб узмацніць сваёй прысутнасьцю музычны форум. Аляксандар, народжаны ў Беларусі, апошнія 20 гадоў жыве ў Нарвэгіі. Эўрапейская слава пасьля трыюмфу зь песьняй «Казка» асабліва не звалілася, але на постсавецкай прасторы Рыбак пазнавальны практычна паўсюдна. Ён і сам не хавае, што ў вызначэньні сваёй ідэнтычнасьці завіс недзе пасярэдзіне:

«Паколькі гэта дзіцячае шоў, іншымі словамі, сьвята для ўсёй сям’і, то адмыслова для гэтага я падрыхтаваў вельмі яскравую песьню з майго новага альбому. Яна ў поўнай адпаведнасьці з тэматыкай конкурсу, паколькі прысьвечаная Эўропе. Я сьпяваю нібыта пра дзяўчыну, але насамрэч гэта пра нашу Эўропу. Пра тое, што я заўсёды да яе вярнуся. Але ўвогуле вельмі прыемна зноў прыехаць у Беларусь, на сваю радзіму».

Беларусь на конкурсе будзе прадстаўляць 13-гадовы Даніла Казлоў зь невялікага горада Жабінка на Берасьцейшчыне. На сцэну ён выйдзе дванаццатым.

Даніла з бацькамі на месяц перабраўся ў сталіцу, каб належным чынам падрыхтавацца да, бадай, галоўнага конкурсу ў сваім жыцьці. У фінале хлопчык выканае песьню «Музыкі сьвятло», якая ўтрымлівае музычныя запазычанасьці зь легендарнага твору Людвіка Бэтховэна «Месяцовая саната».



Конкурсны нумар ад Беларусі, што ў апошнія гады ўжо стала звыклай зьявай, будзе гучаць па-расейску. І гэта пры тым, што ў сваім арсэнале Даніла Казлоў мае і беларускамоўны рэпэртуар:

«Колькі ў жыцьці не бачыў розных я краін,
Толькі родны край беларускі для мяне адзін.
За яго аддам жыцьцё, калі будзе патрэбна.
Толькі бачу родны куток, заўсёды блакітнае неба…»

Эўрапейскія букмэкеры асаблівых спадзяваньняў беларускаму ўдзельніку і ягоным прыхільнікам не пакідаюць. У ліку фаварытаў — канкурсантка са Швэцыі, 13-гадовая Жазэфін Рыдэл зь песьняй «Усё, чаго я хачу». На думку прагназістаў, у тройку лідэраў таксама ўвойдуць 15-гадовая латышка Шарлота Ленманэ і бэльгійкі Джыл і Лорэн, якім таксама па 15. Няма беларуса Казлова і ў «шорт-лісьце», агучаным згодна з сымпатыямі эўрапейскіх журналістаў, акрэдытаваных на конкурсе. Іхны рэйтынг выглядае так: Грузія, Мальта, Нідэрлянды.

Варта нагадаць, што пасьля леташняга настрою, калі перамога ледзьве не загадзя аддавалася скандальнаму «чароўнаму трусіку» Юру Дземідовічу, гэтым разам беларускі штаб у сваіх плянах куды больш стрыманы. Маўляў, галоўнае арганізаваць сам конкурс на такім узроўні, каб паставіць на месца некаторых скептыкаў.

Што да трыюмфатараў дзіцячых конкурсаў, то Беларусь тут застаецца сярод бясспрэчных лідэраў. У 2005 годзе першае месца заняла Ксенія Сітнік, праз год другім быў Андрэй Кунец, а 2007-м першынстваваў Аляксей Жыгалковіч. У 2004 годзе, калі Беларусь дэбютавала на «Эўрабачаньні», Вользе Сацюк не хапіла літаральна кроку да «бронзы» — яна фінішавала чацьвёртай.

Між тым крытык Вітаўт Мартыненка кажа, што далей кароткачасовых плянаў у Беларусі ня думаюць — ніхто зь ляўрэатаў зь цягам часу так і ня стаў пазнавальным артыстам нават на радзіме:

«Паспрабую не глядзець, таму што я вечна гляджу і расчароўваюся. З той жа Сітнік носяцца да гэтага часу як зь пісанай торбай, хоць прагрэсу ніякага. Цікавая штука: усе зоркі адной песьні парадзіруюць самі сябе. Усе гэтыя расейскія прыпеўкі кшталту „ахі-охі“ да добрага не прыводзяць. Ёй адзін раз удалося, і гэта было шчыра. Але калі яна пачала ў 25-ы раз у 25-й песьні адзін і той жа элемэнт пракручваць, я зразумеў: мамка прыдумала і адзін і той жа элемэнт даўбіць і даўбіць. Як гаворыцца, не шэдэўр усясьветнага шоў-бізу. Так і цяпер: хлопец таленавіты, сьпявае, але божанька ня даў геніяльную песьню. Яна складаная, але неяк ня прэ. Прынамсі мне так думаецца».

Арганізатары дзіцячага «Эўрабачаньня» не раскрываюць камэрцыйныя таямніцы маючай адбыцца імпрэзы, аднак экспэрты лічаць, што мерапрыемства можа стаць самым дарагім у непрацяглай гісторыі дзіцячых конкурсаў. У гэтым зьвязку спэцыялісты мяркуюць, што ажыятажнае стаўленьне дзяржавы да конкурсу дзіцячай песьні ніяк не адпавядае маштабу падзеі — толькі сцэна пад назвай «Крылы вясёлкі» абышлася арганізатарам у паўмільёна даляраў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG