Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Прышчэпка дэмакратыі" для Беларусі: яшчэ адна спроба


У Бэрліне працягваецца ІІ Форум грамадзянскай супольнасьці, заснаваны ў рамках ініцыятывы Эўразьвязу "Ўсходняе партнэрства". Магчымасьці трэцяга сэктару ў прасоўваньні дэмакратычных рэформаў прапануюць прадстаўнікі 230 няўрадавых арганізацый. Агульнае паседжаньне адкрыў міністар замежных спраў Нямеччыны Гіда Вэстэрвэле.

Галоўнай дэкляраванай мэтай форуму — наладжваньне дыялёгу паміж грамадзянскай супольнасьцю і ўладамі дзяржаваў, запрошаных да ўдзелу ў праграме "Ўсходняе партнэрства". Краінаў, якім Эўропа намагаецца "прышчапіць" дэмакратыю, шэсьць: Азэрбайджан, Армэнія, Беларусь, Грузія, Малдова і Ўкраіна. Шмат хто з экспэртаў перакананы, што безь зьнешняй дапамогі знайсьці паразуменьне ўнутраным апанэнтам надзвычай складана.

У 2011 годзе старшыняваць у Эўразьвязе будзе Польшча, і польскае кіраўніцтва адкрыта заяўляе, што зацікаўленае ў як найхутчэйшай эўрапеізацыі прынамсі бліжэйшых усходніх суседзяў. Пра гэта гаварыў міністар Польшчы ў справах Эўразьвязу Мікалай Даўгілевіч:
ў Беларусі ёсьць прыкметы, што маючыя адбыцца прэзыдэнцкія выбары будуць праведзеныя ў больш дэмакратычным рэчышчы ...

"У лістападзе 2011 году ІІІ Форум грамадзянскай супольнасьці адбудзецца ў Познані. І няма сумневу, што "Ўсходняе партнэрства" будзе адным з прыярытэтаў у зьнешняй палітыцы дзяржавы. Увогуле гэта можна лічыць адным з самых пасьпяховых праектаў Эўразьвязу за апошні час, паколькі ён дэманструе здольнасьць праводзіць мяккую, паступовую палітычную трансфармацыю ў краінах, якія маюць патрэбу ў дэмакратычным разьвіцьці. Мы бачым істотныя пазытыўныя зьмены ў Малдове. Гэтаксама ў Беларусі ёсьць прыкметы, што маючыя адбыцца прэзыдэнцкія выбары будуць праведзеныя ў больш дэмакратычным рэчышчы. І гэта праявы канкрэтнага прагрэсу ў рамках "Ўсходняга партнэрства".

На правах гаспадара форуму перад удзельнікамі выступіў міністар замежных спраў Нямеччыны Гіда Вэстэрвэле, які гэтаксама пацьвердзіў неабходнасьць як найхутчэйшага інтэграваньня постсавецкіх краінаў у эўрапейскую супольнасьць. На мінулым тыдні Вэстэрвэле разам са сваім польскім калегам Радаславам Сікорскім наведалі Менск і далі зразумець, што далучэньне да эўрапейскай супольнасьці нясе для не ахопленых дэмакратычнымі працэсамі краінаў шэраг рэальных выгадаў. Але дзеля гэтага тыя мусяць трымацца прынцыпаў дэмакратыі.

Яшчэ адзін нядаўні візытэр у Беларусь, эўракамісар у пытаньнях пашырэньня і палітыкі суседзтва Штэфан Фюле, на форуме наўпрост заявіў: Эўразьвяз можа нават скасаваць візавы рэжым для краінаў-удзельніц "Усходняга партнэрства", аднак пры ўмове ўкараненьня ў іх эўрапейскіх стандартаў. Паводле слоў спадара Фюле, "адвакатам лібэралізацыі" візавага рэжыму павінна выступаць грамадзянская супольнасьць, бо менавіта актыўныя грамадзяне могуць прымусіць улады распачаць неабходныя рэформы.

Беларусь у Бэрліне прадстаўляюць 27 грамадзкіх арганізацый і ініцыятываў. Нацыянальны каардынатар Форуму грамадзянскай супольнасьці Ўлад Вялічка выказаў думку, што Эўразьвяз павінен выпрацаваць больш акрэсьленыя крытэрыі, якія дазволілі б меркаваць пра наяўнасьць прагрэсу ў Беларусі. Такія крытэрыі маглі б знайсьці адлюстраваньне найперш у "дарожных мапах":

Уладзімер Вялічка
"Нармальна, што тыя ці іншыя палітычныя лідэры спрабуюць выкарыстаць эўрапейскую карту ў сваіх плянах. Але мы павінны разумець: Форум грамадзянскай супольнасьці ўжо існуе, Нацыянальная плятформа створаная — і гэта месца, дзе любая арганізацыя — прадзяржаўная, незалежная — можа паставіць пытаньне і прапанаваць яго да абмеркаваньня, калі гэта тычыцца парадку дня "Ўсходняга партнэрства". Вядома, Нацыянальная плятформа — не абсалютны голас усёй грамадзянскай супольнасьці, таму што для гэтага папросту не існуе такіх мэханізмаў у краіне, дзе столькі праблемаў з камунікацыяй, з публічнасьцю і г.д. Але ў кожнай арганізацыі ёсьць магчымасьць увайсьці ў гэты працэс. І для нас прынцыпова, што гэтая пляцоўка адкрытая для любых, нават самых складаных камунікацыяў".

Беларускія ўдзельнікі прапанавалі да разгляду блізу дзясятка "дарожных мапаў", якія маюць на мэце аблегчыць працэс збліжэньня пазыцыяў як паміж грамадзянскай супольнасьцю і ўладамі ў самой Беларусі, так і ў адносінах з Эўразьвязам.

На наступным тыдні тэма "Ўсходняга партнэрства" будзе абмяркоўвацца ўжо на дзяржаўным узроўні. 23 лістапада ў Брусэлі пройдзе нарада міністраў замежных спраў краін-удзельніц гэтай ініцыятывы. Беларускую пазыцыю прадставіць дэлегацыя МЗС на чале з намесьнікам міністра Валерыем Варанецкім. Асаблівую ўвагу мяркуецца акцэнтаваць на эканамічным складніку, а таксама на зьмястоўным напаўненьні саміту "Ўсходняга партнэрства", які адбудзецца ў траўні 2011 году ў Будапэшце.

Нагадаем, што ўдзельнікі ініцыятывы "Ўсходняе партнэрства" — 27 краінаў-сябраў Эўразьвязу, а таксама шэсьць поставецкіх дзяржаваў: Азэрбайджан, Армэнія, Беларусь, Грузія, Малдова і Ўкраіна.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG