Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Раманчук прапанаваў Ярмошынай паехаць у Парыж


Сёньня Цэнтральная выбарчая камісія правяла афіцыйную рэгістрацыю кандыдатаў у прэзыдэнты Беларусі. З 11-ці заяўнікаў іспыт вытрымалі 10,— усе, акрамя віцебскага прадпрымальніка Ўладзімера Правальскага. Такім чынам, зьявіўся новы рэкорд зарэгістраваных прэтэндэнтаў на прэзыдэнцкіх выбарах. У 1994 годзе такіх было 7, у 2001 і 2006 — па 4.

Цырымонія афіцыйнай рэгістрацыі праходзіла ў Палацы Рэспублікі. З кандыдатаў асабіста на яе не зьявіліся трое — Аляксандар Лукашэнка, Уладзімер Някляеў і Віталь Рымашэўскі. Іх інтарэсы на паседжаньні прадстаўлялі адпаведна Аляксандар Радзькоў, Васіль Лявонаў і Павал Севярынец.

Аб «асабістых справах» кандыдатаў дакладаў сакратар ЦВК Мікалай Лазавік. Прэтэнзіі ў камісіі былі да Алеся Міхалевіча, чыя жонка паказала ў дэклярацыі заробленых грошай больш, чым яна атрымала насамрэч; да Ўладзімера Някляева, які не задэкляраваў 20 акцыяў па 30 рублёў кожная; да Віктара Цярэшчанкі, які не пазначыў у дэклярацыі аўтамабіль ВАЗ, які, як высьветлілася, знаходзіцца «ва ўгоне»; да Дзьмітрыя Вуса, які занізіў свой гадавы прыбытак на 4,5 мільёна рублёў. Аднак ва ўсіх гэтых выпадках сакратар ЦВК прапаноўваў зарэгістраваць кандыдатаў. Што і было аднагалосна зроблена сябрамі камісіі.

Ужо пасьля завяршэньня рэгістрацыі старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына ў размове з журналістамі ацаніла гэта, як працяг лібэральнага курсу на гэтых выбарах. І сказала, што пачатак кампрамісаў трэба лічыць ад рэгістрацыі ініцыятыўнай групы Някляева:
Падчас праверкі падпісных аркушаў усе сумневы, якія сустракаліся, трактаваліся выключна на карысьць патэнцыйных кандыдатаў у прэзыдэнты.

«Зараз мы таксама палічылі магчымым не зьвяртаць увагу на недакладнасьць у дэклярацыі пра прыбытак і маёмасьць. А падчас праверкі падпісных аркушаў усе сумневы, якія сустракаліся, трактаваліся выключна на карысьць патэнцыйных кандыдатаў у прэзыдэнты».

Асобна разглядалі справу Ўладзімера Правальскага, які, як лічыць ЦВК, перадаў у выбарчыя камісіі толькі 118 арыгінальных подпісаў. А ўсе астатнія — падробленыя. Спадару Правальскаму, які з гэтым не пагадзіўся, прапанавалі цягам трох дзён зьвярнуцца ў Вярхоўны суд.

Усе кандыдаты альбо іх давераныя асобы, калі атрымлівалі пасьведчаньні, мелі магчымасьць выступіць з кароткай прамовай. А Яраслаў Раманчук яшчэ і ўручыў кніжку Лідзіі Ярмошынай. Тая адрэагавала на падарунак так:

«Яраслаў Часлававіч, у мяне пытаньне: кніжка пра Парыж — гэта зьдзек ці суцяшэньне?

Раманчук: «Насамрэч гэта да пытаньня пра выбары. Калі яны будуць дэмакратычнымі, то кожны з нас, уключна з вамі, зможа наведаць гэты цудоўны горад».

Андрэй Саньнікаў у сваім выступе згадаў імя былога старшыні ЦВК Віктара Ганчара і прапанаваў ушанаваць яго памяць хвілінай маўчаньня:

«Нашу краіну сёньня называюць апошняй дыктатурай у Эўропе. Гэта ганьба для краіны. Але гэта справядлівая ацэнка цяперашняй сытуацыі ў Беларусі. Мы можам дакладна назваць дату, калі краіна пачала каціцца да дыктатуры. Гэта 14 лістапада 1994 году, калі быў незаконна зьняты з пасады старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Віктар Ганчар».

Такім чынам, афіцыйна зарэгістраваных кандыдатаў застаецца 10. Але ці ўсе яны дойдуць да фінішу выбарчай гонкі? Адказваючы на гэта пытаньне «Свабоды», Лідзія Ярмошына сказала, што тут усё залежыць ад далейшых паводзінаў прэтэндэнтаў:

«Калі яны груба парушаюць закон, напрыклад, выкарыстоўваюць грошы замежных грамадзян альбо арганізацыяў, — гэта падстава для адмены рэгістрацыі. Прычым падстава безумоўная, калі гэта будзе даказана. Альбо паўторнае папярэджаньне кандыдата ці яго ініцыятыўнай групы. Гэта таксама падстава для адмены рэгістрацыі».

Сёньня ж адбылося лёсаваньне парадку выступаў кандыдатаў у прэзыдэнты. Дэбаты паміж імі будуць праходзіць у жывым эфіры. Удзел у дэбатах — добраахвотны.

Рэгістрацыйны канвэер ЦВК

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG