Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ня мяжы канфіскавалі кнігі Пазьняка і Навумчыка


17 лістапада на прапускным пункце “Каменны Лог” у намесьнікаў старшыні КХП-БНФ Юрася Беленькага і Сяргея Папкова канфіскавалі кнігі “Цяжкі час” і “Дэпутаты Незалежнасьці”. “Гэбісты будуць першымі чытачамі”, – камэнтуе Зянон Пазьняк.

Падрабязнасьці інцыдэнту распавёў Свабодзе Юрась Беленькі.

Затрымлівалі і нават судзілі за перавоз кнігі вершаў Пазьняка
Беленькі:
“Калі аўтобус перасёк пункт пропуску літоўскі і заехаў на пункт пропуску беларускі, мытнікі далі каманду ўсім пасажырам з рэчамі зайсьці ў залю кантролю. Пасажыраў было няшмат. Сталі прапускаць праз сканэр, і калі прапусьцілі валізку Сяргея Папкова, адзін мытнік запытаўся – " А што ў вас за кнігі? Пакажыце". Потым – "А што гэта? Зянон Пазьняк?". І тут адразу зьбеглася чалавек пяць. Ня ведаю, можа, гэта мэтанакіраваная акцыя, можа, зьбег абставінаў, але адразу зьявіліся і мытнікі, і памежнікі, і закруцілася. Сталі фатаграфаваць гэтыя кнігі, потым кудысьці панесьлі, потым прынесьлі, ізноў фатаграфавалі. Адзін інспэктар, гартаючы кнігу, сказаў – “А што гэта тут супраць Расеі? Мы ж будуем саюзную дзяржаву! Я вось служыў у Пецярбурзе…” (зразумела, казаў па-расейску). У мяне былі дзьве кнігі, падпісаныя аўтарам асабіста мне. Пачалося тое ж самае. Я ня вытрымаў, кажу – "Гэта кнігі, якія падораны нам з аўтарскім подпісам. Больш за тое, мы дэпутаты Вярхоўнага Савета 12-га скліканьня, пра якіх гэтая кніга, вось тут нават нашыя фотапартрэты”. Калі я сказаў, што мы былыя дэпутаты, яны крыху памякчэлі, бо спачатку паводзілі сябе агрэсіўна. Тым ня менш, завялі нас у асобны пакой. Ізноў зьявіліся нейкія людзі, ізноў фатаграфавалі і кнігі, і выходныя дадзеныя кніг, і подпісы аўтарскія. Увогуле, фатаграфавалі ўсё разоў пяць. Потым забралі нашыя пашпарты, потым вярнулі, потым ізноў забралі пашпарты, потым ізноў фатаграфавалі кнігі. Усё гэта цягнулася недзе дзьве гадзіны. У выніку яны склалі "Пратакол затрыманьня тавараў і дакумэнтаў на іх", дзе запісана (па-расейску): "На прапускным пункце "Каменны Лог" інспэктар Шытко Віктар Мікалаевіч, у адпаведнасьці з пунктам 1 артыкула 307 Мытнага Кодэксу зрабіў затрыманьне тавараў і дакумэнтаў – кніга "Цяжкі час. Працяг", аўтар Зянон Пазьняк, 2010 год – 5 экзэмпляраў, і кніга "Дэпутаты Незалежнасьці", аўтар Зянон Пазьняк і С.Навумчык, 2010 год – 7 экзэмпляраў". Я падпісаў пратакол, два экзэмпляры яны забралі сабе, адзін пакінулі мне. Сказалі, што экспэртыза будзе разьбірацца, да 27 лістапада, за гэты час яны вызначаць, ці мае гэтае літаратура падрыўны характар супраць Рэспублікі Беларусь. Гэта ня першы выпадак, калі затрымліваюць кнігі Пазьняка. Затрымлівалі і нават судзілі спадара Анцыповіча за перавоз кнігі вершаў Пазьняка. Вершаў! Выглядае, што на мяжы вельмі жорсткая дадзена ўстаноўка менавіта супраць выданьняў гэтага аўтара”.

Канфіскацыю кніг камэнтуе Зянон Пазьняк:


Гэбісты будуць першымі чытачамі
Пазьняк:
“Гэты рэжым палюе за маім імём ужо 15 гадоў. Усё, што зьвязана з маім прозьвішчам, канфіскуецца, бярэцца пад падозраньне. Таму тут нічога дзіўнага. Адзінае, што магу сказаць – "Цяжкі час. Працяг" – гэта трэці том "Канцэпцыі нацыянальнага Адраджэньня", які выйшаў некалькі дзён таму. Кнігі яшчэ ніхто не чытаў, гэбісты будуць першымі чытачамі. Ну, чытаць яны ня будуць, але першымі зробяць "крытычную экспэртызу". Гэта зьвязана вядома з чым. Зараз ўсіх дзеячоў нашай партыі, нашу працу адсочваюць, бо адзінае, чаго яны баяцца – гэта байкоту. Нядаўна арыштавалі нашых людзей у Берасьцейскай вобласьці, забралі чатыры тысячы ўлётак. Так што гэта факт таксама, я лічу, зьвязаны з байкотам, з выбарамі, і з тым, што можа адбыцца. І таму ідзе такое сачэньне і такая паніка, калі на мяжы зьбегся ўвесь пэрсанал".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG