Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кабякоў: "Спадарства, інвэстуйце ў Беларусь, не пашкадуеце!"


17 лістапада ў фінансавай сталіцы Нямеччыны Франкфурце-на-Майне ў рамках Эўрапейскага фінансавага тыдня праходзіць Беларускі інвэстыцыйны форум. Першыя падобныя імпрэзы адбыліся пазалетась у Лёндане і летась у Менску. Што Беларусь прапануе замежным інвэстарам гэтым разам?

У Франкфурце-на Майне беларускі бок прэзэнтуе 160 інвэстыцыйных праектаў на суму больш за 14 мільярдаў даляраў, аднак найбольш рэальнымі падаюцца паўтара дзясятка прапановаў. У выпадку іх рэалізацыі Беларусь спадзяецца прыцягнуць 3,5 мільярда даляраў. Перадусім гэта фармаваньне транспартна-лягістычных цэнтраў, аднаўляльная энэргетыка, банкаўская сфэра, мадэрнізацыя шэрагу перапрацоўчых прадпрыемстваў, будаўніцтва жыльля, турызм і сельская гаспадарка.

Адкрываючы форум, прэм'ер-міністар Беларусі Сяргей Сідорскі заявіў, што такая маштабная імпрэза дазваляе зрабіць сыстэмны агляд эканомікі краіны. Апроч таго, існуе магчымасьць даць аб'ектыўную экспэртную ацэнку інвэстыцыйнага клімату ў Беларусі, а таксама працы на падвышэньне інвэстыцыйнай прывабнасьці беларускай эканомікі. Міністар эканомікі Мікалай Снапкоў падкрэсьліў непазьбежнасьць эўрапейскай інтэграцыі Беларусі:

Мікалай Снапкоў
"Пераўтварэньні эканамічных адносінаў будуць ажыцьцяўляцца на аснове забесьпячэньня стабільнасьці заканадаўства, якое рэгулюе заканадаўчую дзейнасьць, на гарманізацыі нацыянальнага заканадаўства зь міжнароднымі нормамі і правіламі ў мэтах інтэграваньня Беларусі ва ўсясьветную эканоміку, на працягваньні ўзятага курсу на лібэралізацыю эканамічных працэсаў. Асноўны прыярытэт у дзеяньнях ураду ў тым, што як дзяржаўны, так і прыватны, як айчынны так і замежны бізнэс павінен адчуваць сябе на тэрыторыі нашай краіны максымальна камфортна ".

У выступе віцэ-прэм'ера беларускага ўраду Андрэя Кабякова асноўны акцэнт быў зроблены на пэрспэктывах для інвэстараў, якія нясе з сабой Мытны саюз Расеі, Беларусі і Казахстану. Перадусім гаворка вядзецца пра агульны рынак са 170-мільённым насельніцтвам:

Андрэй Кабякоў
"Адна з праблемаў, якая ўзьнікла на пачатковым этапе Мытнага саюзу Беларусі і Расеі, была ў тым, што мытныя плацяжы паступалі ў бюджэты сваіх бакоў без "расшчапленьня" і ўзьнікалі ўзаемныя прэтэнзіі -- чаму тавары растаможаныя на адной тэрыторыі, а ўцягваюцца ў эканамічны абарот на тэрыторыі іншай дзяржавы? Зараз гэтыя прэтэнзіі здымаюцца. Таму Адзіным эканамічным зьместам рэалізацыі інвэстпраектаў на тэрыторыі Мытнага саюзу будзе іх эканамічны складнік. Фіскальны складнік на гэта ўплываць ня будзе. Таму, спадарства, інвэстуйце ў Рэспубліку Беларусь, не пашкадуеце".

Але замежныя экспэрты ставяцца да лібэральных абяцаньняў беларускага ўраду з асьцярожнасьцю. Перашкодай інвэстыцыям яны называюць няразьвітасьць рынкавай інфраструктуры ў Беларусі. Гаворыць першы віцэ-прэзыдэнт Нямецкай біржы Альбрэхт Бюргер:

"Каб насамрэч разьвіваць эканоміку, абавязкова трэба выкарыстоўваць вялізны патэнцыял капіталу, які прадстаўляецца менавіта фондавымі кампаніямі, іншымі інстытуцыямі. І такім жа чынам узмацняецца база ўласнага капіталу беларускіх прадпрыемстваў. Якая сытуацыя на беларускім рынку каштоўных папераў? Шчыра кажучы, пакуль гэты рынак ня вельмі разьвіты. Ёсьць нязначны рынак акцый, ёсьць маленькая біржа каштоўных папераў, але там ня вельмі высокі абарот. Замежныя ўдзельнікі ў прынцыпе не атрымалі доступу да біржы. Гэтаксама не хапае біржавой інфраструктуры і рэгуляваньня, якое пакуль не адпавядае міжнародным эўрапейскім стандартам. Ніхто ня хоча набываць каштоўныя паперы, якія потым немагчыма будзе прадаць і на якія няма попыту".

У сваю чаргу, старшыня Ўсходняга камітэту нямецкай эканомікі Клаўс Мангольд адзначыў, што патэнцыйных інвэстараў надзвычай цікавяць тры рэчы: пэрспэктыва прыватызацыі ў Беларусі, празрыстасьць тэндэраў, а таксама "непрабівальная бюракратыя", якую трэба альбо мінімізаваць, альбо прывесьці ў адпаведнасьць з эўрапейскай.

Два гады таму на аналягічным мерапрыемстве ў Лёндане беларускі бок таксама намагаўся падаць у найлепшым сьвятле свае эканамічныя дасягненьні. Летась "залатыя горы" былі абяцаныя патэнцыйным інвэстарам падчас форуму ў Менску. Аднак пра нейкія гучныя праекты, якія сталі б лягічным вынікам гэтых імпрэзаў, грамадзкасьць так і не пачула. Зрэшты, як лічыць былы міністар эканомікі Беларусі, эканаміст Георгі Бадзей, цікавасьць да пэўных праектаў не абавязкова павінна выявіцца адразу:

Георгі Бадзей
"Высновы пра марнасьць такога кшталту форумаў пасьпешлівыя, бо нельга ўсё адразу абагульняць і сьцьвярджаць, што спробы спадабацца інвэстарам не апраўдаліся. Але праўда тое, што трэба дакладна пралічваць каэфіцыент карыснага дзеяньня ад такіх мерапрыемстваў, таму што бюджэтныя сродкі ўвальваюцца капітальныя. І каб хтосьці плаціў за нас, дык паехаць там пакрасавацца за дзяржаўны кошт мы б таксама не адмовіліся. Але гэтае мерапрыемства — цалкам пад патранажам дзяржавы, і мэта прысутнасьці альтэрнатыўных поглядаў асабліва не перасьледавалася".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG