Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёў: Улада паабяцала дапамагаць беларускамоўнаму школьніцтву


Спрыяць адкрыцьцю беларускамоўных клясаў у Магілёве абяцае мясцовая ўлада. Намесьнік старшыні гарвыканкаму Ігар Шардыка абумовіў, аднак, пазыцыю гарадзкой вэртыкалі ў гэтым пытаньні наяўнасьцю адпаведных ініцыятыў з боку бацькоў. Паводле чыноўніка, беларуская мова ў Магілёве запатрабаваная.

Шардыка: "На пачатку гэтага навучальнага году ў горадзе не было ніводнай клясы зь беларускай мовай навучаньня. Зьявіўся попыт бацькоў, і адкрылася беларускамоўная кляса. Пры наяўнасьці ахвотных і ў наступным годзе будзе разглядацца пытаньне аб магчымасьці існаваньня такіх клясаў. Улада зацікаўленая ў вырашэньні гэтага пытаньня".

У адзінай беларускамоўнай клясе першай магілёўскай школы вучыцца трое дзетак. Іх бацькі занятыя пошукамі ахвотных вучыцца ў гэтай клясе. Яны самі расклейваюць абвесткі, даюць рэкляму ў газэты й на тэлебачаньне. Неўзабаве пачнуць хадзіць па школах і распаўсюджваць буклеты з запрашэньнем у беларускамоўную клясу. Выказваньне чыноўніка ўсьцешыла бацькоў. Цяпер, кажа маці адной з вучаніц Надзея Салаўёва, у нас зьявілася магчымасьць зьвярнуцца да канкрэтнага чыноўніка з нашымі клопатамі.

Ігар Шардыка займае пасаду намесьніка старшыні гарвыканкаму са жніўня 2010 году. Раней ён працаваў у Магілёўскім дзяржаўным унівэрсытэце імя Куляшова. У гарвыканкаме ён курыруе пытаньні ідэалёгіі, адукацыі, культуры. Ён кандыдат гістарычных навук.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG