Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што робяць дзеці ў інтэрнэце


Напярэдадні Калядаў добра знаёмая ўсім кампанія “Duraсell” праводзіла дасьледаваньне сярод брытанскіх дзяцей: што яны хочуць атрымаць у падарунак на Раство.


Высьветлілася, што найбольш жаданыя падарункі — шматфункцыянальныя прылады айфон, айпод і айпад, якія дазваляюць карыстацца мабільнай сувязьзю, інтэрнэтам, гуляць у гульні, слухаць музыку. Сярод іншых мараў маленькіх брытанцаў — гульнявыя прыстаўкі, крутыя відэакамэры і відэагульні.

10 самых жаданых дзецьмі падарункаў на Каляды 2010 (крыніца: http://www.telegraph.co.uk)
  1. Смартфон iPhone 4 (14%)
  2. Плэер iPod touch (13%)
  3. Пляншэт iPad (12%)
  4. Кантролер Kinect for Xbox (6%)
  5. Мяккія цацкі Zhu Zhu Pet Hamsters / Kung Zhu Hamsters (5%)
  6. Відэакамэра Flip (4%)
  7. Касьцюм База Лайтэра з мультфільму "Гісторыя цацак 3" (4%)
  8. Кантролер PlayStation Move для PS3 (4%)
  9. Гульня LEGO Гары Потэр (3%)
  10. Відэакамэра ў выглядзе лялькі Барбі (3%)

Ня ведаю, ці цікавіўся нехта падобнымі жаданьнямі беларускіх дзетак. Але шмат размаўляючы з дарослымі беларусамі пра малодшае пакаленьне, я заўважыла, што амаль кожны наракае на заўзятасьць дзяцей і падлеткаў што да кампутара і інтэрнэту. На думку дарослых, з-за гэтай схільнасьці нашы дзеці робяцца нястрыманымі, лянотнымі і разбэшчанымі, аддаюць перавагу кампутарным гульням, а ня кнігам, псуюць сваё здароўе і закідваюць вучобу.

Каб даведацца, што шукаюць малыя і юныя беларусы ля кампутара, я наведала кампутарны клюб у цэнтры Менску. Вельмі малады адміністратар так апісаў схільнасьці сваіх наведнікаў:

Адміністратар:
"Многія гуляюць у онлайн-гульні, у якія можна, вядома, гуляць дома, але трэба каб вэрсіі ліцэнзійныя стаялі на кампутарах, таму людзі прыходзяць у клюбы. Яшчэ адна манія — гэта "кантакт". Людзі праседжваюць там днямі і начамі. З гадоў дзесяці ўжо людзі спакойна сядзяць у сацыяльных сетках, ствараюць па некалькі старонак"

А юныя кліенты распавялі наступнае:

"Пагуляю ў што-небудзь, каб забіць час. Тыя, хто не гуляюцца, пад плотам п'юць піва".

"Гадоў з шасьці, калі бацькі купілі кампутар, тады і былі першыя гульні, Пакман, напрыклад".

"У мяне ўсё пачалося ў 12 гадоў, мне толькі тады купілі кампутар".

"Калі трэба нейкая інфармацыя для дакладу ў школе, выкарыстоўваем інтэрнэт. На кепскія сайты не заходзім, прынамсі стараемся".

"Пасьля я купіў сабе гульню, спадабалася — купіў наступную. Фільмы можна глядзець, музыку слухаць. Паміж сабой спаборнічаць у розных жанрах гульняў — Counterstrike, Warcraft. Яны вельмі захапляльныя, зацягваюць".

Праўда, для дзяўчат існуе абсалютна адмысловыя гульні, пра якія распавядае 10-гадовая Леся:

"Мне падабаецца гульня Bratz. Таму што там ты ўсё робіш гэтаксама, як у мульціку, але ты сам выбіраеш, як гэта зрабіць. Яшчэ ёсьць гульня Witches. Гэта такія вядзьмаркі, і там можна прыдумаць свой стыль, каб яе апранаць, прыдумаць ёй свой твар, валасы. А пасьля можна дасылаць гэта ўсё ў часопіс пра гэтых ведзьмачак, і тады тваю працу пабачаць усе, хто яго чытае. Яшчэ там можна самім рабіць коміксы пра гэтых дзяўчынак".

Адміністратар таксама пацьвердзіў маё падазрэньне, што дзеці часьцей прыходзяць у клюб тады, калі бацькі забараняюць дома гуляцца ў гульні ці карыстацца інтэрнэтам.

У Беларусі ніхто не праводзіць адмысловых дасьледаваньняў датычна таго, як, калі, навошта прыходзяць у інтэрнэт малыя дзеці і падлеткі. Найбольш дакладныя зьвесткі можна атрымаць пра ўзроставую аўдыторыю 15-18 гадоў.

Міхал Дарашэвіч, кіраўнік праектаў e-belarus.org і Gemius-Беларусь, які займаецца дасьледаваньнямі інтэрнэт-аўдыторыі, характарызуе яе так:
ва ўзросьце ад 15 да 18 гадоў дзяўчынкі больш актыўныя ў інтэрнэце ...

Міхал Дарашэвіч. Фота: Вікторыя Шчарбакова
"Ад усёй інтэрнэт-аўдыторыі гэтая група складае 11%. З іх 4,7% хлопчыкаў і 6,3% дзяўчынак. Атрымліваецца, што ў гэтым узросьце дзяўчынкі больш актыўныя. Яны больш праводзяць там часу і больш праглядаюць старонак. Калі паглядзець на папулярныя сайты, то ў хлопчыкаў гэта сайты, прысьвечаныя онлайн-гульням, такія як maxigame.by, sng.by. Натуральна, спартовыя сайты, такія як goals.by. Натуральна, сайты па абмене музыкай, кіно, праграмамі, як torrents.by, freespace.by. Дзяўчыны заўважна больш наведваюць сайты, зьвязаныя з вучобай, як 5ballov.qip.ru, library.by, bntu-help.net.

А вось ў Эўразьвязе шырока абмяркоўваецца праблема прысутнасьці дзяцей у інтэрнэце. Пра апошняе дасьледаваньне ў гэтай галіне распавядае галоўны выканаўчы дырэктар брытанская грамадзкай арганізацыі Childnet International Уіл Гарднэр:
Дзеці і падлеткі выкарыстоўваюць інтэрнэт пераважна для вучобы ...

"Акурат 10 дзён таму былі апублікаваныя вынікі дасьледаваньня, фундаванага Эўрапейскай камісіяй (заўв.рэд. — EU Kids Online). Яго праводзіла брытанская дасьледчыца Соня Левінгстоўн. Яны апыталі тысячу дзяцей у кожнай краіне Эўразьвязу, цікавячыся, што дзеці любяць рабіць онлайн, якія сэрвісы яны выкарыстоўваюць. Яны таксама прасілі апісаць досьвед, які дзеці атрымалі ў інтэрнэце. Гэтае дасьледаваньне дазволіла атрымаць сапраўды фантастычныя вынікі. Але галоўнае з іх тое, што дзеці і падлеткі выкарыстоўваюць інтэрнэт пераважна для вучобы. Канечне, у іх вельмі папулярныя сацыяльныя сеткі, як напрыклад, Facebook. А таксама разнастайныя дастасаваньні. Дзецям падабаецца сама магчымасьць камунікацыі, магчымасьць ствараць свой уласны кантэнт, выяўляць сябе і размаўляць пра гэта ў інтэрнэце".

Для маленькіх беларускіх інтэрнаўтаў онлайн гульні пракладаюць магістральны шлях у інтэрнэт. Вось як гэта апісвае кіраўнік судзейскай калегіі Беларускай фэдэрацыі кампутарнага спорту Максім Мамонаў.

"Калі мы гаворым пра гульні для спаборніцтваў, то на першым месцы дагэтуль засталася гульня Counter-strike. Гэтая гульня, якая захоўваецца ўжо шмат-шмат гадоў, нягледзячы на тое, што яна зробленая на ўжо састарэлай схеме. Яна працягвае быць папулярнай. І нават нядаўна беларуская каманда ўдзельнічала ў чэмпіянаце сьвету World Cyber Games па гэтай гульні ў ЗША.

Актыўнасьць маладых беларусаў у сацыяльных сетках характарызуе Аляксей Лявончык, экспэрт у галіне сацыяльных мэдыяў
ані ЎКантакце, ані ў Facebook беларусы ня будуць моцна адрозьнівацца ад тых самых расейцаў ці ўкраінцаў ...

Аляксей Лявончык
"Паводле апошняй статыстыкі, якая даступная, ва ЎКантакце прысутнічае 2 200 000 беларусаў. Гэта агулам, я не кажу пра нейкую канкрэтную катэгорыю. У той час як у Facebook, па дадзеных рэсурсу Facebakers.com, прысутнічае 145 000 беларусаў. У мяне ёсьць дакладная статыстыка па Facebook, згодна якой беларуская аўдыторыя 13-15 гадоў складае ў ім 46% чалавек, 16-17 гадоў — гэта 6 %, а 18-24 гады — усяго 1%. Агулам я думаю, што ані ва ЎКантакце, ані ў Facebook беларусы ня будуць моцна адрозьнівацца ад тых самых расейцаў ці ўкраінцаў. Усё адно пераважаць будзе кантэнт фанавы, пазытыўны, гумар і гэтак далей. Яны будуць дзяліцца спасылкамі на розныя мультымэдыя, відэа, аўдыё".

Але людзі, на якіх ускладзены абавязак зрабіць інтэрнэт бясьпечным для дзяцей, збольшага ідуць шляхам забароны і кантролю. Вось меркаваньне Аксаны Мініч, якая ўваходзіць у Раду па праблемах інфарматызацыі сыстэмы адукацыі пры беларускім Міністэрстве адукацыі:
Інтэрнэт — гэта вялікі агульны сьметнік ...

Мініч: "У школе, па вялікім рахунку, усё гэта рэглямэнтавана. Заняткі ў кампутарнай клясе строга абмежаваныя санітарна-гігіенічнымі нормамі. Калі працуюць настаўнік і вучні з інтэрнэтам, то, зразумела, ён ведае, куды ён іх вядзе і навошта. Гэта ня проста блуканьне па прасторы нашай глябальнай, а звычайна настаўнік падрыхтоўвае, куды яны пойдуць, і што яны будуць рабіць. Не сакрэт, што інтэрнэт — гэта вялікі агульны сьметнік. Таму правілы паводзінаў у інтэрнэце, вядома, мусяць даводзіцца як да дарослага, так і да дзіцяці. Тады гэта будзе прыемна, цікава і пазнавальна. А калі проста кінуць дзіця дома бацькам, пасадзіць яго за кампутар і не паглядзець, чым ён займаецца — а проста сядзіць ціха ў пакоі на працягу двух, трох ці чатырох гадзінаў — то, вядома, гэта пытаньні да бацькоў".

Але тое, што робіць дзіця ў інтэрнэце, падлягае найперш дакладнаму вывучэньню, павазе і добразычлівасьці. Вось як распавядае пра дзейнасьць сваёй арганізацыі Ўіл Гарднэр:
Вельмі важна ў сучаснай сытуацыі, каб бацькі таксама былі бацькамі і ў інтэрнэце, і па-за інтэрнэтам ...

Ёсьць некалькі патэнцыйных рызыкаў, зь якімі сутыкаецца дзіця ў інтэрнэце. Гэта рызыка кантакту, калі дарослы выкарыстоўвае дзіця для сэксуальнай эксплёатацыі. Гэта кібэрбулінг, калі дзіця ўжывае інтэрнэт, каб перасьледаваць і цкаваць другое дзіця. Ёсьць таксама рызыка эксплёатацыі дзіцяці ў стварэньні недазволенага кантэнту, альбо нават само дзіця можа ствараць такі кантэнт. Дзіця таксама можа дзяліцца асабістай інфармацыяй, не разумеючы што яе могуць выкарыстаць на шкоду.

Што мы робім: ідзем у школы, тлумачым дзецям, як сябе паводзіць у інтэрнэце. Але мы таксама размаўляем і з бацькамі, таму што вельмі важна ў сучаснай сытуацыі, каб бацькі таксама былі бацькамі і ў інтэрнэце, і па-за інтэрнэтам".

Дакладна з такімі самымі праблемамі сутыкаюцца і беларускія інтэрнаўты. Аналізуе Міхал Дарашэвіч:
выраб кантэнту — гэта такі ж навык, як уменьне пісаць ...

"Наколькі я разумею, у нашых школах ня вучаць моладзь вырабляць кантэнт. А выраб кантэнту — гэта такі ж навык, як уменьне пісаць, лічыць, ведаць граматычныя правілы, базавыя арытмэтычныя і фізычныя формулы. Калі ў нашых школах ня будуць навучаць людзей, як, калі ўтрыраваць, "рабіць пасты", а таксама абыходзіцца з той усё большай колькасьцю інфармацыі, якая існуе ў выглядзе фота і відэа, то тут таксама будзе расьці адставаньне беларускай моладзі ад сваіх аднагодкаў у больш прасунутых у галіне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналёгій краінах".

Уяўляючы інтэрнэт як месца найперш небясьпечнае для дзяцей, непадкантрольнае ўладзе дарослых, мы імкнемся абараніць сваіх дзяцей шляхам забароны. Дакладна гэтаксама, як нашыя ўлады, насьледуючы ўладам кітайскай рэспублікі, спрабуюць абараніць сваіх грамадзянаў ад злоснага ўзьдзеяньня непатрэбнай, на іх думку, інфармацыі.

Але можна рабіць і інакш. Вось што кажа Ўіл Гарднэр:

Абсалютна важна, каб дзеці карысталіся інтэрнэтам усё больш і больш ...

Абсалютна важна, каб дзеці карысталіся інтэрнэтам усё больш і больш. І гэта робіцца ўсё больш значным ня толькі для іх адукацыі, але і для іх грамадзкага жыцьця, таму што для іх абавязкова быць заўсёды датычнымі да ўсяго, што адбываецца вакол, быць узброенымі новымі тэхналёгіямі.

Я лічу, што для глябальнага грамадзтва, у якім мы жывем, вельмі важна навучаць дзіця новым тэхналёгіям, забясьпечваць іхныя патрэбы. Да таго ж дзеці робяць гэта фантастычна творча".

ШТО РОБЯЦЬ ДЗЕЦІ Ў ІНТЭРНЭЦЕ

(крыніца EU Kids Online. Кастрычнік 2010. Апытана 23 420 дзяцей у 25 краінах Эўразьвязу на працягу вясны-лета 2010 году)


9-12 гадоў13-16 гадоў
% тых , хтоХлопчыкіДзяўчынкіХлопчыкіДзяўчынкіусе
Выкарыстоўвае інтэрнэт для выкананьня хатняга заданьня7782879084
Глядзіць відэакліпы6959765183
Гуляе ў гульні сам ці супраць кампутара6662868374
Карыстаецца імгненнымі паведамленьнямі4246757461
Карыстаецца электроннай поштай4243727259
Чытае ці глядзіць навіны3735595748
Гуляе ў онлайн-гульні зь іншымі людзьмі4632623144
Скачвае фільмы ці музыку2623595542
Разьмяшчае ў агульным доступе фота, відэа, музыку2222535238
Разьмяшчае паведамленьні на вэб-сайце2424373731
Карыстаецца вэб-камэрай1717423729
Наведвае чаты1412342722
Стварае віртуальнага героя, жывёлу ці аватар1918201318
Карыстаецца файлаабменьнікамі108272017
Бавіць час у віртуальным сьвеце1614221317
Вядзе онлайн-дзёньнік ці блог56131610
Сярэдняя колькасьць відаў дзейнасьці5.75.49.08.17.1
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG