Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Напад на Алега Кашына: відэа


Алег Кашын
Алег Кашын
Атрыманыя сьледчымі відэакадры зьбіцьця журналіста газэты "Коммерсант" Алега Кашына патрапілі ў адно з інтэрнэт-выданьняў, нягледзячы на даручэньне прэзыдэнта генпракурору ўзяць расьследаваньне справы пад "асаблівы" кантроль.



На запісы камэры вонкавага назіраньня, апублікаванай рэсурсам Life News, бачна, як на Алега налятаюць два чалавекі, зьбіваюць яго з ног і каля дзьвюх хвілін мэтадычна і жорстка зьбіваюць нейкім прадметам – хутчэй за ўсё, жалезным прутам, прынесеным у букеце кветак. Назіральнікі зьвяртаюць увагу, што падобныя доказы могуць складаць таямніцу сьледзтва, і гэтая "ўцечка" выглядае прынамсі дзіўнай. Між тым "Новая газета" нагадвае, што да Хімкінскага актывіста Канстанціна Фяцісава, які быў зьбіты напярэдадні па падобным сцэнары і атрымаў найцяжэйшыя траўмы, міліцыя ехала 4 гадзіны.

Напад на журналіста быў зьдзейсьнены ў ноч на суботу на Пятніцкай вуліцы ў Маскве, калі ён вяртаўся дадому. Кашын атрымаў цяжкія траўмы і быў зьмешчаны ў шпіталь, які спэцыялізуецца на хірургіі сківіцаў і твару. Паводле мэдыкаў, у яго пераломы сківіц, галёнкі, кісьці (адна ногцевая фаланга была фактычна адарваная), чэрапна-мазгавая траўма і шматлікія пашкоджаньні.
Будучы няздольным знайсьці і асудзіць вінаватых у шматлікіх папярэдніх забойствах і нападах на журналістаў, урад стварыў у краіне атмасфэру беспакаранасьці

У суботу Алегу была зробленая апэрацыя, ён быў пагружаны ў мэдыкамэнтозны сон. У нядзелю журналісту былі зробленыя новыя апэрацыі. Хірургі працавалі тры гадзіны, пасьля чаго ўрачы запэўнілі, што мозгу Алега нічога не пагражае.

Жонка Кашына Яўгенія Мілова напярэдадні таксама паведаміла ў сваім блогу на Facebook, што журналісту "Коммерсанта" зрабілі паўторную апэрацыю. "Апэрацыя была зроблена па выніках кансыліюму. Яна ішла каля трох гадзін. Цяпер мозгу Алега дакладна нішто не пагражае. Нам зь яго бацькам нават дазволілі Алега ўбачыць. Ён сьпіць", – зрабіла запіс Мілова.

Стан Кашына ацэньваецца як стабільна цяжкі, але дактары па-ранейшаму трымаюць яго ў штучнай коме, каб не дапусьціць болевага шоку.

Па факце нападу заведзеная крымінальная справа па артыкуле "Замах на забойства групай асоб". Адна з вэрсій прычын нападу – прафэсійная дзейнасьць журналіста. Расьследаваньне злачынства прэзыдэнт Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў даручыў узяць пад асаблівы кантроль генэральнаму пракурору Юрыю Чайку. Мядзьведзеў даручыў прыняць усе неабходныя меры, каб злачынства было раскрытае.

Расійскія і міжнародныя журналісцкія супольнасьці і арганізацыі выступілі ў падтрымку Алега Кашына. Сваё абурэньне нападам на журналіста выказала міжнародная арганізацыя "Камітэт у абарону журналістаў". Будучы няздольным знайсьці і асудзіць вінаватых у шматлікіх папярэдніх забойствах і нападах на журналістаў, урад стварыў у краіне атмасфэру беспакаранасьці, гаворыцца ў заяве камітэту.

Прадэманстраваць прыкметы рэальнай палітычнай волі для абароны незалежнай прэсы запатрабавала ад расейскіх уладаў міжнародная арганізацыя "Рэпарцёры бязь межаў".

Фонд імя Арцёма Баравіка просіць кіраўніцтва краіны прыняць усе меры для хутчэйшага расьследаваньня нападу на журналіста Алега Кашына. Пра гэта будзе аб'яўлена сёньня на X цырымоніі ўручэньня прэмій імя Арцёма Баравіка ў Маскве, паведаміў прэзыдэнт фонду Генрых Баравік, бацька загінулага журналіста.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG