Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Чаму не паказваюць нікога, апроч Лукашэнкі? Можа, не даюць магчымасьці?”


Беларускае тэлебачаньне не паказвае іншых кандыдатаў на пасаду прэзыдэнта, апроч Лукашэнкі. Чаму? Адказваюць гарадзенскія мінакі.

Спадарыня: «Я не магу адказаць на гэтае пытаньне. Я іх толькі раз бачыла, яны толькі прамільгнулі. А чаму іх не паказваюць? Атрымліваецца, адзін толькі прэтэндэнт — Лукашэнка. Здаецца, і кампанія ідзе. Я б хацела і дэбаты нейкія ўбачыць паміж імі, як раней было. Я б хацела іх параўнаць, але іх сапраўды не паказваюць».

Малады спадар: «Ня ведаю, як сказаць. Мне здаецца, нашы беларускія каналы кантралюе ўрад. І калі іншых кандыдатаў паказваюць, то толькі ў нэгатыўным асьвятленьні. Мне гэта не падабаецца і не задавальняе як выбарца. Але будзем спадзявацца, што надалей штосьці зьменіцца».

Спадар: «Складана мне сказаць, складана. Увогуле гэта доўгая размова, мне ня хочацца гэта гаварыць. Немагчыма сказаць адным словам, немагчыма раскрыць усю сытуацыю».

Спадар: «Я думаю, іх проста мала ведаюць і мала паказваюць. А гэта пытаньне цікавае. Тут ужо, відаць, штосьці дзесьці чагосьці».

Спадар (крыху нападпітку): «Я аддаў свой голас за таварыша Лукашэнку. Ён мне падабаецца, я задаволены. Мяне ўпаўне задавальняе. Хай паказваюць усё што заўгодна, але кожны галасуе за свайго прэзыдэнта».

Маладзён: «Нам як студэнтам, не знаёмым з палітыкай, цяжка адказаць на такое пытаньне. Чаму не паказваюць? Можа, не даюць магчымасьці?»

Маладая спадарыня: «Па-мойму, гэта зразумела ўсім. Той, хто можа змагацца, ён выкарыстоўвае свае мэтады, тыя, што яму даступныя, ня будзем гаварыць…»

Малады спадар: «Я не тутэйшы. Як бы вам мог сказаць: папросту няма прэтэндэнтаў, Лукашэнка прыбраў…»

Спадар: «І так усё ясна — чаму не пускаюць. Ну ясна, што ня пусьцяць. Ну як чаму? Адзіны лідэр шаснаццаць год. Іншыя — мала што яны ёсьць. Ну пусьцяць, толькі абрэжуць, запішуць заранёў».

Малады спадар: «Гэта лобі першых асобаў дзяржавы. Гэта адсутнасьць дэмакратыі, свабоды выбару. Дыктатура, на жаль».

Малады спадар: «Я ўвогуле не галасую, мне гэта „паралельна“ ўвогуле. Наконт выбараў: Лукашэнка адзін быў і будзе».

Спадар: «Гэта ў вас, у журналістаў, трэба пытацца, а не ў грамадзянаў, чаму толькі аднаго чалавека паказваюць».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG