Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фэрмэры хочуць, каб іх ураўнялі з калгасамі


Сёньня ў Гомелі ладзілася сустрэча прадстаўнікоў Міністэрства сельскай гаспадаркі й рэгіянальнага сельгаскамітэту зь мясцовымі фэрмэрамі. Гаворка ішла пра стан фэрмэрскіх гаспадарак. Іх у рэгіёне зараз 280 — гэта 14 адсоткаў ад агульнай колькасьці ў краіне.

Пры канцы лета Аляксандар Лукашэнка, наведаўшы фэрмэра Міхаіла Шруба ў Жыткавіцкім раёне, выказаў захапленьне эфэктыўным вядзеньнем ягонай гаспадаркі й прапанаваў нават узяць на балянс некалькі адсталых калгасаў і стварыць адмысловы холдынг.

«Ці адчулі фэрмэры на працягу апошняга часу зьмены ў стаўленьні ўладаў да фэрмэрскай справы? У чым гэта выявілася?» На гэтае пытаньне адказваюць фэрмэры Гомельскай вобласьці.

— Больш сталі атрымліваць тэхнікі па лізінгу. Можна сказаць, раней нам яе наагул не давалі. Атрымліваем паліва й хімічныя ўгнаеньні. У гэтым пляне нейкія зьмены ёсьць. Але, я думаю, самае галоўнае — ураўняць фэрмэраў з калгасамі. Трэба, каб мы атрымлівалі ўсё аднолькава — што калгасы, тое й мы. Іншымі словамі, паставіць нас у роўныя ўмовы гаспадараньня.

— Многія пачынаюць з нуля, таму трэба неяк зьвярнуць увагу на ільготнае крэдытаваньне. І яшчэ. Тая тэхніка, якую калгасы сьпісваюць на мэталалом з-за непатрэбнасьці, яна ў руках фэрмэра магла б яшчэ не адзін год працаваць. Не даюць!

— Я ня бачу нейкіх зьменаў: як было, так і ёсьць. Крыху толькі з угнаеньнямі парадак навялі. Раней мы іх то атрымлівалі, то не. Зараз стабільна атрымліваем у залежнасьці ад наяўнасьці сельгасугодзьдзяў. Але гэта — кропля ў моры. Далей за размовы нічога пакуль не пайшло.

— Тэхніку можна ўзяць у лізінг. Гэта — вялікі плюс. Вялікі мінус — гэта крэдытаваньне пачынаючых фэрмэрскіх гаспадарак. Крэдыт узяць практычна немагчыма. Звычайна і працэнты вялікія, і ўсе банкі патрабуюць закладу. Ужо не паручальнікаў, а толькі пад заклад.

— Пасьля апошняга форуму мінуў толькі месяц — як яно магло зьмяніцца? Ідзе пакуль толькі выпрацоўка асноўных плянаў, мерапрыемстваў. Размовы ідуць! Калі нешта зьменіцца, дык толькі ў будучым годзе.

— У нашым Петрыкаўскім раёне зьмянілася ў станоўчы бок. Магчыма, гэта зьвязана са зьменай кіраўніцтва раёну. З выдзяленьнем зямлі ёсьць зрухі ў лепшы бок. Прапануюць ужо самі павялічваць нашы зямельныя ўчасткі. Пакуль, канечне, больш размоваў. У што гэта ўрэшце выльецца, паглядзім

— Ёсьць зрухі ў лепшы бок. Больш увагі сталі ўдзяляць фэрмэрам. Тэхніку ў лізінг даюць, угнаеньні, дызэльнае паліва.

— Няма пералічэньняў за здадзенае збожжа — даўгі не вяртаюць. Ня ўсе, але такія ёсьць.

— Калі раней іншы чыноўнік мог проста адмахнуцца, то цяпер нашы праблемы хоць абмяркоўваюцца. А абмеркаваньне — гэта найкарацейшы шлях для вырашэньня праблемаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG