Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра адзінага кандыдаты нават ня хочуць гаварыць


Перамовы аб вызначэньні адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў на прэзыдэнцкіх выбарах у Беларусі так і не пачаліся. Раней плянавалася, што гэта можа адбыцца на пачатку тыдня. Кандыдаты разглядаюць розныя варыянты разьвіцьця падзеяў.

Нягледзячы на дамоўленасьць, 2 лістапада сустрэліся разам толькі тры кандыдаты ў прэзыдэнты — Рыгор Кастусёў, Мікола Статкевіч і Віталь Рымашэўскі. Паводле старшыні партыі БНФ Кастусёва, паводзіны астатніх не зусім зразумелыя, бо атрымалася — на словах адно, а на справе іншае. Таму ён усё больш скептычна ставіцца да магчымасьці вызначыць адзінага:
Рыгор Кастусёў на пікеце ў Віцебску 12 кастрычніка

"Бо кожны прэтэндэнт ставіць тут сваю мэту. І мэты гэтыя зараз не зусім сыходзяцца ў адзін пункт. Канечне, мы не казалі, што мы вызначым тут і адзінага. Калі пачаць перамоўны працэс, то ў нейкай ступені можна выйсьці на гэтае пытаньне. Але калі перамоўнага працэсу не адбываецца, то тут няма чаго і казаць".

Спадар Кастусёў адзначае рознае бачаньне будучыні Беларусі ў кандыдатаў, усё больш выразныя праэўрапейскі і прарасейскі вэктары.

"Учора падчас сустрэчы зь міністрамі замежных спраў Польшчы і Нямеччыны некаторыя з кандыдатаў пастараліся на гэта зьвярнуць увагу і прасьпяваць дыфірамбы ў бок Расеі. Мы бачым, што выбары не адбудуцца, што зноў Лукашэнка забалботвае праблему выбарчай кампаніі ў Беларусі, і крыўдна бачыць, што прадстаўнікі Эўразьвязу ідуць на супрацоўніцтва з Лукашэнкам, на жаль, цалкам яму давяраюць і думаюць, што Лукашэнка свае словы стрымае. Хоць я цалкам упэўнены, што такога ня будзе. І зноў атрымаецца тое, што было раней. Зноў выбараў у Беларусі не адбудзецца".

Кастрычнік 2010. Уладзімер Някляеў знаёміцца са статыстыкай збору подпісаў па рэгіёнах
Паводле кіраўніка кампаніі "Гавары праўду" Ўладзімера Някляева, пакуль што няма ва ўсіх кандыдатаў зацікаўленасьці ў супольнай сустрэчы. Ён зьвязвае гэта зь няпэўным статусам, ба кандыдаты пакуль незарэгістраваныя, і таму "асноўнае пачнецца пасьля рэгістрацыі". Падчас сустрэчы зь міністрамі замежных спраў Польшчы і Нямеччыны Ўладзімер Някляеў у сваім выступе заявіў пра гатоўнасьць да вызначэньня адзінага. Пакуль жа, на яго думку, трэба хаця б вызначыць крытэры.

"Тут выходзіла, што нібыта гэтым кандыдатам павінен стаць я. Тады я адказаў, што не, не абавязкова так. Я згодны на іншыя падыходы. І на тое згодны, каб адначасова з усімі астатнімі кандыдатамі, незалежна ад таго, хто і колькі сабраў подпісаў, які ў каго рэйтынг, адначасова зьняцца ў тым выпадку, калі будзе відавочна, што ўлада правядзе выбары несвабодныя, несправядлівыя. Гэта значыць, што яна пойдзе на фальсыфікацыі. Зразумела, што фальсыфікацыі пачаліся ўжо сёньня. Спрацаваць супраць гэтага могуць два варыянты: гэта адзіны, і ня менш моцны крок — гэта зьняцьце ўсіх кандыдатаў. І тады Лукашэнка застанецца выбірацца сам з сабою. Мяне не бянтэжыць і гэты варыянт".

Алесь Міхалевіч у часе збору подпісаў у Віцебску
Паводле Ўладзімера Някляева, міністры сказалі, што гэта ня іх справа, можа быць і так, і інакш, але гэта яны абмяркоўваць ня будуць.

Алесь Міхалевіч кажа, што ня згодны нават на сябе як на адзінага:

"У гэтых умовах ніхто зь першага туру ня выйграе ў Лукашэнкі. Таму трэба працаваць на тое, каб былі розныя кандыдаты, якія будуць працаваць з рознымі сацыяльнымі групамі і спрацоўваць, каб усё ж дамагчыся другога туру. А для таго, каб такое адбылося, "адзіны" не патрэбны. Павінны быць розныя кандыдаты, якія падабаюцца розным людзям, каб максымальна пашырыць сацыяльную базу".
Яраслаў Раманчук у часе збору подпісаў у Барысаве


Паводле кандыдата Яраслава Раманчука, ніхто не ўзгадняў дату сустрэчы, таму яна не адбылася. Ён кажа, што вярнуцца да пытаньня адзінага трэба пасьля рэгістрацыі.

"Зьбірацца трэба тым людзям, якія будуць рэальна ўдзельнічаць у самой прэзыдэнцкай кампаніі. А справа ўзгадненьня агульнай стратэгіі, тактыкі — гэта справа палітычных сілаў і структураў. Цяжка сказаць, якія будуць крытэры. Пасьля рэгістрацыі, безумоўна, зьбярэмся і тады будзем абмяркоўваць гэта пытаньне. Але сёньня зарана казаць, што адзіны кандыдат будзе і што ёсьць нейкія ўзгодненыя крытэры. Мы за паўтара года да выбараў хацелі выбраць адзінага, але адзін чалавек гэта ўсё заблякаваў".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG