Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лінднэр: ў нас новы пэрыяд дачыненьняў


Старшыня «Менскага форуму» доктар Райнэр Ліднэр падчас прэс-канфэрэнцыі
Старшыня «Менскага форуму» доктар Райнэр Ліднэр падчас прэс-канфэрэнцыі
3 лістапада ў Менску адкрыецца беларуска-нямецкая сустрэча «Менскі форум» на тэму «Беларусь і Эўразьвяз пасьля крызісу: выклікі і шанцы ў сфэрах палітыкі, эканомікі і грамадзтва». З нагоды адкрыцьця гэтай імпрэзы сёньня дарадца-пасланьнік амбасады Нямеччыны Пэтэр Дэтмар і старшыня «Менскага форуму» доктар Райнэр Лінднэр правялі прэсавую канфэрэнцыю.

Чакаецца, што на адкрыцьці «Менскага форуму» выступіць кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі Ўладзімер Макей. Таксама ў адкрыцьці возьме ўдзел кіраўнік ведамства фэдэральнага канцлера Нямеччыны, фэдэральны міністар па асаблівых даручэньнях Рональд Пофала. Падчас свайго кароткага візыту ў Менск ён таксама сустрэнецца з прадстаўнікамі апазыцыі, грамадзянскай супольнасьці і кандыдатамі ў прэзыдэнты. Спадар Лінднэр адзначыў, што канцлер Нямеччыны падтрымала ідэю ўдзелу спадара Пофалы ў «Менскім форуме»:

«Гэта насамрэч азначае, што прыедзе ня толькі адзін міністар на гэтым тыдні ў Беларусь. Сёньня акурат знаходзіцца міністар замежных спраў у Менску. Мы знаходзімся ў новай стадыі, у новым пэрыядзе дачыненьняў. І я спадзяюся, што гэта толькі пачатак далейшага супрацоўніцтва».

Спадар Лінднэр адзначыў, што сёлетні, 13-ы па ліку «Менскі форум» адбываецца напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў, і «гэта добрая магчымасьць абмеркаваць напружаныя пытаньні палітычнага, эканамічнага і грамадзкага характару. У тым ліку з прадстаўнікамі палітычнай прасторы і кандыдатамі на пасаду прэзыдэнта».

Паводле спадара Лінднэра, «Беларусь знаходзіцца ў сытуацыі эканамічнай пераарыентацыі», і на форуме будуць закранутыя пытаньні, датычныя разьвіцьця малога і сярэдняга бізнэсу. Таксама адно з пытаньняў, якое абмяркуюць удзельнікі «Менскага форуму» — «ня вельмі лёгкія ўзаемадачыненьні Беларусі і Расеі, а таксама стасункі паміж Беларусьсю і Эўразьвязам». Спадар Лінднэр адзначыў, што хацеў бы пачуць ад беларускага боку ацэнку гэтых узаемадачыненьняў, у тым ліку «прагрэсу і вынікаў праграмы Эўразьвязу „Ўсходняе партнэрства“».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG