Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь хоча павысіць тарыфы на транзыт расейскага газу


Беларусь разьлічвае, што з 2012 году могуць істотна павысіцца тарыфныя стаўкі на транзыт расейскага прыроднага газу па сваёй тэрыторыі, заявіў першы віцэ-прэм'ер Беларусі Ўладзімір Сямашка на пасяджэньні прэзыдыюму Савету міністраў у Менску.

"У гэтым годзе тарыфы на транзыт складаюць $1,88, на наступны год — $2 ужо ёсьць, гэта на 6% больш, а далей будзем спрачацца", — сказаў Сямашка. Ён адзначыў, што "Ўкраіна бярэ за транзыт $2,5". "А мы што, горшыя?" — рытарычна запытаўся Сямашка, зьвяртаючыся да членаў ураду.

Першы віцэ-прэм'ер канстатаваў, што аб'ём пампаваньня прыроднага газу праз тэрыторыю Беларусі ў бліжэйшыя гады ня зьменшыцца і захаваецца на ўзроўні 42 мільярдаў кубамэтраў.

Сямашка таксама прызнаў, што ў бліжэйшыя гады ў Беларусі зьнізіцца аб'ём транзыту расійскай нафты. "Расейцы, хутчэй за ўсё, увядуць БТС-2 з 1 студзеня, і аб'ём транзыту нафты натуральным чынам зваліцца і затым стабілізуецца", — сказаў ён.

Аднак першы віцэ-прэм'ер нагадаў, што ў студзені бягучага году паміж Менскам і Масквой быў падпісаны шэраг дакумэнтаў, якія агаворвалі ўмовы пастаўкі нафты ў рэспубліку і яе транзыт па тэрыторыі Беларусі. "Кожны год тарыфныя стаўкі на транзыт нафты пераглядаюцца. Аднак рубель патаньнеў адносна даляра і далей будзе таньнець", — зазначыў У. Сямашка. Такім чынам ён выказаў нязгоду з пазыцыяй распрацоўнікаў дзяржаўнай праграмы разьвіцьця транзытнага патэнцыялу Беларусі. Згодна з гэтым дакумэнтам, даходы ад транзыту нафты праз тэрыторыю Беларусі на працягу 2011—2015 гадоў будуць складаць каля $200 млн. у год. Рост гэтага паказчыка ў праекце праграмы не прадугледжаны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG