Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракуратура Беларусі: “Экспэрты трымалі нэўтралітэт”


Алег Бябенін
Алег Бябенін
Менск пакінулі экспэрты АБСЭ, якія працавалі з матэрыяламі праверкі абставінаў сьмерці журналіста Алега Бябеніна, адносна якой існуюць супярэчлівыя вэрсіі.

Місія завершана. Экспэрты АБСЭ, якіх беларускія ўлады запрашалі для вывучэньня матэрыялаў праверкі абставінаў сьмерці Алега Бябеніна, зьехалі зь Менску. Пры гэтым у пракуратуры кажуць, што ім нічога невядома адносна высноў, якія зробяць экспэрты. Прэсавы сакратар Генэральнай пракуратуры Пётар Кісялёў кажа, што да апошняга дня працы ў Менску экспэрты АБСЭ «трымалі нэўтралітэт:

«Яны нічога пра сваю працу не казалі, працавалі ды і ўсё. Ніякіх патрабаваньняў яны не выстаўлялі, эксгумацыі, прыкладам, як раней пісалі, не патрабавалі, працавалі паводле свайго пляну. Адносна выніковай справаздачы нічога не казалі, хаця свае меркаваньні, магчыма, зрабілі. Таксама мне нічога невядома адносна таго, адзінкавая гэта была місія, ці будуць яшчэ візыты экспэртаў АБСЭ».

25 кастрычніка супрацоўнік прэсавай службы офісу АБСЭ ў Вене Франэ Мароевіч сказаў, што не выключае магчымасьць і іншых візытаў. Па яго словах, «калі спатрэбіцца яшчэ адзін візыт, ён магчымы». Таксама Франэ Мароевіч паведаміў Радыё Свабода, што па выніках працы экспэртаў будзе падрыхтаваная справаздача ад імя АБСЭ. Тэрмін падрыхтоўкі спадар Мароевіч не назваў. У тым жа інтэрвію прадстаўнік АБСЭ папярэдзіў, што брыфінгу для журналістаў экспэрты ладзіць ня будуць.

За 4 дні працы ў Менску экспэрты АБСЭ азнаёміліся з матэрыяламі праверкі, праведзенай у пракуратуры, сустрэліся са сваякамі Алега Бябеніна, ягонымі калегамі і сябрамі, а таксама зь беларускім экспэртам, які рабіў ускрыцьцё. Яшчэ пасланцы АБСЭ наведалі і агледзелі лецішча, дзе ўвечары 3 верасьня быў знойдзены ў пятлі труп журналіста.

Зьміцер Бандарэнка
Каардынатар «Эўрапейскай Беларусі» Зьміцер Бандарэнка ўхваляе прыезд у Беларусь экспэртаў са Швэцыі і Нарвэгіі, але адзначае, што іх місія была абмежаваная «азнаямленьнем з праверкай». Паводле Зьмітра Бандарэнкі, патрэбная не праверка, а сапраўднае расьсьледаваньне справы, у тым ліку замежнымі адмыслоўцамі:

«На маю думку, патрэбна сапраўднае расьсьледаваньне. Чаму так, а ня гэтак, чаму такія абставіны. Бо міліцыянты нават ня бралі нідзе адбіткі пальцаў: ані на ручках дзьвярэй, ані ў доме. А экспэрты сказалі, што потым будуць рабіць сваё заключэньне, і вас зь ім азнаёмяць. Ну, хоць з намі сустрэліся, і за тое дзякуй».

Андрэй Саньнікаў
28 кастрычніка з экспэртамі АБСЭ меў сустрэцца паплечнік Алега Бябеніна Андрэй Саньнікаў. Андрэя Саньнікава некалькі разоў дапытвалі беларускія сьледчыя падчас праверкі абставінаў сьмерці журналіста:

«На жаль, з тэхнічных прычынаў — з-за спазьненьня самалёта — нашая сустрэча не адбылася. Але ж я сачу за гэтай справай і за тым, як будзе рабіцца справаздача. Мы гэта трымаем пад кантролем і будзем надалей трымаць».

У пракуратуры Беларусі нагадалі, што тэрмін праверкі абставінаў сьмерці Алега Бябеніна канчаецца 3 лістапада, «калі праверка ня будзе падоўжана».

У пракуратуры кажуць, што пакуль найбольш верагодная вэрсія пра самагубства, хаця тэарэтычна не выключаюць і іншых вэрсіяў. Сябры і калегі журналіста збольшага кажуць пра прыкметы забойства з палітычных прычынаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG