Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што маглі — сабралі



29 кастрычніка — апошні дзень, калі на вуліцах можна было ўбачыць зборшчыкаў подпісаў. Ініцыятыўныя групы працягваюць здаваць падпісныя лісты ў тэрытарыяльныя камісіі. Пра адметнасьці чарговага этапу выбарчай кампаніі — карэспандэнты «Свабоды».

ГОМЕЛЬШЧЫНА


Апошні дзень збору подпісаў: сьцягі з жалобнымі стужкамі

У Гомелі на пляцоўцы ля ўнівэрмагу, дзе ўвесь кастрычнік вёўся збор подпісаў, сёньня пад бел-чырвона-белымі сьцягамі стаялі толькі 4 пікеты за Ўладзімера Някляева. Прычым на сьцягах былі павязаныя жалобныя чорныя стужкі.

Апрача партрэтаў кандыдата на прэзыдэнта, на паасобных пляншэтах былі інфармацыйныя матэрыялы пра сталінскія рэпрэсіі. Зьмешчаны былі й фотаздымкі людзей, якія зьніклі ў сучаснай Беларусі — Віктара Ганчара, Юрыя Захаранкі,Зьмітра Завадзкага, Анатоля Красоўскага.

Маладая гараджанка кажа на гэта:

«Чаму так позна паставілі плякаты ахвярам палітычных рэпрэсіяў? Сёньня ж апошні дзень збору подпісаў! Трэба было раней усе гэта выстаўляць. Трэба, каб цягам гэтага месяца ўсё гэта стаяла, калі тут зьбіралі подпісы за кандыдатаў».

Грамадзкі актывіст Кастусь Жукоўскі, які апошні дзень зьбірае подпісы за Някляева, так патлумачыў новую атрыбутыку пікетаў:

«Сёньня апошні дзень збору подпісаў, і мы вывесілі сьцягі з чорнымі стужкамі, бо ў гэты дзень у 37-м годзе былі расстраляныя звыш 100 прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі — гэткі апагей сталінскіх рэпрэсіяў. Мы вырашылі нагадаць выбарцам пра гэта. Новая ўлада не павінна хаваць злачынствы, а наадварот — паказваць людзям, што ў нас была такая гісторыя. І калі яе хаваць, то такое можа паўтарыцца».

Спадар Жукоўскі апавёў і пра вынікі збору подпісаў у горадзе за Ўладзімера Някляева:

«За гэтую кампанію мы сабралі ў Цэнтральным раёне каля 9 тысяч подпісаў. А ўсяго ў горадзе, наколькі мне вядома, сабрана звыш 18 тысяч за Някляева Ўладзімера Пракопавіча».

Апрача таго, у Мазыры, Сьветлагорску, Рэчыцы, Рагачове ды іншых райцэнтрах за Някляева падпісаліся звыш 12 тысячаў выбарцаў. Такую лічбу падае рэгіянальны каардынатар кампаніі Алег Шабетнік.

Актыўна вёўся збор подпісаў у рэгіёне за Андрэя Саньнікава, Алеся Міхалевіча, Яраслава Раманчука.

Гаворыць каардынатар кампаніі Яраслава Раманчука ў Гомельскай вобласьці Марат Афанасьеў:

«Працавала каля сарака чалавек. Сабралі 7300 подпісаў за Яраслава Раманчука. На цяперашні момант здадзена ў камісіі 6100 подпісаў. Да канца дня здадзім яшчэ прыкладна 1100 подпісаў у Гомелі й Мазыры».

Кампанію збору подпісаў за Алеся Міхалевіча ачольваў кіраўнік абласной арганізацыі руху «За свабоду» Пятро Кузьняцоў:

«Нас агулам працавала каля паўтары сотні чалавек. Сабралі блізу 14 тысяч подпісаў. Падаем у камісіі пасьля праверкі каля 13,5 тысячы. Падчас здачы подпісаў адчувалі ў раённых камісіях ня надта прыязнае стаўленьне. Прыкладам, у Хойніках у камісіі былі заўвагі, чаму падпісчыка выкрасьлілі няроўна. Прыязна да нас паставіліся хіба толькі ў Жлобіне й Лельчыцах».

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


«Подпісы зьбіраць не перашкаджалі, аднак людзі ня вераць уладзе…»

Удзельнікі выбарчай кампаніі на Гарадзеншчыне адзначаюць, што пэрыяд збору подпісаў прайшоў спакойна і без асаблівых перашкодаў. Але наперадзе для апазыцыі яшчэ шмат выпрабаваньняў.

У Слоніме сябры мясцовых апазыцыйных партый і рухаў зьбіралі подпісы за ўсіх апазыцыйных кандыдатаў. Кіраўнік мясцовай арганізацыі БНФ Іван Шэга наагул зьдзіўлены, што гэты этап кампаніі прайшоў так спакойна, без агрэсіі з боку ўладаў.

Ён кажа, што падчас рэгістрацыі подпісаў і фармаваньня ўчастковых камісіяў стане больш дакладна зразумела, якія намеры мае ўлада на гэтыя выбары:

«Усё залежыць ад таго, якое будзе ўказаньне: скажуць адсейваць — будуць адсейваць нас, а ня скажуць — ня будуць. У нас няма ніякіх гарантый».

Ірына Вештарт каардынавала працу зьбіральнікаў подпісаў за Ўладзімера Някляева на Смаргоншчыне. Яна таксама канстатуе, што з боку ўладаў перашкодаў амаль не чынілася, але не называе гэты этап лёгкім. Асабліва таму, што людзі запалоханыя, баяцца падпісвацца за апазыцыйных кандыдатаў і абсалютна ня маюць ніякай інфармацыі пра іх:
Мы нажылі за гэтыя гады страх нават у хрыбце.


«Мы нажылі за гэтыя гады страх нават у хрыбце. І калі ўдасца зьмяніць прэзыдэнта, то нам давядзецца 3-4 гады выганяць зь сябе тое, што назапасілася за гэтыя 16 гадоў».

Актывіст з Астраўца Іван Крук зьбіраў подпісы за Яраслава Раманчука, Уладзімера Някляева і Андрэя Саньнікава. Ён кажа, што ніколі раней ня бачыў, каб людзі настолькі хацелі зьмены ўлады. Яны, зь яго слоў, усё разумеюць і ня вераць гэтай уладзе:

«Я лічу, што ўлады хочуць усыпіць цяпер і выбарцаў, і апазыцыю: нам усьміхаюцца ў райвыканкаме, а сваю справу робяць. Вось я перадаў сьпіс з 25 сябраў на ўключэньне ў склад участковых камісій — паглядзім, ці каго яны ўключаць».

Зьміцер Кухлей з Мастоў, далучаючыся да словаў сваіх калегаў, робіць яшчэ адну выснову адносна нязвыклых паводзінаў улады:

«Сёньняшняе кіраўніцтва Беларусі хоча стварыць станоўчы імідж у вачах Захаду, каб гэтыя выбары былі прызнаныя, бо супрацьстаяньне з Расеяй не дае ўжо былой падтрымкі, а трэба неяк сябе легітымізаваць».

ВІЦЕБШЧЫНА


Зафіксавана некалькі агрэсіўных нападаў на зьбіральнікаў подпісаў

Сёньня ў Віцебску ўжо не відаць пікетаў па зборы подпісаў — актывісты масава рэгіструюць подпісы ў райвыканкамах.

Зьбіральнікі подпісаў за розных патэнцыйных кандыдатаў адзначаюць, што праца была плённай. Хоць не абышлося і бяз прыкрых выпадкаў. Было зафіксавана некалькі нападаў на зьбіральнікаў подпісаў на пікетах і ў кватэрах агрэсіўна настроеных грамадзянаў, а ўчора надвечар невядомы хуліган накінуўся з кулакамі на плястыкавую фігуру Ўладзімера Някляева, якая была атрыбутам пікету.

Ніна Кавалёва
Ніна Кавалёва, якая была сьведкам падзеі, лічыць, што гэта была сплянаваная акцыя:

«Я думаю, што ўсё гэта было падрыхтавана, загадзя чалавек схаваў свой твар і выбраў такі момант, калі мы нешта між сабой абмяркоўвалі. Ён вельмі хутка падскочыў, некалькі разоў ударыў ды ўцёк. Мне здаецца, усё гэта было разьлічана на мінакоў — каб людзі паглядзелі, што ў ёсьць іншая нейкая сіла…. Але, нягледзячы на гэты ўчорашні прыкры выпадак, гэтая падпісная кампанія пакінула вельмі добрае ўражаньне».

Спадарыня Кавалёва зьбірала подпісы за Ўладзімера Някляева і Рыгора Кастусёва. Яна кажа, што падчас абыходу кватэр часьцей сутыкалася зь людзьмі, якія баяліся падпісацца ці ня верылі ў магчымыя зьмены. Але «вулічная праца» пакінула зусім іншыя ўспаміны:

«Большасьць людзей падыходзіла, ды яны казалі „мы за ўсіх“ або „хоць хто, толькі не Лукашэнка“. Я зразумела, што людзі хочуць перамен яшчэ больш, чымсьці ў 2006 годзе. Нават тыя, хто сумняваецца, хто раней быў за Лукашэнку, і тыя цікавіліся: што за кандыдаты, хто яны. І з рэгіёнаў падыходзілі людзі, зь Лепельскага, з Гарадоцкага… Я думала, што туды апазыцыйная прэса нават не даходзіць, а яны, аказалася, у курсе ўсіх спраў. І слухаюць Радыё Свабода, дарэчы!»

Яраслаў Берніковіч зьбірае подпісы на Глыбоцкім кірмашы.
Цяперашнюю сытуацыю параўноўвае зь мінулымі прэзыдэнцкімі выбарамі і яшчэ адзін зьбіральнік подпісаў, Яраслаў Берніковіч з Глыбокага, сябар ініцыятыўнай групы Ўладзімера Някляева:

«Гэта ня першая выбарчая кампанія, якую мы праводзім тут на Глыбоччыне. Але сёлета зьбіраць подпісы куды лягчэй! Так, у 2006-м годзе наша каманда сабрала за адзінага кандыдата Мілінкевіча 1700 подпісаў, а ў гэтым годзе на працягу апошняга месяца мы сабралі больш за 4 тысячы. У асноўным гэта ў Глыбокім, а яшчэ выяжджалі і ў бліжэйшыя гарады — Паставы, Докшыцы, Шаркоўшчыну, Браслаў».

Тацяна Севярынец зьбірае подпісы за вылучэньне Рымашэўскага.
Кампанія ў падтрымку Ўладзімера Някляева на Віцебшчыне была пасьпяховай: за яго сабрана подпісаў больш, як за іншых патэнцыйных кандыдатаў — вядома, не раўнуючыся з ініцыятыўнай групай Аляксандра Лукашэнкі, бо афіцыйныя вынікі іхнай працы нідзе не паведамляюцца.

Тым, як працавала група Віталя Рымашэўскага на Віцебшчыне, каардынатарка збору подпісаў Тацяна Севярынец ня дужа задаволеная:

«Па Віцебску мы сабралі 5 714 подпісаў. Нешта прыйшлося забракаваць і выкрасьліць. Можа, таму, што аркушы ня ўсе запаўнялі добрасумленна. Можа, таму, што ў нашай камандзе былі людзі, якія ўпершыню бралі ўдзел у такой кампаніі. Норма была — 10 тысяч подпісаў… Але ўсё, што ёсьць, — гэта подпісы, выхаджаныя нашымі ножкамі, адстоеныя на пікетах і ў дождж, і ў маразы. Мы працавалі там разам: прасілі выбарцаў, каб падтрымалі розных кандыдатаў — і нашага».
XS
SM
MD
LG