Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Дэкрэт імя Бармалея”


19 кастрычніка гэтага году ў прэсе зьявіліся паведамленьні пра тое, што да гомельскага актывіста Канстанціна Жукоўскага прыходзілі прадстаўнікі аддзелу адукацыі, каб паглядзець, у якіх умовах гадуецца ягоная пяцігадовая дачка. Падставай для візыту было пастанаўленьне кіраўніка аддзелу адукацыі Цэнтральнага раёну гораду Гомелю, дзе ён у рамках рэалізацыі дэкрэту прэзыдэнта № 18 «просіць неадкладна правесьці агляд і падаць акт агляду жыльлёва-бытавых умоваў па адрасе, дзе пражывае Жукоўскі з жонкай і дачкой".

Канстанцін Жукоўскі цяпер зьбірае подпісы за патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты ад беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Віталя Рымашэўскага. Для таго, хто ўжо перажыў шматлікія адміністрацыйныя спагнаньні, шматтысячныя штрафы, вязьніцу і зьбіцьцё, візыт органаў сацыяльнай апекі стаў чарговым спосабам перасьледу:
"Сёньняшняя ўлада сама мяне заганяе ў кут — штрафамі, суткамі, а потым прыходзіць глядзець, як я жыву". ...

"Яны прыйшлі, агледзелі ўсё, склалі паперу. Я пазначыў, што ўмовы, вядома, горшыя, чым у Колі Лукашэнкі, але нашмат лепшыя, чым у некаторых беларускіх дзяцей. Я ёй растлумачыў, што ў Беларусі вельмі шмат дзяцей, якім проста няма чаго есьці. А сёньняшняя ўлада сама мяне заганяе ў кут — штрафамі, суткамі, а потым прыходзіць глядзець, як я жыву. Потым я выйшаў — суседка стаіць, кажа: "Ды яны тут ужо ня менш за тыдзень ходзяць і нешта выглядаюць. Прыходзіла міліцыя раней, шукала, пытала, як яны жывуць, ці сваркі ў іх дома ёсьць ці не".

Такі выкшталцоны мэтад супакаеньня занадта актыўных грамадзянаў выкарыстоўваецца ўладамі не ўпершыню. Некалькі гадоў таму адабраць дзяцей спрабавалі ў грамадзкай актывісткі Крысьціны Шацікавай. Бацькі салігорскіх актывістаў Івана і Ільлі Шылаў таксама рызыкавалі пазбавіцца бацькоўскіх правоў. Тады мэты ўладаў былі відавочныя. Гаворыць Уладзімер Шыла:

"Да нас прыходзілі даволі часта. Прыходзілі са школы — клясная і сацыяльны пэдагог. Ну, і таксама нас выклікалі на размову, выклікала загадчыца раённага аддзелу адукацыі. Я ня ведаю, як у іншых сем'ях, а ў нашай сытуацыі гэта выглядала, як гульня нейкая. Да нас прыходзілі і казалі: "Ну, вы ж самі ведаеце, мы ня вельмі хацелі да вас ісьці, бо мы ведаем, што ў вас усё добра, але ж нас прымушаюць, і таму мы павінны да вас прыйсьці". Нас выклікалі таксама ў пракуратуру і вынесьлі папярэджаньне як бацькам, што мы парушаем закон. Нас папярэдзілі ў тым сэнсе, што мы дазваляем нашым дзецям галадоўку, хаця насамрэч мы былі супраць".

Гэтыя без перабольшаньня антыгуманныя дзеяньні мясцовых уладаў насамрэч зьяўляюцца законнымі і грунтуюцца на падставе прэзыдэнцкага Дэкрэту № 18 ад дваццаць чацьвертага лістапада дзьве тысячы шостага году. Гэты дэкрэт дазваляе раённым камісіям па справах непаўналетніх самастойна прымаць рашэньне пра тое, каб забіраць дзіця ў бацькоў і зьмяшчаць яго пад дзяржаўную апеку. Ужо падчас прыняцца гэтага дэкрэту дэмакратычная супольнасьць уголас заяўляла, што гэтая заканадаўчая норма будзе выкарыстаная супраць нязгодных з дзяржаўным ладам. Як выявілася, нездарма.

Ці здараюцца такія выпадкі ў суседніх краінах? З гэтым пытаньнем я зьвярнулася да Марыны Гаварухінай з Украінскага Хэльсынскага саюзу па правах чалавека:

"У нас такога не назіраецца. Гэта вельмі радыкальны мэтад, і ў нас улада да гэтага яшчэ, дзякуй богу, не дадумалася".

А вось што сказала Богна Хмелеўска з Польскай Хэльсынскай фундацыі правоў чалавека.

"Трэба пачынаць вельмі гучна крычаць пра гэта. Гэта ненармальная працэдура" ...
"Я думаю, што трэба пачынаць вельмі гучна крычаць пра гэта. Трэба пра гэта паведамляць, трэба спрабаваць праз суды адстойваць, паколькі іншага ўплыву ня можа быць. Гэта ненармальная працэдура".

Але прыняты дэкрэт тычыцца ўсіх грамадзянаў Рэспублікі Беларусь, і найбольш пакутуюць ад яго неадпаведнага прымяненьня сем'і, якія сапраўды трапілі ў цяжкую жыцьцёвую сытуацыю.

Гэтая гісторыя адбылася ў віцебскай сям'і Андрэевых. Аднойчы пры канцы дзьве тысячы восьмага году 15-гадовага Максіма Андрэева забралі са школы міліцыянты, і адвезьлі ў паліклініку, а пасьля — у прытулак. Брат Вячаслаў патрапіў забраць яго дахаты.

"Калі я хадзіў у школу, у мяне чамусьці была ўпэўненасьць, што менавіта ў школе са мной нічога не адбудзецца. Але такой бясьпекі, як высьветлілася, ужо няма".

Ніякіх паведамленьняў са школы ці іншых апякунскіх органаў ані маці, ані брат не атрымлівалі. Максім ніколі ня быў што называецца цяжкім падлеткам, хаця жылося Андрэевым сапраўды няпроста. Маці выхоўвала Максіма адна, грошай не хапала, запазычанасьць за камунальныя плацяжы складала каля мільёна рублёў. Таму тое, што брата ўвезла міліцыя, Вячаслаў называе не інакш як выкраданьнем.

Празь некалькі дзён Максіма зноў забралі са школы ў прытулак.

"Яго яшчэ раз абсьледавалі, і гэтым разам яму напісалі ў дыягназе, што ў яго вошы, і што яму нібыта іх вымылі. Гэта была няпраўда, але ніхто не дакажа адваротнага".

Гэтым разам хлопца хітрасьцю пакінулі ўдома, але Максім захварэў. Калі яны разам з маці прыйшлі ў паліклініку, каб атрымаць мэдычную даведку, іх ужо чакалі.

Андрэеў: "Чакалі начальнік Акцябрскага РУВД, начальнік Першамайскага РУВД, і гарадзкі начмэд. Яны яго даставілі ў прытулак".

Прытулак адмовіўся забіраць Максіма з прычыны пазначанага ў даведцы нізкага гемаглябіну. Таму яго адвезьлі ў бліжэйшы шпіталь.

Андрэеў: "Ён застаўся ў шпіталі, мы паабяцалі, што прыедзем заўтра. Назаўтра мы прыехалі туды з самай раніцы. І ўжо на той момант каля ягонай палаты стаялі сацработнікі школьныя, стаяў загадчык прытулку. Яны ўсе былі апранутыя і нечага чакалі. У палаце быў Максім, і разам зь ім знаходзіўся, як пасьля высьветлілася, работнік псыханэўралягічнага дыспансэру. Па словах адміністрацыі шпіталя, яго выклікалі, таму што трэба было ягонае заключэньне. І мы зайшлі ў палату. Ні пра што не гаварылі, проста моўчкі сядзелі. Пасьля прыйшла адміністрацыя шпіталя, і людзі ўжо ня ў штацкім, а пры зброі, супрацоўнікі міліцыі, якім быў дадзены наказ "адбіць напор сваякоў". Хаця мы былі ня тое, што бяз зброі, мы нават не ўступалі ў любыя канфлікты, проста прыйшлі ў палату. Вось гэты работнік — ягонае прозьвішча Сырнікаў — выйшаў. І як пасьля высьветлілася, ён напісаў у сваім заключэньні, што ў дзіцяці ёсьць суіцыдальныя схільнасьці".

Так 15-гадовы Максім Андрэеў апынуўся ў псыхіятрычнай лякарні. Пасьля яго зьмясьцілі ў інтэрнат за дзьвесьце кілямэтраў ад Віцебску, маці і брата.

Сваякі Максіма Андрэева патрапілі дабіцца праўды ў судзе.

Андрэеў: "Я доўга думаў пра тое, чаму гэта адбылося з намі. У лістападзе 2008 году, акурат калі адбылося першае выкраданьне Максіма, Аляксандар Косінец быў прызначаны губэрнатарам, старшынём аблвыканкаму. І адным з ягоных першых указаньняў было забясьпечыць статыстыку па выкананьні Дэкрэту № 18. Магчыма, Максім трапіў пад гэтую хвалю".

Юрыдычную дапамогу Андрэевым, як і іншым сем'ям, якія трапілі ў такую сытуацыю, аказваў праваабаронца Валер Шчукін.

"Тое, што дзяржава спаганяе за ўтрыманьне дзяцей, у два, а то і ў тры разы перавышае тую дапамогу, якую яна на дзяцей выдзяляе. Груба кажучы, дапамога — 100 тысяч, а спаганяецца 300 тысяч. Прычым атрымліваецца так, што дзіця пратрымалі год-два-тры, а пасьля дзіця вярнулі, а мама ці тата працягваюць выплачваць за гэта, таму што выплаціць за раз такую суму яны проста ня могуць. То бок, калі б давалі нармальную дапамогу, то і бацькі змаглі б лепш утрымліваць сваё дзіця".

Трэба зазначыць, што органы пракуратуры рэгулярна даюць справаздачы пра падвышэньне паказчыкаў спагнаньня з бацькоў расходаў на ўтрыманьне дзяцей, якія знаходзяцца на дзяржаўным забесьпячэньні. Напрыклад, па зьвестках пракурора г. Менску, у сталіцы гэты паказчык складае 58 %.

Дзеяньні беларускіх чыноўнікаў, да якой бы інстанцыі яны не належалі, вельмі падобныя. Вячаслаў, актывіст грамадзянскай кампаніі “Наш дом”, ужо трапляў у падобную сытуацыю, калі яму самому было 16 гадоў.

Андрэеў: "Да мяне ў школу прыйшлі два чалавекі ў штацкім, якія, тым ня менш, напалохалі ўсіх. Папрасілі мяне апрануцца, і, калі мы ўрэшце некуды прыехалі, аказалася, што гэта ніякае ні РУВД і нават ніякі ня ўчастак, а Упраўленьне КДБ па Віцебскай вобласьці. У нас адбылася размова, чатырохгадзінная, ужо ў іх кабінэце. Яны гнулі на тое, што мяне мусяць забраць у войска хутка, што ў нас ёсьць запазычанасьць за кватэру, і калі я ня буду ім дапамагаць, калі я не пагаджуся ім нешта распавядаць, чаго б яны хацелі, то мяне забяруць у войска, у сям'і ў мяне будзе ўсё яшчэ горш, чым цяпер, і суд вырашыцца не на нашую карысьць. Я не пагадзіўся зь імі супрацоўнічаць".

Ія Антонаўна Кучко, дырэктарка школы № 6 г. Віцебску, у якой вучыліся браты Андрэевы, адмовілася камэнтаваць гэты выпадак.

"Ды я не хачу нават пра гэта згадваць, вы разумееце?!"

Але галоўны спэцыяліст аддзела адукацыі адміністрацыі Кастрычніцкага раёну гораду Віцебску Ірына Галян, якую дзяржава прызначыла абараняць інтарэсы непаўналетняга Максіма Андрэева, упэўненая ў тым, што яна дзейнічала правільна:

"Самі Андрэевы не адмаўляюць, што яны адрамантавалі нарэшце сваё жытло, і прадукты купілі нарэшце ў халадзільнік, правільна? І мама была працаўладкаваная, я не памыляюся? На момант разгляду справы ў судзе і нашай адмовы ад пазову наконт пазбаўленьня бацькоўскіх правоў, мама была працаўладкаваная. Таму, пагадзіцеся, гэта нашая асноўная задача, каб біялягічная сям'я захавалася. І калі маці зробіць тое, што трэба, і бацькі зацікаўленыя, мы да апошняга намагаемся зрабіць так, каб захаваць і сям'ю, і пакінуць дзіця. І лічу, што нашая асноўная задача на той момант была выкананая. Калі б яны гэтага не зрабілі, паверце, я б настойвала на пазбаўленьні да канца

Падобных гісторыяў у Беларусі не адна і ня дзьве. Гарадзенскі праваабаронца Раман Юргель цяпер займаецца справай шматдзетнай маці Тэрэсы Чачко зь вёскі Адэльск:

Раман Юргель
"У яе чацвёра дзяцей, разьвялася, муж прызнаны недзеяздольным. Органы апекі сталі абсьледаваць яе жыльлёвыя ўмовы — ці ёсьць у лядоўні ежа, ці папраная бялізна. Сталі прыяжджаць вельмі часта, складаць акты, пратаколы. Займаўся я гэтай справай. Там уся справа ў новым доме, які пабудаваны па праграме аграгарадкоў. І гэты дом, мажліва, хацелі ўчастковаму аддаць, дзе цяпер жыве шматдзетная Тэрэса Чачко.

А вось што распавядае сама Тэрэса:
Я атрымліваю 520 тысяч дапамогі на нас пяцёх. Пражыць даволі цяжка, таму што большая частка грошай сыходзіць менавіта на прадукты. А яны на гэта проста не рэагуюць
...

"Я атрымліваю 520 тысяч дапамогі на нас пяцёх. Пражыць даволі цяжка, таму што большая частка грошай сыходзіць менавіта на прадукты. А яны на гэта проста не рэагуюць. У гэтым годзе мне далі ад калгасу 100 тысяч і 120 школа дала, і мне трэба было дваіх дзяцей падрыхтаваць у садок і адно дзіця падрыхтаваць да школы. Я ў гэтыя грошы ледзьве ўклалася. Яны спакойна маглі дзяцей не забіраць і пакінуць іх пры мне, маглі б гэтыя няшчасныя пару дзён пачакаць, каб дзеці паехалі дахаты, а не ў гэты чортаў прытулак. Яны проста траўмуюць дзецям псыхіку. Я разумею, калі бацькі п'юць, то там дзецям даволі небясьпечна, ці мала што. А ў мяне што?"

У Беларусі дзейнічае Міжнародная грамадзкая арганізацыя “Разуменьне”, якая займаецца праблемамі сацыяльнага сіроцтва, прадухіленьня гвалту над дзецьмі і стварэньнем прыязнага для дзяцей сацыяльнага асяродзьдзя. Старшыня рады арганізацыі Андрэй Маханько ня мае адназначнага меркаваньня адносна Дэкрэту № 18.
Часьцей за ўсё камісія піша там "вядзе амаральны лад жыцьця, злоўжывае сьпіртнымі напоямі, не аддае дастатковага часу на выхаваньне дзіцяці". Хто вырашыў, што гэта так? Гэта незразумела ...

Андрэй Маханько
"Гэтым людзям трэба, па-першае, дабівацца таго, каб пры напісаньні акту, які потым стане абгрунтаваньнем для адабраньня дзяцей, каб іх потым зьмясьцілі ў сацыяльны прытулак, была напісаная праўда. Таму што часьцей за ўсё камісія піша там: "вядзе амаральны лад жыцьця, злоўжывае сьпіртнымі напоямі, не аддае дастатковага часу на выхаваньне дзіцяці". Хто вырашыў, што гэта так? Гэта незразумела. Але я хацеў бы вось пра што сказаць: ведаеце, што павальная алькагалізацыя краіны прывяла да таго, што гэтых дзецей у большасьці сваёй ратуюць. І невядома, што будзе заўтра з такім дзіцём. Бо, займаючыся пераважна праблемай гвалту над дзіцём, я магу сказаць, што сярод ахвяр рознага кшталту гвалту — і сэксуальнага, і фізычнага, і псыхалягічнага, і эканамічнага — мусіць, працэнтаў 50-60 дзяцей з так званых сямей сацыяльных рызыкі. З тых сямей, дзе адабраньне падчас зьяўляецца адзіным спосабам уратаваць гэтых дзяцей".

Выглядае, што аўтарытарная дзяржава, нават калі прымусіць сябе паверыць у яе добрыя намеры, кожным сваім дзеяньнем здольная памнажаць гвалт, боль і духоўнае калецтва.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG