Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Горадня: раскопкі ў старым квартале пачалі экскаватарам


Знойдзеная на раскопках кафля зь вершнікам.
Знойдзеная на раскопках кафля зь вершнікам.
У Горадні на вул. Вялікай Траецкай пачаліся раскопкі. Тут адзін з самых старых кварталаў, існуе надзея на знаходкі ХІ стагодзьдзя, мяркуе доктар гістарычных навук Сяргей Піваварчык з Гарадзенскага ўнівэрсытэту імя Янкі Купалы. Грамадзкасьць усхвалявала, што археолягі трапілі на пляцоўку толькі пасьля будаўнікоў, якія экскаватарам выкапалі катлаван.


У катлаване сёньня працаваў сам Сяргей Піваварчык, які загадвае катэдрай археалёгіі, і два ягоныя студэнты з чацьвертага курсу — Аляксандар Хацько і Дзяніс Язерскі. Гэта зусім ня першы выпадак у Горадні, калі будаўнікі не сьпяшаюцца запрасіць археолягаў, хаця ўлады любяць называць Горадню «горадам-помнікам» і «горадам-музэем».

На месцы раскопак.

Піваварчык: «Так, на самой справе так і атрымліваецца, што археолягі апошнія даведваюцца, што тут адбываюцца нейкія будаўнічыя працы, і прыходзяць ды працуюць разам з будаўнікамі побач ці нават пазьней за іх, калі яны нешта раскапаюць ужо. Мне здаецца, што існуе недасканаласьць нашага заканадаўства. А па-другое, любыя гістарычныя дасьледаваньні, яны патрабуюць фінансаваньня».

Знойдзеныя падмуркі.

Выкапала катлаван на гэтым месцы адна фірма, каб пабудаваць камяніцу. Але пакуль што працягнуцца раскопкі. Што ўдалося знайсьці і якія мэты ў археолягаў?

Піваварчык: «Паколькі гэта цэнтар, самае галоўнае для нас — прасачыць этапы гісторыі гэтай часткі гораду. Прычым гэта недалёка ад пачаткаў нашага гораду — дзядзінца і пасаду, таму хацелася б, каб тут былі самыя раньнія матэрыялы, скажам, з ХІ стагодзьдзя. Археалягічныя і архіўныя дасьледаваньні паказваюць, што ў ХІХ стагодзьдзі — пасьля пажару 1885 году — гэтая частка была даволі шчыльна забудаваная новымі жылымі дамамі. Гэтыя падмуркі якраз і знойдзеныя. На жаль, яны перабілі культурны пласт ранейшага часу. Тое, што мы тут сустрэлі, гэта — перамяшаныя матэрыялы ХVІ—ХVІІ стагодзьдзяў: кафля зь вершнікам, рэшткі ганчарнага посуду. Вельмі шырока прадстаўленая матэрыяльная культура ХІХ — пачатку ХХ стагодзьдзяў: архітэктурныя элемэнты, пабытовыя рэчы, бутэлькі, манэты, пярсьцёнак, кафля з нашых Станіславоўскіх майстэрняў».

Сяргей Піваварчык паказвае адну зь першых знаходак.

Студэнт факультэту гісторыі і сацыялёгіі Гарадзенскага ўнівэрсытэту Аляксандар Хацько любіць працаваць на раскопках.

Хацько: «Я заўжды ўдзельнічаю ў раскопках, калі імі займаецца наш унівэрсытэт. І заўсёды тут не прымус, а свой імпэт. Таму я і паступіў на гэтую катэдру, хачу гэтым надалей займацца. Мы капаем цяпер свой горад, гэта важна, бо хочацца пакапаць сваю гісторыю, гісторыю свайго гораду».

На раскопках працуюць студэнты (зьлева направа) Аляксандар Хацько і Дзяніс Язерскі.

Трэба сказаць, што Вялікая Траецкая вуліца праходзіць праз былы габрэйскі квартал, зазначае кіраўнік раскопак доктар гістарычных навук Сяргей Піваварчык. Падчас апошняй вайны немцы стварылі тут гета. Аднак камяніца, якая стаяла на месцы, дзе цяпер раскопкі, была разбураная ў савецкі час.

Насупраць месца раскопак — старая забудова, зьлева — сынагога.
XS
SM
MD
LG