Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хатні арышт Сьвятланы Байковай працягнуты да 20 лістапада


Пра гэта паведаміў яе адвакат Міхаіл Волчак. У адпаведнасьці з раней прынятым рашэньнем дзеяньне гэтай меры стрыманьня павінна было завяршыцца 24 кастрычніка.

Тэрмін азнаямленьня Байковай і яе абароны з матэрыяламі справы прадоўжаны на паўмесяца — да 15 лістапада, хаця адвакат прасіў у генэральнага пракурора месяц. Тым ня менш, зазначыў Волчак, часу азнаёміцца з усімі матэрыяламі расьсьледаваньня яму і падабароннай хопіць.

На разглядзе ў генпракурора або, як мяркуе адвакат, ужо ў КДБ знаходзіцца хадайніцтва абароны аб зьмякчэньні Байковай меры стрыманьня, бо зараз яна ўтрымліваецца ва ўмовах жорсткіх абмежаваньняў. Напрыклад, ёй забаронены прагулкі, яна знаходзіцца пад сталай аховай супрацоўніка КДБ.

Адвакат паведаміў, што апошнімі днямі стан здароўя падабароннай пагоршыўся, абвастрыліся шэраг захворваньняў, і ёй неабходная кваліфікаваная мэдычная дапамога.

Сьвятлана Байкова была затрымана супрацоўнікамі КДБ 25 лютага на працоўным месцы паводле падазрэньня ў перавышэньні ўлады. Справы ў дачыненьні да яе старшыня КДБ Вадзім Зайцаў распачаў 24 лютага па прыкметах складаў злачынстваў, прадугледжаных артыкуламі 399 (незаконнае вызваленьне ад крымінальнай адказнасьці) і 426 (перавышэньне ўлады або службовых паўнамоцтваў) Крымінальнага кодэксу.

Паведамленьні, што зьявіліся ў СМІ, аб пачатку ў дачыненьні да Байковай новых крымінальных спраў адвакат не камэнтуе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG