Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апазыцыя рыхтуецца да фармаваньня ўчастковых камісіяў


На Берасьцейшчыне створана 986 участкаў для галасаваньня на выбарах прэзыдэнта. Прадстаўнікі дэмакратычнай апазыцыі пакуль акцэнтуюць увагу на зборы подпісаў, але паралельна з гэтым распачынаюць працу па вылучэньні сваіх прадстаўнікоў у склад участковых камісіяў.

Прадстаўнікі палітычных партыяў адзначаюць, што ўчастковыя камісіі вельмі важныя для кантролю за ходам галасаваньня. Менавіта ўчастковыя камісіі непасрэдна вядуць падлік галасоў і паведамляюць вынікі ў тэрытарыяльныя камісіі. Таму партыі ўжо цяпер пачалі прыкладаць намаганьні, каб вылучыць максымальную колькасьць прадстаўнікоў у склад камісіяў. Кажа старшыня берасьцейскай абласной партыі БНФ Зьміцер Шыманскі:

"Кожныя выбары мы вылучаем даволі шмат сяброў нашай партыі ў камісіі, але часьцей за ўсё ўключаюцца толькі адзінкі. На гэтых выбарах мы паставілі за мэту вылучыць па вобласьці каля 100 нашых сяброў ва ўчастковыя камісіі. І нам вельмі цікава паглядзець, колькі чалавек будуць уключаныя і будуць мець магчымасьць рэальна сачыць за ходам падліку галасоў".

Кіраўнік берасьцейскай гарадзкой арганізацыі партыі “Справядлівы сьвет" Людміла Дзенісенка адзначае, што, як паказваюць мінулыя выбары, шмат апазыцыянэраў ня ўключаць у склад камісіяў. У такім выпадку пазьней сілы разьмяркоўваюцца на назіраньне:

"Ад нашай гарадзкой партыі ў склад камісіі будзе накіравана 15 чалавек. Я думаю, што будзем узгадняць разам з прадстаўнікамі іншых партыяў нашы дзеяньні і крокі па вылучэньні людзей у склад камісіяў. Мы прапануем АГП і БСДПГ вылучаць ў адну камісію па некалькі чалавек. Але іншае пытаньне, ці возьмуць улады нашых прадстаўнікоў у склад камісіяў? Невядома".

"У нас няма сілаў для таго, каб забясьпечыць сваімі сіламі ўсе ўчасткі"
На сёньня паміж дэмакратычнымі сіламі вобласьці існуе пагадненьне ў рамках кампаніі "За справядлівыя выбары". Кажа лідэр абласной партыі БСДПГ Ігар Маслоўскі:

"Паводле дамоўленасьці, ад дэмсілаў будзе вылучана каля 150 чалавек у склад участковых камісіяў. Наступны крок апазыцыі — назіраньне. Шчыра кажучы, у нас няма сілаў для таго, каб забясьпечыць сваімі сіламі ўсе ўчасткі. Але на асобных будзем весьці назіраньне кругласутачна".

Паводле палітыка, пасьля плянуецца параўнаць вынікі па ўчастках, дзе будзе весьціся назіраньне, з вынікамі па іншых участках.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG