Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 22 кастрычніка


Бліц-агляд падзеяў і тэмаў у Беларусі, сьвеце, гісторыі.

ДОЖДЖ З МОКРЫМ СЬНЕГАМ…


Уначы ад мінус трох да плюс двух, удзень два – дзевяць градусаў цяпла.

НЕ ПРАХОДЗЬЦЕ МІМА:


Прэсавая канфэрэнцыя патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты Яраслава Раманчука з нагоды збору ягонай ініцыятыўнай групаю 100 тысяч подпісаў (Менск, вул. Харужай, 22-1701, 11.00).

Прэзэнтацыя кнігі Аляксандра Тамковіча “Лёсы” (Менск, сядзіба Партыі БНФ, 12.00).

Лекцыя мастацтвазнаўцы Юрася Малаша “Невядомыя лісты Язэпа Драздовіча” (Менск, сядзіба Таварыства беларускай мовы, 18.00).

Прэзэнтацыя новага альбому “Ъ” санкт-пецярбурскага рок-гурту “Алиса” (Менск, клюб “Рэактар”, 19.00).

ТАМ, ДЗЕ НАС НЯМА:


У Бэрліне пройдзе сустрэча канцлеркі Нямеччыны Ангелы Мэркель і генэральнага сакратара НАТО Андэрса Фога Расмусэна.

У швайцарскім Мантрэ стартуе саміт франкамоўных краінаў.

У мэксыканскім Акапулька пачнецца паседжаньне выканаўчага камітэту Міжнароднага алімпійскага камітэту, па выніках якога будзе апублікаваны сьпіс новых дысцыплін, што будуць уключаныя ў праграму зімовых Алімпійскіх гульняў 2014 году.

У ГЭТЫ ДЗЕНЬ:


У 1856 годзе памёр на выгнаньні ў Архангельскай губэрні Рамуальд Падбярэскі – выдавец, публіцыст, краязнавец і фальклярыст. Ён нарадзіўся ў Вільні, дзе скончыў гімназію, затым вучыўся ў Маскоўскім унівэрсытэце. Доўгі час жыў у Пецярбурзе. Выдаваў часопісы і альманахі, але найперш праславіўся выданьнем кнігі Яна Баршчэўскага “Шляхціц Завальня, альбо Беларусь у фантастычных апавяданьнях”. У 1850-м Падбярэскага за антырасейскую дзейнасьць арыштавалі і выслалі ў Архангельскую губэрню, дзе ён і памёр.

У 1870 годзе нарадзіўся Іван Бунін, сусьветна вядомы пісьменьнік, ляўрэат Нобэлеўскае прэміі. Старажытны род Буніных паходзіць ад Сымона Бунікоўскага, беларускага шляхціца, які ў XV стагодзьдзі трапіў у маскоўскі палон і застаўся ў Расеі. Там той род атрымаў мянушку Буніных. Сам Іван Бунін, аўтар твораў, што сталі сусьветнай клясыкаю – “Сухадол”, “Антонаўкі”, “Цёмныя прысады” ды аўтабіяграфічнага раману “Жыцьцё Арсеньнева”, – памёр на эміграцыі ў 1953 годзе.

У 1937 годзе савецкія карныя органы расстралялі аднаго з найбольш таленавітых беларускіх пісьменьнікаў даваеннае пары Лукаша Калюгу. Найбольш вядомыя ягоныя аповесьці – “Ні госьць, ні гаспадар” і “Нядоля Заблоцкіх”. Застаўся пасьля Калюгі і недапісаны раман “Пустадомкі”. Арыштавалі пісьменьніка ў 1933-м, калі яму было ўсяго 24 гады, і больш на свабоду ён ня выйшаў.

У 1941 годзе была створаная Беларуская народная самапомач – дабрачынная арганізацыя ў акупаванай немцамі Беларусі. БНС зьбірала ахвяраваньні, матэрыяльна дапамагала людзям, плянавала стварыць аўтаномны беларускі ўрад з сваім незалежным ад немцаў войскам.

МІНУС 365:


Год таму на сайце “Свабоды”: “Васіль Сёмуха роднай мовай назваў заходнепалескі дыялект”.

ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ:


Жанчыны ніколі не бываюць такія моцныя, як калі яны ўзбройваюцца слабасьцю”, – Іван Бунін.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG