Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці магчыма ўсіх сірот уладкаваць у сем’і?


Аляксандар Лукашэнка даручыў да 2015 году паэтапна скараціць колькасьць дзіцячых дамоў і школ-інтэрнатаў ня менш чым на 50% і ў прыярытэтным парадку ўладкаваць дзяцей без бацькоў на выхаваньне ў сем’і (на ўсынаўленьне, у апякунскія і прыёмныя сем’і, дамы сямейнага тыпу). Ці выканальная задача, пастаўленая кіраўніком дзяржавы?

Паводле інфармацыі Галоўнага інфармацыйна-аналітычнага ўпраўленьня Міністэрства адукацыі, на 1 студзеня 2010 году

  • на выхаваньні ў апякунскіх сем’ях знаходзілася 10231 дзіця,
  • у прыёмных сем’ях — 6630 дзяцей,
  • у дзіцячых дамах сямейнага тыпу — 851 дзіця,
  • 373 дзіцяці жывуць у дзіцячых вёсках.

Гэта найбольш прымальныя ўмовы для іх выхаваньня, набліжаныя да звычайнай сям’і. Але ў краіне 34 дзіцячыя дамы, дзе знаходзяцца 2267 дзяцей, і 21 інтэрнат з 3830 дзеткамі.

Галоўны спэцыяліст Мінадукацыі падсумоўвае:

«18 тысяч плюс 6 тысяч інтэрнатаўскіх і дзетдомаўскіх — гэта 24 тысячы. Гэта сёньня наш сіроцкі колькасны партрэт».

Сёньня ставіцца задача кудысьці ўладкаваць крыху больш за 6 тысяч дзетак. Але бальшыня зь іх ня мае шанцаў трапіць у паўнавартасную сям’ю, кажа прадстазніца Мінадукацыі:

«Я не пабаюся сказаць: для ўсынаўленьня дзяцей няма. Чарга — 142 сям’і на ўсынаўленьне дзіцяці. Дзяцей няма — ад іх не адмаўляюцца, іх забіраюць з радзільняў. Узьнікае парадаксальная сытуацыя: 6 тысяч дзяцей у інтэрнатах, але ад 7 да 17 гадоў — 90%. І калі 7-гадовага гіпатэтычна можна яшчэ неяк адаптаваць да сям’і, то я зь цяжкасьцю ўяўляю, як можна ўзяць у сям’ю 15-гадовую дзяўчыну альбо 17-гадовага пацана».

22-гадовы Юрась — са шматдзетнай сям’і, бацькоў пазбавілі бацькоўскіх правоў, і ўсе пяцёра дзяцей апынуліся ў Івянецкай школе-інтэрнаце. Лёс хлопца склаўся даволі ўдала: цяпер ён пяцікурсьнік Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту інфарматыкі і радыёэлектронікі, ужо ўладкаваўся на працу праграмістам. Юрась перакананы: дзеці павінны выхоўвацца ў сем’ях, а не ў казённых установах:

«У цэлым гэта правільны кірунак. І магчымы. Самае асноўнае — гэта пачынаць з самага малога ўзросту. Дзяцей браць на кантроль і ўладкоўваць у сем’і зь дзіцячага ўзросту, з маленства. На мой погляд, што зьяўляецца праблемай, гэта калі дзеці да 15-17 гадовага ўзросту ў інтэрнатах гадуюцца, у іх шмат комплексаў, і ім цяжка адаптавацца.»

6416 беларускіх дзетак жывуць у сем’ях прыёмных бацькоў. Толькі за 2009 год усынавілі 582 дзіцяці, кажа супрацоўніца Мінадукацыі:

«Мы ўладкавалі іх у самую лепшую, самую спрыяльную, самую эканамічную для краіны форму. Але гэта не панацэя. 15-гадовага падлетка ва ўсынаўленьне ніяк ня ўцягнеш: ні сям’ю не ўгаворыш, ні ён сам ня пойдзе.
15-гадовага падлетка ва ўсынаўленьне ніяк ня ўцягнеш: ні сям’ю не ўгаворыш, ні ён сам ня пойдзе.
Ва ўсім сьвеце не ўсынаўляюць старэйшых дзяцей. Таму і распрацоўваюцца вось гэтыя самыя розныя форм».

Усе гэтыя формы маюць свае плюсы і мінусы. Адзін з варыянтаў — дзіцячы дом сямейнага тыпу. Ня кожнаму дзіцяці падыходзіць, так бы мовіць, мурашнік. Але бываюць сытуацыі, калі дзяцей немагчыма ўладкаваць інакш:

«Калі пяць дзетак, адно аднаго менш, засталіся без бацькоў (іх пазбавілі бацькоўскіх правоў), хто ў двух-трохпакаёвую кватэру возьме гэтую пяцёрку? А вось дом сямейнага тыпу, які і заснаваны на тым, што возьме ўвесь «куст», вось гэтая форма для шматдзетных вельмі падыходзіць. А для дзіцяці, якое ўсё жыцьцё жыў адзін у сям’і ці ўдваіх з братам ці сястрой — гэта форма псыхалягічна вельмі цяжкая».

Самы распаўсюджаны варыянт — апякунскія сем’і. У іх выхоўваецца больш за 10 тысяч дзяцей. Але калі б сям’і давалі ня 360 тысяч на ўтрыманьне дзіцяці, а хаця б удвая больш, то, на думку спэцыяліста, можна было б лёгка закрыць бальшыню дзіцячых дамоў і інтэрнатаў.

«Ды вось, калі сёньня хаця б у 2 разы павысіць грашовую дапамогу на ўтрыманьне дзіцяці ў апякунскай сям’і, у нас будзе чарга з сваякоў і родных дзяцей, што знаходзяцца ў інтэрнатах. Таму што сёньня галоўны матыў, па якім, да прыкладу, старэйшая сястра, якая толькі што сама стала на ногі, ня можа забраць свайго браціка з інтэрнату, заключаецца акурат у гэтай празаічнай матэрыяльнай складанасьці…».

Выхаванцам дзіцячых дамоў часьцяком неабходныя заняткі з псыхолягам, лячэньне ў лягапэда, шмат вітамінаў, адмысловае харчаваньне — а на цяперашнія 360 тысяч дапамогі не разгонісься.

Гэтыя дзеці акрамя дзяржавы нікому не патрэбныя. Бо нават бацькі ім здрадзілі і паздавалі ў інтэрнат.
Калі яшчэ ў здаровых дзетак ёсьць шанцы трапіць у сям’ю ці дзіцячы дом сямейнага тыпу, у дзіцячую вёску, то хворым дзецям ці дзецям з так званымі асаблівасьцямі псыхічнага разьвіцьця разьлічваць на гэта не даводзіцца, перакананы Мікалай Куксо, які больш за 40 гадоў працаваў у Івянецкім дзіцячым доме. Там былі і звычайныя дзеці са шматдзетных сем’яў, бацькі якіх пазбаўленыя бацькоўскіх правоў, і дзеці з асаблівасьцямі псыхічнага разьвіцьця. На думку пэдагога са шматгадовым стажам, закрыць ці істотна скараціць колькасьць дзіцячых дамоў нерэальна:

«Гэта ня выйсьце са становішча. Гэтыя дзеці акрамя дзяржавы нікому не патрэбныя. Бо нават бацькі ім здрадзілі і паздавалі ў інтэрнат. Бацькі ў іх — звычайна алькаголікі, таму і дзеці ў дзетдоме такія хворыя і бездапаможныя. Ніхто ня возьме, па-першае, гэтых дзяцей у сям’ю, бо вельмі складана іх даглядаць і выхоўваць».

Надзвычай складана дзетдомаўскім дзецям і адаптавацца ў грамадзтве. Былы выхаванец Івянецкага інтэрнату Юрась кажа:

«Я ведаю вельмі шмат прыкладаў з маімі аднаклясьнікамі па школе-інтэрнаце, якія так і не ўладкаваліся ў жыцьці».

Ніхто не аспрэчвае, што паўнавартасная сям’я — гэта ідэальная форма для выхаваньня дзіцяці. Але калі дзіця апынулася ў складаным становішчы, бацькі-п’яніцы зьбілі, выгналі з хаты, у новую сям’ю яго ў тэрміновым парадку не ўладкуеш. Гэта доўгі, складаны і нават надзвычай далікатны працэс… А вось дзяржаўная ўстанова (хоць і, як кажуць, казённы дом) іх прыме ў цяжкую хвіліну ў любы момант. Не пазбавіліся такіх сіроцкіх установаў і даволі заможныя краіны Эўразьвязу, хаця Эўразьвяз і дэкляраваў гэта. Таму і ў Беларусі, напэўна, ня хутка зьнікнуць дзіцячыя дамы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG