Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністар Галаванаў лічыць барацьбу за адмену сьмяротнай кары «моднай»


Віктар Галаванаў
Віктар Галаванаў
У 1997 годзе ў Беларусі 46 чалавек было пакарана сьмерцю, а летась толькі двух злачынцаў пазбавілі жыцьця паводле рашэньня судоў. Пра гэта паведаміў міністар юстыцыі Віктар Галаванаў у справаздачы адносна праблемы захаваньня ці адмены сьмяротнага пакараньня ў Беларусі. Віктар Галаванаў зазначыў, што сьмяротная кара разглядаецца ў Канстытуцыі краіны як часовая мера, але ў хуткім часе міністар не чакае яе адмены, паколькі «гэта залежыць ад грамадзкай думкі». Віктар Галаванаў нагадаў, што ў 1996 годзе 80,4% удзельнікаў рэфэрэндуму выказаліся за захаваньне сьмяротнага пакараньня. На думку спадара міністра юстыцыі, калі грамадзкая думка будзе за адмену сьмяротнага пакараньня, тады і варта ад яго адмаўляцца.

Міністар выказаўся адносна ўдзельнікаў кампаніі за адмену сьмяротнага пакараньня, а таксама адказаў ім на крытыку пазыцыі кіраўніцтва Беларусі:

«Склалася ўражаньне, што цяпер зрабілася проста модным быць праціўнікам сьмяротнага пакараньня, такім прасунутым юрыстам ці палітыкам, які ўжывае міжнародныя тэрміны правоў чалавека, а насамрэч аднабакова трактуе правы чалавека выключна на карысьць злачынцы. Хто за адмену сьмяротнай кары — той дэмакрат, хто супроць — той рэтраград».

Удзельнік грамадзкай кампаніі «За адмену сьмяротнага пакараньня» праваабаронца Валянцін Стэфановіч нагадаў, што калі ў 1996-ым годзе на рэфэрэндум ставілася пытаньне аб сьмяротных прысудах, у Крымінальным кодэксе не было іншай альтэрнатывы гэтаму пакараньню, апроч 15 гадоў зьняволеньня:

Валянцін Стэфановіч
«Цяпер ёсьць зьняволеньне і на большы тэрмін, у тым ліку і пажыцьцёвае. І значна больш людзей выказаліся б за адмену сьмяротнага пакараньня, калі б іх спыталі».

На думку праваабаронцы, з 1996 году беларускі ўрад не прымае эфэктыўных захадаў, каб грамадзкая думка адносна сьмяротнага пакараньня зьмянялася ў бок яго адмовы. Пры гэтым праваабаронца кажа, што ў краінах Эўропы, дзе сьмяротныя прысуды цалкам адмененыя, грамадзкая думка таксама не паўсюль была супраць гэтай меры, але ўрады прынялі «адпаведнае палітычнае рашэньне», якое адпавядала цывілізаванаму выбару народаў Эўропы. Валянцін Стэфановіч нагадаў, што адной з умоваў для ўступленьня ў Раду Эўропы ёсьць адмова ад сьмяротнага пакараньня, і з гэтым абавязкова прыйдзецца лічыцца і Беларусі.

Паводле праваабаронцы, барацьба за адмену сьмяротнай кары ў сьвеце ня ёсьць «моднай кампаніяй», паколькі цягнецца ўжо некалькі дзесяцігодзьдзяў і паступова дае вынік: усё больш краінаў адмаўляюцца ад сьмяротнага пакараньня. Колькасьць штатаў у ЗША, якія забаранілі на сваёй тэрыторыі гэты від пакараньня таксама расьце.

Стэфановіч: «Сьмяротная кара — гэта сярэднявечча. Калі мы хочам жыць у сярэднявеччы, хай спадар Галаванаў там жыве, але безь мяне».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG