Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Літвы: пасьля выбараў Беларусь зьменіцца


Прэзыдэнт Літвы Даля Грыбаўскайце, якая сёньня знаходзілася ў Менску з рабочым візытам, выказала Аляксандру Лукашэнку спадзяваньне, што пасьля прэзыдэнцкіх выбараў Беларусь стане больш адкрытай краінай і будзе абараняць правы чалавека. "Эўропа гатовая прызнаць адкрытасьць выбараў, калі вы зможаце гэта прадэманстраваць",— сказала прэзыдэнт Літвы. Аляксандар Лукашэнка падчас перамоваў акцэнтаваў увагу на энэргетычнай бясьпецы і на ўмацаваньні незалежнасьці.

Прэзыдэнт Літвы прыехала ў сталіцу Беларусі на аўтамабілі. Хаця, як стала вядома "Свабодзе", беларускі бок быў гатовы прымаць у Менску і прэзыдэнцкі самалёт. Аднак у Літве спыніліся на больш эканамічным варыянце.

Візыт пачаўся ў адміністрацыі беларускага прэзыдэнта, дзе адбыліся перамовы двух бакоў: у вузкім і ў пашыраным коле. Затым гасьцей запрасілі на абед, які цягнуўся паўтары гадзіны. Ну, а, так бы мовіць, на дэсэрт літоўскай дэлегацыі прапанавалі экскурсію па Нацыянальнай бібліятэцы.

Картэж для пераезду з будынка адміністрацыі ў бібліятэку складаўся з 16 аўтамабіляў, уключна з машынай "Хуткай дапамогі". Прычым перад тым, як праехала машына з нацыянальным літоўскім сьцяжком, прайшлі чатыры міліцэйскія аўто.

Аляксандар Лукашэнка акцэнтаваў увагу на эканамічных праблемах супрацоўніцтва:

"Асабліва ў сфэры энэргетыкі. Тут мы з вамі ў роўных, неспрыяльных умовах знаходзімся. Таму нам трэба думаць, як забясьпечваць свае краіны і ў гэтым пляне. Для нас гэта пытаньне накшталт існаваньня сувэрэнітэту і незалежнасьці нашай дзяржавы. І мы вельмі многае можам рашыць, калі дамовімся з балтыйскімі краінамі".

Даля Грыбаўскайце нагадала, што Літва ў наступным годзе будзе старшыняваць у АБСЭ. І таму яе краіна "гатовая дапамагчы Беларусі быць больш адкрытай і прызнанай у Эўропе". Прэзыдэнт Літвы не абмінула і двухбаковыя дачыненьні:

"Літва зацікаўленая ў эканамічных дачыненьнях, у нашых агульных энэргетычных праектах. У тым ліку — каб старацца выкарыстаць палітыку Эўразьвязу адносна Беларусі як мага больш інтэнсіўна і адкрыта".

Эканамісты прызнаюць: у Беларусі і Літвы сапраўды ёсьць узаемныя інтарэсы ў энэргетыцы. Беларусь шукае варыянт найтаньнейшай дастаўкі вэнэсуэльскай нафты. І выкарыстаньне літоўскага порту Клайпеда — адна з такіх магчымасьцяў. Для Літвы гэта таксама добры прыбытак. Як і немалыя грошы за разгрузку чыгуначных вагонаў з Салігорску зь беларускімі калійнымі ўгнаеньнямі і пагрузку іх у сухагрузы, якія затым плывуць у Індыю, Бразылію, Кітай ды іншыя краіны. Да таго ж Літва зацікаўленая ў транзыце празь Беларусь украінскай электрычнасьці.

Прагматычныя меркаваньні і вымусілі прэзыдэнта Літвы накіравацца ў Менск якраз цяпер, а не адкладаць свой візыт на пасьлявыбарчы пэрыяд — лічыць літоўскі палітоляг Арунас Моліс. Сёньня ў размове са "Свабодай" ён адзначыў:

"Я думаю, што праз тры месяцы было б ужо позна рабіць такі візыт. Бо калі глядзець з боку Літвы, то трэба ўлічваць — калі нейкія кантракты ды пагадненьні заключаюцца, то гэта робіцца менавіта цяпер. І таму гэты візыт ужо пазьней ня меў бы такога сэнсу, калі б ён адбыўся ў студзені, лютым альбо ў сакавіку".

Кіраўнік аналітычнага цэнтру "Стратэгія" Леанід Заіка лічыць, што праект з вэнэсуэльскай нафтай ня мае вялікай пэрспэктывы. А вось перавозка беларускіх калійных угнаеньняў можа даваць Літве вялікія прыбыткі:

"Таму што разьвязаўся гэты калійны вузел. Летась беларускія чыноўнікі ўзьвінцілі ў два разы цэны на калій. І яго немагчыма было прадаць. Але сёлета, калі цэны ўдвая зьменшыліся, гандаль зноў пайшоў. І тут пэрспэктыва неблагая".

Сёньня ж міністар замежных спраў Літвы Аўдронюс Ажубаліс падпісаў са сваім беларускім калегам Сяргеем Мартынавым пагадненьне аб памежным руху. На падставе яго для жыхароў 50-кілямэтровай памежнай зоны ў абедзьвюх дзяржавах будуць створаныя ўмовы, каб прасьцей перасякаць мяжу. Як стала вядома "Свабодзе", дакумэнт падпісаны ў так званым літоўскім варыянце, то бок — жыхарам абедзьвюх краін ня трэба будзе абавязкова рэгістравацца пасьля перасячэньня мяжы, на чым спачатку настойваў беларускі бок.

Перад ад'ездам у Вільню міністар замежных спраў Літвы сустрэўся з прадстаўнікамі беларускай грамадзянскай супольнасьці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG