Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сірот зь дзіцячых дамоў перададуць у сем'і


Аляксандр Лукашэнка даручыў да 2015 года паэтапна скараціць сетку дзіцячых дамоў і школ-інтэрнатаў для дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, ня менш чым на 50% і ў прыярытэтным парадку забясьпечыць уладкаваньне такіх дзяцей на выхаваньне ў сем'і (на ўсынаўленьне , у апякунскія і прыёмныя сем'і, дамы сямейнага тыпу).

Па дадзеных Белстату, на пачатак 2009-2010 навучальнага года ў Беларусі дзейнічала 34 дзіцячых дома (2343 дзяцей) і 21 школа-інтэрнат для дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў (больш за 2080 дзяцей).

У 2009 годзе было 4114 дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, у 2008м – 4123, у 2007м – 4685. У дамы дзіцяці, дзіцячыя дамы, школы-інтэрнаты, дзіцячыя дамы сямейнага тыпу, дзіцячыя вёскі ўладкавана ў 2009 годзе 1059 дзяцей, яшчэ 2654 дзіцяці ўсыноўленыя альбо ўладкаваныя ў апякунскія і прыёмныя сем'і.

Праграму пераводу дзяцей-сірот зь інтэрнатаў на выхаваньне ў сем'і мы папрасілі пракамэнтаваць дырэктара прыватнай сацыяльна-пэдагагічнай установы SOS “Дзіцячая вёска” у Бараўлянах Валера Міхалевіча.

Міхалевіч: Усе ўстановы інтэрнатнага тыпу спараджаюць адносіны, нехарактэрныя для сям'і. Дэвіз нашай грамадзкай установы SOS “Дзіцячая вёска” : "Кожнаму дзіцяці – сям'ю". Хоць у нас сям'я і сурагатная, але ёсьці маці-выхавацельніцы, няма той чарады выхавальнікаў, якія мяняюцца на працягу сутак. Дзіця мае стасункі толькі з адным чалавекам.
У канцы 2007 года прэзыдэнт, пабываўшы ў нас на сьвяткаваньні Новага году, склаў пратакол даручэньняў, каб інтэрнатную сыстэму паступова закрыць і каб дзеці-сіроты выхоўваліся ва ўмовах, набліжаных да сямейных.

Дракахруст: А ці ёсьць такі міжнародны досьвед, так робяць у іншых краінах ці гэта беларускае know-how?

Міхалевіч: Не, гэта не беларускае know-how. Мы належым да асацыяцыі SOS Kinderdorf International - міжнароднага грамадзкага руху, які заснаваў у 1949 годзе Герман Гмайнэр. Зараз у гэтым руху ўдзельнічае 131 дзяржава і такіх вёсак, як наша, больш за 500. 3 зь іх – у Беларусі. Дзяржаўныя дзіцячыя вёскі таксама будуюцца.

Дракахруст: А якіх грошай будзе каштаваць гэты пераход ад інтэрнатаў? І адкуль браць кадры?

Міхалевіч: Мы існуем на грошы добрых людзей. Гэтыя праекты каштуюць паўтара мільёна эўра. Што тычыцца дзяржаўных дзіцячых вёсак, то я дакладна ня ведаю, які кошт гэтых вёсак.
Што тычыцца падрыхтоўкі, то ў нас наладжаная сыстэма навучаньня, якая мае працягласьць паўтара гады. І толькі пасьля гэтай падрыхтоўкі навучэнкі атрымліваюць статус маці-выхавацельніцы.

Дзяржаўная падрыхтоўка ў гэтай сфэры складае 32 гадзіны. Бягучая падтрыхтоўка ідзе толькі праз 5 гадоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG