Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Багданкевіч: "Гэта бюджэт куплі галасоў выбарцаў"


Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка падпісаў закон аб беларускім бюджэце на 2011 год. У ім прадугледжаны значны рост сацыяльных выдаткаў. Але ці можна яго назваць рэальным?

Паводле міністэрства фінансаў, выдаткі на адукацыю, ахову здароўя і сацыяльную палітыку вырастуць на 40%. Улады абяцаюць рост заробкаў, у бюджэтнай сфэры на 35% параўнальна з гэтым годам. Таксама павялічацца сацыяльныя выплаты. А субсыдыі дазволяць пазьбегнуць істотнага росту тарыфаў на паслугі жыльлёва-камунальнай гаспадаркі і транспарту. Павялічыцца падтрымка жыльлёвага будаўніцтва і адраснай сацыяльнай дапамогі. Камэнтуючы такі аптымістычны прагноз, былы старшыня Нацбанку Беларусі Станіслаў Багданкевіч адзначыў, што гэты "бюджэт грунтуецца на тым, што А.Лукашэнка хоча далей уладарыць". Ён кажа пра несур'ёзнасьць падыходаў пры яго зацьвярджэньні:
Бюджэт такі застойны. І рэформы там не прадугледжваюцца ...

Станіслаў Багданкевіч
"Гэта бюджэт куплі галасоў выбарцаў. Бюджэт такі застойны. І рэформы там не прадугледжваюцца. Усялякія рэформы прадугледжваюць часовую стабілізацыю і нават памяншэньне росту ВУП. А тут прадугледжаны рост на 10% і рост сацыяльных выплат на 35%, а то і больш. Выдаткі трэба наогул скарачаць. Можна было б павышаць заробкі за кошт скарачэньня колькасьці бюракратаў, чыноўнікаў, за кошт скарачэньня сілавых структураў. Тут можна камэнтаваць, як і ў мінулым годзе. У мінулым годзе толькі не было такога прыросту заробкаў. Усё гэта здаецца несур'ёзным. Я думаю, што на паперы заўсёды ўсё можна выканаць".

Для заплянаванага росту выдаткаў трэба забясьпечваць рост валавога прадукту. А ён сёлета параўнальна з папярэднім крызісным годам склаў менш за 7%. Ня выключана, што ўлады зноў будуць шукаць новыя крэдыты альбо пачнуць распродаж дзяржмаёмасьці. У бюджэце закладзена каля 2 мільярдаў зьнешніх пазыкаў. Але, паводле спадара Багданкевіча, краіне патрабуецца як мінімум 7 мільярдаў.

Бюджэт хоць і падпісаны, але дагэтуль невядома, якой будзе цана на газ для Беларусі ў наступным годзе. Старшыня камісіі па бюджэце Палаты прадстаўнікоў Аляксандар Антоненка адзначыў, што "нельга занадта пэсымістычна глядзець на жыцьцё":

"Па цане на газ вядуцца яшчэ перамовы. Розная цана пакуль, але перамовы яшчэ не завершаныя. Калі спасылацца на расейскія крыніцы, то каля 220 даляраў. Цана прыкладная была, адпаведна з дамовай. Гэта трэба зь міністрам фінансаў размаўляць. Газ то газам, але ёсьць яшчэ і іншыя парамэтры".

Загадчык катэдры Інстытуту бізнэсу і мэнэджмэнту БДУ Георгі Грыц адзначае, што прыняты бюджэт — гэта ў тым ліку і фактар перадвыбарчай агітацыі.

"Дзевяць месяцаў гэтага году сьведчаць, што нашы традыцыйныя рынкі, якія расьлі, сёньня адчуваюць праблемы. У тым ліку з Эўразьвязам. У нас падзеньне экспарту параўнальнае зь мінулым годам. Але гэта аб'ектыўныя прычыны".

Паводле спадара Грыца, апроч сацыяльных выдаткаў, прадугледжаны выдаткі на інавацыйныя праграмы. Прынятыя праграмы добрыя, але ці ёсьць у краіне грошы на іх рэалізацыю?

"Іншая справа — ці ёсьць гэтыя грошы, і калі гэтыя грошы абмежаваныя, то трэба абраць прыярытэты. Пакуль прыярытэтаў больш, чым ёсьць рэсурсаў. На ўсе праграмы грошай не хапае".

Эканаміст Дзьмітрый Крук адзначае, што бюджэт "адносна выканальны і адносна адлюстроўвае рэчаіснасьць, бо закладаецца даволі вялікі дэфіцыт у 6 трыльёнаў рублёў".

Дзьмітры Крук
"То бок, міністэрства фінансаў прызнае, што ў наступным годзе будуць пэўныя цяжкасьці з выкананьнем і гэта, безумоўна, адаб'ецца на сацыяльных выдатках. Выдаткі на адукацыю, на шэраг іншых сацыяльных напрамкаў павялічаныя. Гэта хутчэй прызнаньне доўгатэрміновых выклікаў для беларускай сыстэмы адукацыі найперш, для сыстэмы аховы здароўя. Для таго, каб іх разьвіваць, трэба падвышаць бюджэтныя выдаткі. Але ў той жа час у гэтым выпадку даводзіцца сутыкацца з дэфіцытам. За кошт чаго гэта будзе кампэнсавацца?"

Спадар Крук адзначае, што ўлады маюць спадзеў на зьнешняе фінансаваньне. Акрамя таго, хутчэй за ўсё, будуць падвышаны тарыфы на жыльлёва-камунальныя паслугі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG