Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На інвэстыцыйны форум у Нямеччыну — зь мяса-малочнай «ссабойкай»


У рамках Эўрапейскага фінансавага тыдня 17 лістапада ў нямецкім Франкфурце-на-Майне пройдзе Беларускі інвэстыцыйны форум. У адрозьненьне ад аналягічнага форуму двухгадовай даўніны ў Лёндане, дзе прэзэнтаваўся прамысловы сэктар Беларусі, і які асаблівага плёну ня даў, сёлета акцэнт будзе зроблены на аграрны комплекс.

Калі пазалетась у Лёндане большасьць інвэстыцыйных праектаў, прапанаваных беларускім бокам, ня выклікала асаблівай цікавасьці патэнцыйных інвэстараў, то гэтым разам вырашана дзейнічаць кропкава.

Як расказаў начальнік упраўленьня зьнешнеэканамічнай дзейнасьці Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчаваньня Васіль Пруднікаў, акцэнт зроблены на чатыры найбольш рэальныя напрамкі аграрнай сфэры — сьвінагадоўля, малочная галіна, птушкагадоўля і перапрацоўка сывараткі ў рамках экалягічнай праграмы бясьпекі малаказаводаў. Агульная сума інвэстпраектаў перавышае 180 мільёнаў даляраў:

«Адзін зь іх — будаўніцтва сьвінакомплексу на 24 тысячы галоў на пляцоўцы камбінату хлебапрадуктаў у Полацкім раёне. Папярэдні кошт — 17 мільёнаў эўра. Пастаўлена такая задача, бо экспартныя пастаўкі сьвініны мы плянуем за пяцігодку павялічыць утрая. Наступны праект будзе прэзэнтаваць на форуме Смалявіцкая бройлерная птушкафабрыка, найбуйнейшая ў краіне. Існуе такая праграма: там, дзе вырабляецца прадукцыя птушкагадоўлі, там яна павінна перапрацоўвацца і рэалізоўвацца на ўнутраным рынку, альбо пастаўляцца на экспарт. Кошт — 46 мільёнаў даляраў. У сувязі з павелічэньнем вытворчасьці малака (за пяцігодку на 2 мільёны тон), вядзецца праца па рэканструкцыі і будаўніцтве на Рагачоўскім малочна-кансэрвавым камбінаце прадпрыемства па выпуску сыру, цалкам адпаведнага міжнародным патрабаваньням і стандартам. Кошт — больш за 30 мільёнаў даляраў. Апроч таго, вы ведаеце, што ў нас сываратка часам вылівалася ў каналізацыю. А гэта таксама прадукт, які падлягае перапрацоўцы і мае добры кошт. На Нясьвіскім малочным камбінаце прынятае рашэньне аб перапрацоўцы сывараткі ня толькі з малаказаводу, але і з малочных камбінатаў Менскай вобласьці. Кошт праекту — 81 мільён даляраў».
Мы заявілі пяць нашых прадпрыемстваў, ужо цягам трох гадоў мы адпраўляем на экспэртызу прадукцыю, аднак пытаньне ўсё яшчэ вывучаецца.

Па выніках прэзэнтацыі праектаў беларускі бок спадзяецца на адкрыцьцё крэдытных ліній ад замежных партнэраў, аднак прыярытэтнымі будуць так званыя наўпроставыя інвэстыцыі з утварэньнем сумесных прадпрыемстваў і выкупам акцый мяса-малочных прадпрыемстваў. Калі справа пойдзе шпарка, то, як кажа спадар Пруднікаў, у Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчаваньня ёсьць і запасныя прапановы для зацікаўленых інвэстараў. Паводле чыноўніка, прыход замежнага капіталу важны яшчэ і таму, што можа прысьпешыць выхад беларускай прадукцыі на эўрапейскі рынак. Цяпер жа ўвесь экспарт з аб’ектыўных прычынаў арыентаваны на Расею:

«Каб трапіць у Эўразьвяз, мы павінны атрымаць дазвол, акрэдытацыю на пастаўку гэтай прадукцыі. Мы заявілі пяць нашых прадпрыемстваў, ужо цягам трох гадоў мы адпраўляем на экспэртызу прадукцыю, аднак пытаньне ўсё яшчэ вывучаецца. Хоць наша прадукцыя паступае ў краіны Эўрапейскага зьвязу празь іншыя дзяржавы — і ў тую ж Польшчу, і ў краіны Балтыі, нават у Ізраіль. Але пакуль што афіцыйнага дазволу ў нас няма. Прыяжджаюць экспэрты, вывучаюць нашу прадукцыю, таму мы працуем вось на такім узроўні. Спачатку акрэдытаваць пяць прадпрыемстваў: малочнае, мясное, некалькі перапрацоўчых заводаў, каб яны выйшлі на эўрапейскі рынак. А як толькі легалізацыя гэтых прадпрыемстваў адбудзецца, так адразу ж пачнём працаваць над наступнай партыяй».

Уладзімер Кудзінаў
Прадпрымальнік Уладзімер Кудзінаў калісьці меў у Івацэвічах пасьпяховае мясаперапрацоўчае прадпрыемства. Аднак быў абвінавачаны ў эканамічных злачынствах, асуджаны і пасьля адбываньня пакараньня зьехаў ва Ўкраіну, дзе заняўся вырошчваньнем кураў. На яго думку, у эканоміцы Беларусі нічога істотна не зьмянілася, таму спробы прывабіць інвэстараў у калгасны лад наўрад ці будуць выніковыя. Нават на ягоным прыкладзе можна пераканацца, як у Беларусі ставяцца да прыватнай ініцыятывы:

«Мяркуйце самі: на той момант я забясьпечваў працай 350 чалавек. Мы плацілі штомесяц 10 тысяч даляраў падатковых і непадатковых плацяжоў. А ўлады проста ўзялі і зачынілі прадпрыемства. Добра, мяне ў турму пасадзілі. Але хто пацярпеў ад усяго гэтага? Тыя людзі, якія ў мяне працавалі, грамадзтва пацярпела. Але для ўлады абсалютна ня важнае стаўленьне з боку грамадзтва. Ім патрэбна, каб усталявалася жорсткая ўлада, каб людзі, тыя ж прадпрымальнікі, гэтай улады проста баяліся. Ня лезьлі нікуды раней бацькі. Але вынік такой палітыкі ўсе мы бачым: чамусьці не ўкраінцы едуць у Беларусь купляць тавар, а, наадварот, беларусы едуць па пакупкі ва Ўкраіну».

Георгій Бадзей
Ці ёсьць сэнс пускаць «пыл у вочы», арганізуючы дарагія прэзэнтацыі за межамі Беларусі? Былы міністар эканомікі Беларусі, старшыня Саюзу прадпрымальнікаў і наймальнікаў Георгій Бадзей лічыць, што нават пры адсутнасьці хуткіх вынікаў трэба спадзявацца на цуд:

«Інвэстыцыйная дзейнасьць — гэта менавіта працэс. Ён мае сваю адметнасьць і сваю працягласьць. І ацэньваць, што сёньня, маўляў, нічога няма, а заўтра будзе ўсё — не зусім правільна. Але зусім ня выключана і тое, што назаўтра сапраўды нешта зьявіцца. Вынікі і плён інвэстыцыйнага форуму могуць праявіцца і праз 3, і праз 5 гадоў. Бо хтосьці нешта ўбачыў, а праз некалькі гадоў у яго высьпела сытуацыя, эканамічная, палітычныя ці нейкая іншая, і ён успомніў, прыняў рашэньне і паехаў. Таму нельга так ацэньваць, што той ці іншы форум атрымаўся альбо праваліўся. Гэта пакажа толькі час. Бо гэта доўгатэрміновая акцыя».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG